змест, ‑у, М ‑сце, м.

1. Тое, пра што расказваецца, што выкладаецца, адлюстроўваецца дзе‑н.; тэма (кнігі, артыкула, карціны і пад.). Змест кнігі. Змест оперы. Змест размовы. □ Часамі Данута перакладала змест якога-небудзь англійскага або французскага артыкула, і мы разам захапляліся рознымі дробязямі. Карпюк. // Пералік раздзелаў, састаўных частак кнігі з указаннем старонак, змешчаны ў канцы ці пачатку.

2. Сэнс, сутнасць чаго‑н. Яўхім маўчаў. Але і ў маўчанцы аднаго і ў лёгкіх жартах другіх быў адзін змест і адзін сэнс. Мурашка. [Нават] хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы змест, тварылі новыя настроі. Бядуля. // Аснова з’явы ці працэсу, якая вызначае іх сутнасць. Форма і змест. Культура нацыянальная па форме і сацыялістычная па зместу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарэ́шце, прысл.

1. Пасля ўсяго, напаследак. Я моўчкі чакаў. Маўчаў і .. [незнаёмы]. Нарэшце цяжка прыўзняўся, адсунуўся на край сядзення. Шашкоў. Пад нагамі не зямля, а кісель. Ступіш — і баішся, каб не засмактала, хутчэй робіш наступны крок.. Нарэшце дрыгва скончылася. Жычка.

2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца. Думалі, думалі, нарэшце дадумаліся. Якімовіч.

3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён. Брыль. Цэлы дзень блукаў [Андрэй] па.. [лесе], нарэшце, пад вечар, выбраўся на палянку. Якімовіч.

4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. — Ды сціхніце вы, нарэшце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.

2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».

3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.

4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́ртасць, ‑і, ж.

1. Каштоўнасць, цана (пра грашовыя знакі, цэнныя паперы). Аблігацыя вартасцю ў дзесяць рублёў.

2. Кошт чаго‑н. у грашовых адзінках. Ацэначная камісія вокам прыкідвала вартасць пазвожанай маёмасці. Скрыган.

3. Спец. Грамадска неабходная праца, затрачаная на вытворчасць тавару і ўвасобленая ў гэтым тавары. Закон вартасці.

4. перан. Станоўчая якасць, важнасць; значэнне. Іншы раз здараецца, што недаацэнка або пераацэнка мастацкіх вартасцей твора вядзе да парушэння перспектывы літаратурнага працэсу. Шкраба. Вайны прайшоў я полымя і змрок. І мне вядома добра міру вартасць. Зарыцкі. // часцей мн. З’явы, прадметы, якія маюць вялікае значэнне. — Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых, — сказаў Турсевіч. Колас.

•••

Прыбавачная вартасць — частка вартасці тавару, якая ствараецца працай наёмных рабочых і прысвойваецца эксплуататарскімі класамі.

Спажывецкая вартасць — здольнасць тавару задавальняць якую‑н. патрэбу пакупніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́кал,

1. прысл. Усюды, з усіх бакоў. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Колас. Нада мною блакітны шацёр, А навокал — лясы і лясы. Астрэйка. // Кругом. З зямлі, хістаючыся, падняўся Цярэшка і агледзеўся навокал. Шчарбатаў.

2. прысл. Апісваючы круг, па кругу. [Віктар:] — Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на стар[о]е месца. Маўр.

3. прыназ. з Р. Ужываецца для вырашэння прасторавых адносін пры назве асобы, прадмета або месца, з усіх бакоў якога адбываецца пэўнае дзеянне ці размяшчаецца што‑н. Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы. Брыль. Знізу камень аброс мохам, жоўтая трава навокал яго была вільготная. Чорны.

4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння аб’ектных адносін: указвае на асобу, прадмет ці паняцце, якое з’яўляецца аб’ектам пэўнага працэсу або дзеяння. Гутарка ўвесь час вялася навокал старшыні. □ Каля .. [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейсная агітацыя. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апера́цыя, ‑і, ж.

1. Механічнае ўздзеянне на тканкі і органы цела (ускрыццё, выдаленне і пад.) з мэтай лячэння. Пластычная аперацыя. □ Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

2. Сукупнасць баявых дзеянняў, аб’яднаных адной мэтай, адным заданнем. Наступальныя аперацыі. □ Удалая аперацыя супраць атрада немцаў набывала славу — казалі, што партызанская армія вось-вось уварвецца ў горад. Мікуліч.

3. Гандлёвая, фінансавая і пад. здзелка. Часамі здаралася так, што ў касе аперацый было мала, рабіць не было чаго, а аставацца там.. [Марыне] было цяжка. Скрыган.

4. Асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы. Аперацыя па фармоўцы дэталей. Аперацыі на такарным станку. // Асобнае дзеянне сярод многіх іншых, з якіх складаецца работа якой‑н. установы. Аперацыі па страхаванні.

5. Разм. жарт. Дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты. Клопікаў.. высмаркаўся, асцерагаючыся, каб не вельмі былі трубнымі гукі пры гэтай далікатнай аперацыі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аста́так, ‑тку, м.

1. Частка чаго‑н., якая засталася нявыкарыстаная, незатрачаная. [Пятровіч:] — І хоць твайму ён [Зарэчны] сэрцу міл, Збяры ў душы астаткі сіл, Развей апошняе сумненне. Бачыла. Тады мы падыходзілі да кухні са сваім посудам — хто з бляшанкай, а хто з чыгунком .., — і повар раздаваў астатак ежы. Чыгрынаў.

2. звычайна мн. (аста́ткі, ‑аў). Тое, што яшчэ збераглося, уцалела (ад разбурэння, гібелі і пад.). Мы скінем з дарогі астаткі гнілога. Колас. Мільгаюць бярозы — астаткі даўнейшых прысад. Гілевіч. // Сляды чаго‑н. мінулага, зніклага. Адбыўся Зосін расказ пра тыя справы, што назаўсёды .. адагналі ад Галены астаткі ўсялякай няпэўнасці наконт аднаго чалавека. Чорны.

3. толькі мн. (аста́ткі, ‑аў). Адходы якога‑н. вытворчага працэсу. Кіслотныя астаткі.

4. толькі адз. Апошняя частка чаго‑н. Астатак адпачынку. Астатак даўгу. □ Што ж яна [Вера] скажа? Гэтае пытанне не вылазіла ў яго [Мікалая] з галавы ўвесь астатак дня і назаўтра да абеду. Дамашэвіч.

•••

Да (без) астатку — поўнасцю, цалкам.

На астатку — пад канец, напаследак; пры развітанні. Пасланец.. сказаў на астатку: «Сустрэнемся на барыкадах». Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая‑н. праца, работа. Прылады працы. Прылады вытворчасці. □ Калгаснікі складалі на павозкі розныя прылады, запрагалі коней і раз’язджаліся ў розныя бакі: адны ехалі араць папары, другія вазіць лес для новага кароўніка, трэція — на сенажаці. Якімовіч. Звычайны, груба завостраны аловак, крэслячы праект брамы, набыў у .. руцэ [маёра] значэнне актыўнай прылады стварэння. Брыль.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, механізм, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння, вылічэння, кіравання і пад.); прыбор. Вымяральная прылада. Аптычная прылада. □ Шпаркасць .. прабегу [часу] нельга змераць самымі далікатнымі прыладамі. Крапіва.

3. часцей мн. (прыла́ды, ‑лад). Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбалоўныя прылады. Спартыўныя прылады. Сельскагаспадарчыя прылады. Пісьмовыя прылады. □ Пальцы .. [Алесевых] рук.. перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале. Чорны. Стары закашляўся: нешта раптам вельмі сціснула яго горла. Потым дастаў з кішэні свае курэцкія прылады: капшук з тытунём, люльку і крэсіва. Якімовіч. Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урэ́шце, прысл.

1. Пасля ўсяго, напаследак; нарэшце. Хлопчыкі гаварылі яшчэ доўга, дамаўляючыся, як і што яны будуць рабіць у горадзе, якім чынам будуць шукаць прафесара і як потым яго павязуць. Урэшце яны вырашылі чакаць раніцы, каб на світанні зноў рушыць у дарогу. Сіняўскі. Тым часам гульня працягвалася, і мы з Вандай урэшце адолелі сваіх праціўнікаў. Марціновіч. Апынуўшыся тут,.. [Міколка] не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаузная справа. Лынькоў.

2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі... Багдановіч.

3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы,.. [дзяўчына], урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы. Шамякін.

4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. [Карзюк:] — Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю [Марысяй] пагаварыць?! Баранавых. [Лёдзя:] — А ўрэшце, з кім хачу, з тым і гуляю. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ні́чальніцы ’ніты, частка кроснаў, з дапамогай якіх утвараецца зеў у аснове’ (Кліх; валож., навагр., Жыв. сл.; свісл., воран., Шатал.; Сцяц., Жд. 1, Сцяшк.; карэл., Янк. Мат., Сл. ПЗБ), сюды ж вучаніцы (талач., Шатал.; Бес., Уладз.; вільн., беласт., Сл. ПЗБ), укр. ничельниця, ничениця ’тс’, рус. начальница, нительница, ничелки, ниченицы ’тс’, польск. niczelnica, nicielnica ’тс’, славац. niteťnice ’тс’, серб.-харв. дыял. ničalnica, ničanice ’частка ткацкага стану’ (HDZb., 3, 140), балг. ншцелки ’тс’. Згодна з Махэкам₂ (399), зыходнай формай быў прыметнік *nitelj‑ьnъ, дзе ‑tel‑ адпавядае суфіксу, што абазначаў дзеяча, які далучаецца да кораня *ni‑ (< і.-е. nei‑ ’весці’), формы без -l- у выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з *nitь ’прадзіва, нітка’. Сумніцельна; наяўнасць амаль паўсямесна паралельных форм без -l-, якія выводзяцца з *nitьnь ’ніцяны’, параўн. віц. ніцініца, нічаніца ’тоўстая нітка (для нітоў)’ (Касп.), сведчыць аб другасным характары названых форм з -l-. Гл. заўвагі Слаўскага (Slavica: Wybr. studia. Wrocław etc., 1989, 134) адносна інавацыйнага характару балг. нищелки, а таксама рус. начальные (начальные) доска ’дзве паралельныя дошчачкі з ніцянымі петлямі, у якія прапускаюцца ніткі асновы’, што сведчыць пра аддзеяслоўнае паходжанне форм з відаць, ад ніціць (*піШі): рус. начальные доски > ничальницы. Інавацыйнае паходжанне названых форм тлумачыцца, відаць, зменамі ў тэхналогіі працэсу — ужываннем спецыяльных прыстасаванняў (дошчачак замест вяровачак і пад.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)