су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змя́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад змяць.

2. у знач. прым. Нягладкі, няроўны, са складкамі, маршчынамі, умяцінамі; мяты. У ненадпісаным канверце ляжала трохрадковая запіска Гэлі і змяты, пажаўцелы ліст. Гартны.

3. у знач. прым. Прыбіты, прытаптаны (пра расліны). Адчуваеш, як пад плашч-палаткай Змяты падымаецца мурог... Аўрамчык.

4. перан.; у знач. прым. Разм. Са слядамі стомленасць змораны, нясвежы (пра твар). Непамыты пасля сну і змяты твар .. [Ракуцькі] быў шэры, і смутак ляжаў на ім. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябро́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сябра; належыць сябру. Падзяліся ж даўнім сваім болем. Вось табе — сяброўская рука. Зуёнак. // Які выражае дружбу, прыхільнасць сябра. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. [Васіль] прывітаў .. [Машу] добрай, сяброўскай усмешкай. Шамякін. Сяброўская гутарка вучоных зацягнулася. Гамолка.

2. Заснаваны на дружбе; добразычлівы. Перагаворы [паміж СССР і ЧССР] праходзілі ў сяброўскае атмасферы і ў духу ўзаемаразумення. «Звязда».

3. Які ўмее сябраваць. — А ты [Барашкін] хлопец сяброўскі, — зазначыў .. [Мятліцкі]. — Не заціскаеш махру. Савіцкі.

•••

Сяброўску шарж гл. шарж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

само́та, ‑ы, ДМ самоце, ж.

1. Адзінота, знаходжанне ў адзіноцтве. Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце. Колас.

2. Стан, самаадчуванне самотнага; смутак, туга. У роспачы і самоце, Аляксей ішоў сам не ведаючы куды. Вітка. Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем тваё набалелае сэрца, І знікне самота з вачэй. Панчанка. / у вобразным ужыв. Самота выльецца слязамі, Як хмара цёмная — дажджом. Лось. Нылі тэлефонныя правады, выплаквалі ў адвечны прастор сваю самоту. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́ць¹, палю́, па́ліш, па́ліць; па́лены; незак.

1. каго-што. Знішчаць агнём.

П. паперу.

2. што. Прымушаць гарэць (для асвятлення, ацяплення).

П. дровы.

3. што. Запальваць (крыніцу асвятлення; разм.).

П. святло.

4. у чым і што. Распальваць і падтрымліваць агонь у печы; абаграваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і пад.

П. у печы або печ.

П. лазню.

5. што. Апрацоўваць агнём, жарам, абпальваць (разм.).

П. цэглу.

6. каго-што. Дзеяннем чаго-н. гарачага, едкага ці халоднага выклікаць апёк, адчуванне апёку.

Сонца паліла нясцерпна.

Мароз паліць твар.

7. перан., каго-што. Трывожыць, мучыць.

Смутак паліць душу.

|| зак. спалі́ць, -палю́, -па́ліш, -па́ліць; -па́лены (да 1 і 2 знач.); наз. спале́нне, -я, н. (паводле 1 знач.).

|| наз. пале́нне, -я, н. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пераго́раць ’перагараваць’ (лях., Сл. ПЗБ), ’агораць, справіцца з чым-небудзь’ (Нар. Гом.) трэба разглядаць разам з аго́раць ’што-небудзь зрабіць, набыць з цяжкасцю’, горны ’гаротны, сумны’ (БРС), якія да прасл. *gorati: серб.-харв. пре́гор ’перажыванне, гора, смутак, журба’, ’забыццё журбы’; чэш. horati ’гарэць’, ст.-польск. gorać ’палаць, палымнець’, польск. gora ’агонь на пашы, які распальваюць пастухі’, рус. гора́ть ’знішчацца агнём’. Форма *gorati — даволі старая ступень вакалізму кораня побач з *gorěti і *‑garati, параўн. літ. garúoti ’выпарвацца; моцна жадаць’ побач з літ. gorúoti ’моцна жадаць; працаваць да поту’ (Трубачоў, Эт. сл., 7, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дабы́ць 1, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

Прабыць дзе‑н. да пэўнага тэрміну ці да канца. Не дабыць да канца свайго адпачынку. // Правесці астатак часу дзе‑н. Страшны смутак па тым, што ён [Вялічка] не дабыў тут спакойна свой астатні тыдзень.., прайшоў праз усю яго істоту. Чорны.

дабы́ць 2, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што і чаго.

Разм. Дастаць, раздабыць у выніку пошукаў, намаганняў. — Нам вядома, — сказаў Алёшка, — што спісы ў Опермана, іх трэба, канешне, дабыць. Мікуліч. Як не будзе, то маці Забудзе, як не стане, то бацька дастане. З нар. // Набыць паляваннем, рыбнай лоўляй і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. развітацца; апошняе спатканне перад расстаннем. Пісар Васількевіч, адсунуўшы край фіранкі, потайкам пазіраў са свайго пакоя на развітанне сяброў. Колас. Развітанне з маці, смутак па братах жыва адгукаліся ў сэрцы. Сіняўскі. // Расстанне з памёршым. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам. Шамякін. // Словы, якія гаворацца пры расстанні. — Бывайце здаровы, — кінуў .. [аканом] ужо з каламажкі ў бок да Мікіты, які стаяў на вуліцы. Мікіта збянтэжыўся.. Заняты здагадкамі, ён не адразу адказаў на аканомава развітанне. Галавач.

•••

На развітанне — перад расстаннем, расстаючыся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Даваць магчымасць упасці, скаціцца таму, што аддзялілася, адарвалася. Ходзіць [Стася], слёзы раняе цяжкія, як шрот. Куляшоў. Лазняк раняў буйныя кроплі на мокры пясок. Няхай. // Пазбаўляцца чаго‑н., скідаць (лісты, спелыя плады і інш.). На дол хваёвы ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. / у перан. ужыв. У дубах крычаць сіваваронкі, І свіст над лугам рэзкі, звонкі Каршун маркотна так раняе І нейкі смутак закідае. Колас.

2. перан. Прыніжаць, траціць. Ды і як .. [Аўгіні], так ганебна .. выгнанай, было варочацца, кланяцца... [Васілю], раняць перад ім свой жаночы гонар? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хало́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).

2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.

3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)