прыгне́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыгнесці.
2. у знач. прым. Які церпіць прыгнёт, уціск, эксплуатуецца. Расцвіўшай грэчкай пахне родны край, у час майго маленства і юнацтва — прыгнечанае, бунтарнае Наднямонне. Брыль. / у знач. наз. прыгне́чаны, ‑ага, м. Змагацца за волю вядзі [песня] ўсіх бяздольных, Мільёны прыгнечаных і беспрацоўных, Мільёны рабочых, сялян, паднявольных. Танк. // Які церпіць прыніжэнні, здзекі; пакрыўджаны, няшчасны. [Паўлу Паўлавічу] да слёз стала шкада сябе, бездапаможнага, прыгнечанага, і жыццё ўласнае здалося яшчэ больш недарэчным і немагчымым. Шамякін.
3. перан.; у знач. прым. Цяжкі, змрочны (пра стан, настрой). Нелады і непрыемнасці не аднойчы выклікалі ў Паходні прыгнечаны настрой, нездаволенасць. Хадкевіч.
4. перан.; у знач. прым. Якога штосьці гняце; моцна засмучаны, занепакоены чым‑н. [Андрэй] пайшоў дадому прыгнечаны. «Чаму Каця нічога не сказала.., што сёння раніцай пойдзе дадому? Што пра яе ведае Стэфа, чаму не дагаворвае?..» Чарнышэвіч. Кожны раз [Віця] прыходзіла з бальніцы прыгнечаная, са слязьмі... Новікаў. // Які выяўляе цяжкі, змрочны стан, настрой. Усе мелі прыгнечаны выгляд, былі пахмурымі, злёгку ўздрыгвалі ад перадранішняга халадку. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стры́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стрымаць.
2. у знач. прым. Які ўмее валодаць сабой, не выяўляць свае пачуцці. Спакойная і стрыманая ў звычайныя часы,.. [Кацярына] нават не намагалася захаваць свайго хвалявання. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. — Добры вечар у хату, — са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак. Быкаў. // Спакойны, скупы (у рухах, мове). Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. Гэта быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.
3. у знач. прым. Які не праяўляецца, не выяўляецца ў поўнай меры, у поўнай сіле. Па ціхіх, стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лугановіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей. Мележ. [Віктар] сядзеў, як на іголках, прыслухоўваючыся да стрыманай гамонкі. Асіпенка. Дзесь ціха праплыве лодка, плясне вясло, пачуецца стрыманы смех. Васілевіч. // Спакойны, тактычны, не рэзкі (пра рухі, мову). Калі мы праходзім тут са сваім акрываўленым цяжарам, з адных насілак нас аклікае ціхі, дзіўна стрыманы голас: — Калегі, запалка ёсць? Брыль.
4. у знач. прым. Пазбаўлены сардэчнасці, гасціннасці. Стрыманая сустрэча. Стрыманы прыём.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інтэрні́раваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад інтэрніраваць.
2. у знач. прым. Затрыманы, спынены; пазбаўлены волі. Спроба дабіцца праз Савет рабочых дэпутатаў абмену на інтэрніраваных немцаў таксама нічога не дала. Гурскі. // у знач. наз. інтэрні́раваны, ‑ага, м.; інтэрні́раваная, ‑ай, ж. Лагер для інтэрніраваных.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заду́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад задумаць.
2. у знач. прым. Агорнуты думкамі; задуменны, заклапочаны. Стомлены і крыху задуманы, Паддубны прывітаўся са Сцяпанам і моўчкі цяжка сеў на пень. Пестрак. Я запяю пра жыццё маладое, Больш я не буду задуманым, сумным! Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зама́слены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад замасліць.
2. у знач. прым. Запэцканы маслам, чым‑н. тлустым; зашмальцаваны. Васіль стаяў каля стала — як прыйшоў з працы, у замасленай спяцоўцы, у шапцы. Шуцько. Часткі разабранага кулямёта ляжалі на стале, сярод шматкоў замасленай кудзелі. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зано́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад занасіць.
2. у знач. прым. Забруджаны, зацяганы. Сяргей, нацягваючы на патыліцу старую, заношаную на рабоце кепку, неяк зухавата і трохі прыгнуўшыся ішоў да.. дзвярэй пульмана. Адамчык. Адзенне на ўсіх было .. абшарпанае, заношанае, лахман на лахмане. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здзіўля́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер ад здзіўляць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які выклікае здзіўленне; нечаканы, незвычайны. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.
3. Дзеепрысл. незак. ад здзіўляць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знява́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зняважыць.
2. у знач. прым. Пакрыўджаны, абражаны, прыніжаны. У верш [Ю. Таўбіна] увайшла тэма зняважанай, скатаванай Заходняй Беларусі. Бярозкін. / у знач. наз. знява́жаны, ‑ага, м.; знява́жаная, ‑ай, ж. [Янка Купала] умеў быць пяшчотным, калі пісаў пра зняважаных і пакрыўджаных. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завярша́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад завяршаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які з’яўляецца заканчэннем, завяршэннем чаго‑н. Завяршаючы год пяцігодкі. Завяршаючая чвэрць навучальнага года.
3. Дзеепрысл. незак. ад завяршаць. Кравец прыпыніўся ў сваім двары за шулам, завяршаючы ход сваіх думак. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паку́рчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакурчыць.
2. у знач. прым. Пагнуты, пакрыўлены, скурчаны. Усюды валяліся абгарэлыя, пакурчаныя рэбры вагонаў, перакуленыя, знявечаныя паравозы, .. узарваныя рэйкі... Шчарбатаў. У рэчку ўпалі пакурчаныя лісці, вецер пагнаў іх да чаротаў, што раслі навокал топкіх берагоў. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)