ме́сяц, ‑а, м.
1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.
2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.
•••
Поўны месяц — поўня.
Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які не змяняецца, не можа быць зменены; пастаянны. Нязменныя прынцыпы.
2. Заўсёдны, звычайны для каго‑, чаго‑н., заўсёды аднолькавы. Сваю нязменную спадарожніцу плашч-палатку трымаў [Сагура] на плячы. Ракітны. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка. Таго, хто выходзіць з аўдыторыі,.. сустракаюць нязменным пытаннем: — Ну як? Шахавец.
3. Такі, якога не зменьваюць. Андрэй Паўловіч вось ужо колькі год — нязменны дэпутат сельскага Савета. Шыловіч.
4. У граматыцы — часціны мовы, якія не маюць форм скланення і спражэння.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.
2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.
3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паглыбіцца, улезці ў глыб, унутр чаго‑н., куды‑н. Здавалася, што зараз на галаву ўпадзе міна. Хацелася ўціснуцца глыбей у зямлю, каб ніякі асколак не зачапіў. Мележ.
2. З цяжкасцю ўвайсці, пранікнуць у што‑н. цеснае, запоўненае; ушыцца. Нарэшце падышоў аўтобус. Ён быў перапоўнены, аднак мы ўсё ж сяк-так уціснуліся ў заднія дзверцы і пакацілі ў напрамку вакзала. Шыловіч.
3. Разм. Цесна абвязаць сябе чым‑н. Уціснуцца папружкай.
4. перан. Разм. Якім‑н. чынам уладкавацца куды‑н. Сяк-так уціснуўся ў кулінарны тэхнікум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпіль, ‑я, м.
1. Высокая вузкая надбудова ў выглядзе піраміды або конуса, якая завяршае ўвесь комплекс збудавання. Вечарэла. Сонца паволі кацілася за высокія шпілі касцёла. Асіпенка. Вось і прывакзальная плошча, будынак вакзала з бліскучым шпілем, на якім зіхаціць залацістая зорка. Шыловіч. // перан. Спічастая вяршыня чаго‑н. На аблозе — шпілі соснаў, Моцна спіць дзядуля-бор. Лявонны. Міхась зірнуў на дрэва з нізка апушчанымі густа-зялёнымі лапамі, на яго верхавіну, якая вострым шпілем высілася над суседнімі елкамі і ледзь пагойдвалася. Сіўцоў.
2. Спец. Лябёдка з вертыкальным барабанам ці вертыкальны калаўрот на суднах, на які намотваецца канат.
[Ад ням. Spill.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. Моцна, трывала далучыць, прырабіць да чаго‑н. Прымацаваць канькі да чаравіках. □ Канькоў прымацаваў шпагат да рамы, павесіў партрэт на сцяну. Асіпенка. Віктар прымерваецца, дзе б лацвей прымацаваць антэну для тэлевізара Самахвалавай. Даніленка.
2. Ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі; перадаць у чыё‑н. распараджэнне, пад чыю‑н. апеку. Цяпер .. [Тані] вельмі хацелася, каб гэтага Разумоўскага прымацавалі да свінафермы. Лупсякоў. Да яе [Чарнецкай] звяна.. прымацавалі два кані. Паслядовіч. Тут жа піянеры вырашылі прымацаваць да Сухапарава больш моцнага па рускай мове Валерыя. Шыловіч.
3. Узяць на ўлік, зарэгістраваць дзе‑н. Прымацаваць новага супрацоўніка да прафсаюзнай арганізацыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Звяртацца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н., задаваць пытанне. — Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас. У людзей пытай, ды свой розум май. Прыказка. // Весці апытванне (вучняў). Паўтарэнне ішло як звычайна: адных настаўніца выклікала да дошкі, другіх — пытала з месца. Шыловіч.
2. што і чаго. Прасіць дазволу на што‑н., звяртацца з якой‑н. просьбай. Пытаць дазволу. Пытаць дарогі. □ Галодны прысмакаў не пытае. Прыказка. // Прасіць, патрабаваць паказаць (дакумент). Пытаць пасведчанне. □ То прападае, то зноў, варухнуўшы галінай, У пешаходаў пытае яна [граніца] пашпарт. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размо́ва, ‑ы, ж.
1. Слоўны абмен звесткамі, думкамі; гаворка. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас. Школа, аб піянерах якой пойдзе наша размова, стаіць непадалёку ад паравознага дэпо станцыі Орша. Шыловіч. // толькі мн. (размо́вы, ‑моў). Чуткі, пагалоскі. — Раскажы, Яўхім, урэшце, пра гэты камень падрабязней. Пра яго ходзіць многа размоў. Пестрак. Што б там людзі ні гаварылі і як яго [Касмача] ні абзывалі, а ён рабіў сваю справу. Размовы — не перуны, двор не запаляць. М. Ткачоў.
2. Разм. Мова, гаворка, вымаўленне. Па яго размове я зразумеў, што гэта цыган. Сергіевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́кцыя 1, ‑і, ж.
1. Аддзел установы, арганізацыі і пад. з пэўнай спецыялізацыяй. Секцыя крытыкі. Шахматная секцыя. □ Увесь атрад разбіўся на навуковыя секцыі: гістарычную, геаграфічную, прыродазнаўчую, літаратурную і мастацкую. Шыловіч. // Частка гандлёвага памяшкання, дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Секцыя абутку. // Група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады і пад., занятых абмеркаваннем адных і тых жа пытанняў. Работа канферэнцыі па секцыях.
2. Частка збудавання, канструкцыі, якая складаецца з некалькіх дэталей. Секцыя трубаправода. □ Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Мележ.
[Ад лац. sectio — разразанне, раздзяленне.]
се́кцыя 2, ‑і, ж.
Спец. Анатаміраванне, рассячэнне. Секцыя вены.
[Лац. sectio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакрыва́ла, ‑а, н.
1. Выраб з узорыстай тканіны, цюлю для пакрывання ложкаў. Ложкі каля сцен, дбайна прыбраныя, накрытыя светлымі пакрываламі, стол каля акна. Мележ. // Род жаночай адзежы ў выглядзе накідкі (у некаторых народнасцей). Вось едзе на шэрым восліку жанчына з адкрытым тварам, захутаная ў белыя пакрывалы. В. Вольскі. // Кавалак якой‑н. матэрыі, якім пакрываюць што‑н. Закруткін знік, закрыўшы люк бліндажа брызентавым пакрывалам. М. Ткачоў.
2. перан. Пра ўсё тое, што атуляе, ахутвае, усцілае сабой што‑н. Беласнежным пакрывалам заслала зіма наваколле. Шыловіч. [Пеця] радаваўся ўсяму: і ночы, што чорным пакрывалам ахінула зямлю, і полю, якое не раз удоўж і ўпоперак мералі яго ногі, і нават дажджу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)