спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.
2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.
3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.
4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стра́ва, ‑ы, ж.
1. Пэўным чынам прыгатаваныя для яды прадукты харчавання. Малочная страва. □ Танька кіслай стравы не ела, ні буракоў, ні капусты, і маці адразу паставіла перад ёй кашу на неглыбокай талерцы і кубак з цёплым малаком. Ермаловіч. Са стала паляцела, перакуліўшыся, міска з варывам, лінула гарачай стравай бацьку на грудзі. Галавач. Манька падрыхтуе чыгункі, загадае Міхалку зварыць ці даварыць страву, выгнаць карову, а сама — за касу і ў поле: касі каса, пакуль раса! Лось. // Яда. За год вайсковага жыцця .. [Віктар] не зведаў стравы болей смачнай, чым звычайны, аржаны, спецыяльна высушаны хлеб. Навуменка.
2. Адзін з відаў яды, які падаецца на абед, снеданне або вячэру. — Смачна! — прыняўшыся есці першую страву, сказаў .. [Змітрок]. Ваданосаў. Але ж куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Да яе прыбаўлялася яшчэ адзінаццаць страў або хоць бы хто колькі мог назбіраць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ткаць, тку, тчэш, тчэ; тчом, тчаце, ткуць; пр. ткаў, ткала; незак., што і без дап.
Вырабляць тканіну шляхам перакрыжаванага перапляцення ніцей асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Ткаць палатно. Ткаць кужаль. Ткаць ручнікі. □ Тут [у хаце Нявады] стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Чорны. Зімой работы няшмат .. Толькі жанчыны працуюць; да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. Брыль. // Займацца ткацтвам, быць ткачом, ткачыхай. Усё ўмее жанчына Рукамі рабіць: Ткаць на кроснах тканіну І трактар вадзіць, І ўзводзіць палацы І пакой прыбіраць. А. Астапенка. // Упрыгожваць тканіну тканымі ўзорамі, рысункамі. Ткаць кветкі на ручніках. // Плесці, віць. Павук тчэ павуцінне. // перан. Ствараць што‑н. Дзяжа не спіць, не можа спаць, Хоць сон і хіліць прыдрамаць, А думкі ткуць сваю тканіну. Колас. Залатой непарушнаю пражаю Тчэ гісторыю моладзь сваю. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укруці́ць, укручу, укруціш, укруціць; зак., каго-што.
1. Круцячы што‑н., уставіць, уціснуць у сярэдзіну чаго‑н. Укруціць лямпачку ў патрон. □ [Ванька] шпурнуў пад ногі недакурак, укруціў яго абцасам у пясок. Місько.
2. Захутаць, завінуць у што‑н. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. [Жанчына:] — Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла і паставіла ў стог. Гурскі. // Абматаць чым‑н. Замест замка .. [Антон] укруціў дротам клямку і рушыў з двара. Чорны.
3. Убавіць, прыкруціць што‑н. Дзядзька Пракоп укруціў кнот лямпы, і ў зале як бы змерклася. Сабаленка.
4. Уматаць у што‑н. Укруціць канец вяроўкі ў кола.
5. Разм. Махлюючы, прысвоіць сабе што‑н. чужое, не аддаць чаго‑н. узятага, пазычанага. У закусачнай сапраўды кралі .. Касіры .. рабілі падробкі ў ведамасцях, калі здавалі грошы, каб укруціць і сабе. «Вожык».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі, забалочаным месцы і пад. Ехалі [эскадроны] па лесе доўгім, вузкім ланцугом, чвякала пад конскімі нагамі гразь. Навуменка. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень. Мележ. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, .. Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.
2. Ісці па чым‑н. мокрым, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Тады ён [Юрка] пачуў, што ў яго недзе збоку нехта чвякае па гразі. Ходзіць... Пташнікаў.
3. Тое, што і чаўкаць (у 1 знач.). Булка тырчыць [у немца] з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе... Гарэцкі.
4. Падаць, утвараючы глухі, мяккі шум. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.
2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эстэты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эстэтыкі (у 1 знач.). Эстэтычныя катэгорыі. □ Творчасць Багушэвіча з’яўляецца самым аб’ектыўным доказам таго, што ён падзяляў эстэтычную тэорыю рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі. Лушчыцкі. М. Гарэцкаму было ўласціва разуменне эстэтычнай прыроды мастацтва, .. апасродкаванай сувязі мастацкай творчасці з сацыяльна-жанамічнай асновай грамадства. Мушынскі.
2. Звязаны з успрыманнем прыгожага ў жыцці і ў мастацтве. Эстэтычны крытэрый. □ Усё гэта звычайныя чалавечыя рысы, але от так жа бывае, што наша ўяўленне само дарысоўвае тое, што патрэбна эстэтычнаму густу. Скрыган.
3. Выкліканы прыгожым у жыцці ці ў мастацтве. Эстэтычная асалода. □ І хоць формы гэтыя не далі пачатку пэўнаму мастацкаму стылю, што пазней склаўся на беларускіх землях, усё ж пазнанне іх узбагаціла наша ўяўленне аб развіцці эстэтычнага пачуцця напярэдадні эпохі, калі на этнічна беларускіх землях узніклі першыя помнікі манументальнага дойлідства. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таямні́ца, ‑ы, ж.
1. Тое, што яшчэ не пазнана, не стала вядомым. Строга вартуючы нетраў сваіх таямніцы, Цягнецца пушча да самай заходняй граніцы. Куляшоў. Цягне пайсці, .. выведаць, угледзець, што ўстае за той дымкай, якая завалакла небасхіл, схавала-спавіла лясы і далёкія-далёкія белыя будынкі трактарных станцый ля шашы .. Дымка — таямніца, невядомы свет з маленства. Пташнікаў. Пісьменнік як бы яшчэ і яшчэ раз разглядае кожнае слова, яго паходжанне, яго будову, імкнецца зазірнуць у таямніцы майстэрства народа, які стварыў гэтае слова. Юрэвіч. // Скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Трэба многа ўсім вучыцца, Трэба многа ведаў мець, — Можна свету таямніцы Толькі з імі зразумець. Кірэенка. [Кастусь:] Пражыла [маці] доўгае жыццё, бачыла столькі і гора, і несправядлівасці, дажыла да новага веку, а ўсё засталася, як сляпая. І гэта ў час, калі .. у неба запушчаны спадарожнікі Зямлі, раскрыта тайнае тайных — таямніца атама. Краўчанка. // Пра тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, сваёй таямнічай прыгажосцю. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ нябачанае, тое для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы. Мележ. І хоць Парфенчык ведаў многія таямніцы ляснога велікана, аднак заўсёды быў сабраны, насцярожаны. Шчарбатаў. Распранутая,.. [Джулія] .. адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Быкаў.
2. Тое, што наўмысна хаваецца ад іншых, трымаецца ў сакрэце. І хоць Болесь павінен быў захоўваць таямніцу дзейнасці сваёй групы, ён па старой памяці часта заходзіў да нас у брыгаду і апавядаў пра ўсё цікавае, што ў іх рабілася. Карпюк. [Толя і Міхась] пакляліся адзін аднаму чэсным піянерскім словам хаваць сваю таямніцу да таго часу, пакуль не знойдуць партызан. Якімовіч. Майка зірнула на гэты дуб. Вось ён стаіць нерухомы, маўклівы, верны друг і таварыш яе маленства, каму давярала яна безліч сваіх дзіцячых таямніц. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
да́цца, дамся, дасіся, дасца; дадзімся, дасцеся, дадуцца; пр. даўся, ‑лася, ‑лося; заг. дайся; зак.
1. Дазволіць зрабіць з сабой што‑н. Дацца абстрыгчы. □ Хвядзько хацеў абняць і пацалаваць Параску, але яна не далася, уцякла ў хлеў. Лобан.
2. Разм. Ударыцца, стукнуцца. Увечары стала вядома: нічога страшнага ў Міхалючка не было, але ён моцна даўся аб цвёрдую зямлю, і па плячы пайшла пухліна. Чорны.
3. Разм. Дастацца. У цяжкай працы даўся хлеб, У бойках нас сустрэла слава. Хведаровіч. // Паддацца засваенню. Літары даліся хлопцу няцяжка. Брыль.
4. Разм. Стаць прадметам асаблівай увагі, інтарэсу. — Даўся вам Сямён. Ён жа такая нуда. А тыя хоць пагаварыць цікава могуць. Шыцік.
•••
Дацца ў знакі — надакучыўшы, даняць, надоўга запомніцца.
Дацца ў памяць — надоўга запомніцца, засесці ў памяці.
Дзіву дацца — моцна здзівіцца чаму‑н.
Не дацца ў крыўду каму — сумець пастаяць за сябе, абараніць сябе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вучы́цца, вучуся, вучышся, вучыцца; незак.
1. Засвойваць, набываць якія‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыцца грамаце. Вучыцца іграць па нотах. Вучыцца майстэрству. □ Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. На дубе са зламанай вершалінай, у вялікім гняздзе, вучыліся лятаць бусляняты. Даніленка. // Быць вучнем, студэнтам навучальнай установы. Вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы. Вучыцца на 3 курсе інстытута. □ На другі дзень у школе былі ўсе дзеці, якія павінны былі вучыцца. Шамякін.
2. за каго, на каго. Разм. Набываць якую‑н. прафесію, спецыяльнасць у працэсе вучобы. Вучыцца за слесара. Вучыцца на агранома. □ [Маці:] — Так я і стала бухгалтарам, хоць пры іншых умовах магла б вучыцца за інжынера ці агранома. Гаўрылкін.
3. безас. Разм. Пра ўмовы вучобы, навучання. [Антось:] — Скажу толькі, што я сваім дзецям не вораг і хацеў бы, каб ім жылося і вучылася, як найлепш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)