біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце; заг. бі; незак.

1. каго. Наносіць удары каму‑н. з мэтай прычыніць боль; збіваць. Біў-біў Іван ведзьму, пакуль яна прасіцца не пачала. Якімовіч. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Высокі авёс біў дзяўчынку мяцёлкамі па твары і руках, асыпаўся ў кошык. Сіняўскі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім .. [афіцэр] раз-поразу біў па халявах ботаў. Лынькоў.

2. каго-што. Вынішчаць, забіваць (пра людзей). // Забіваць на паляванні (пра жывёл). Адны па пушчах і лясах Звяроў лавілі, білі. Танк.

3. каго-што. Перамагаць каго‑н.; наносіць паражэнне. [Дзядзька:] — Цябе [Цімоха] яшчэ .. і заваду на свеце не было, як я яго, германца, біў. Брыль. [Талаш:] — Мы звяжам тут рукі панам,.. будзем нападаць на іх абозы,.. без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Колас.

4. перан.; каго-што. Весці барацьбу з кім‑, чым‑н., накіроўваць сваё дзеянне супраць каго‑, чаго‑н. І вашы [Маякоўскага] вершы Зноў дакладна б’юць Па мордах розных чэрчыляў і клеяў. Панчанка. [Радзевіч Варанецкаму:] — Але май на ўвазе: дэмагогаў трэба біць фактамі! Дуброўскі. // Прычыняць непрыемнасці, прымушаць перажываць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з .. [Бародкавых] вуснаў гучэлі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа і моцна, словы білі, як камяні. Шамякін.

5. Стукаць, удараць. [Людзі] пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. Лынькоў. Конь бяжыць, капытом зямлю б’е. Якімовіч. [Качкі] таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка, і гучна б’юць па вадзе крыламі. Маўр. // Парывіста, моцна ўдараць у што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). Вецер свістаў у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар. Мікуліч. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Часам.. трапляліся глыбокія лагі, і .. [Марта з Паўлам] абавязкова заглядалі ў іх — адтуль, як з сутарэння, біла пранізлівым холадам. Вышынскі. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці чым‑н., імкліва пранікаць куды‑н. (пра святло, гарачыню, пах, гукі і пад.). Першакурсніца Люда Нагорная.. прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль. Праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Грахоўскі. Плынь гарачага паветра ішла сюды і біла горача ў твар. Чорны. У нос б’е едкі кіслы тытунь: дыму поўна хата, як зачыніць. Пташнікаў.

6. у што. Б’ючы чым‑н. аб што‑н., утвараць стук, звон, гул і пад. Біць у рэйку. □ Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон. Колас. А дзядок нейкі крычаў «горка» І з захапленнем у бубен біў. Кірэенка.

7. што і без дап. Гучаць, вызвоньваць, званіць. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Б’юць крамлёўскія куранты на Спаскай вежы. Кавалёў. Гарманісты іграюць, нібы на вяселлі, Бубны б’юць, маладыя гучаць галасы. Куляшоў.

8. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Сэрца моцна біла ў грудзях. Дамашэвіч.

9. Страляць, абстрэльваць. Артылерысты пачалі біць .. простай наводкай. Чорны. Камсамолачка Дарота! Пойдзем разам ваяваць, — Буду біць я з кулямёта, Ты — патроны падаваць. Крапіва. // Страляць (пра зброю). Захліпаліся нямецкія кулямёты.. Білі яны трасёрамі. Шамякін.

10. што. Разбіваць, ламаць. Па гаршку цаляць не буду: Я ж не дурань біць пасуду. Крапіва.

11. Выцякаць імклівым струменем; вылівацца з сілай. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта. Купала. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Я вылез з-пад .. [каня] і бачу: пярэднія ногі перабіты, кулямётная чарга прашыла таксама жывот. Адусюль б’е кроў. Няхай. Сервант насцеж, шыфаньер насцеж, усе футаралы на падлозе, з крана вада б’е, на абрусе лужына, дзверы не зачынены, — цэлы пагром! Гарбук. // З сілай вырывацца, шугаць (пра полымя). Бушуе, б’е полымя ўвысь, Выкідвае дым. Колас. // перан. Выбівацца (пра бурныя, поўныя невычарпальнай сілы праявы энергіі). Са Смольнага, дзе — біла плынь імкненняў, Дзе браў раўненне пераможны клас, Ён [Ленін] справы новых бачыў пакаленняў. Ён бачыў нас. Ён добра бачыў нас. Кірэенка. / у безас. ужыв. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк. // перан. Свяціцца, выяўляцца (пра пачуцці). Эх, сонечная раніца, Цямней ты нам за ноч! Маўчалі людзі хмурыя, А помста біла з воч. Панчанка.

12. каго-што. Разм. Трэсці (пра хваробу, хваляванне, страх і пад.). Ад ранішняй вільгаці і страху .. [Сашу] пачала біць ліхаманка. Шамякін. Дым лезе ў вочы, цябе б’е кашаль, але ты трымаешся. Шахавец. Шуру, нягледзячы на цёплы кажух, білі дрыжыкі. Навуменка.

13. У спартыўных гульнях — удараць па чым‑н., кідаць што‑н., імкнучыся папасці. Біць па варотах.

14. што. Прабіваць; свідраваць, капаць. Мы білі штольні дынамітам. Звонак. Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе. Караткевіч.

15. Убіваць, заганяць, забіваць. Білі ў дно рачное палі, Клалі бэлькі і брусы. Зарыцкі.

16. Раздзяляць на больш дробныя часткі. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменне, ёсць адзін вельмі малады. Чорны.

17. што. У некаторых рамёствах — вырабляць пэўным спосабам. Біць масла. Біць валёнкі.

18. У гульні ў шахматы, шашкі — браць фігуру праціўніка. Дошка малая, ды і манеўранасць шашак абмежавана жорсткімі правіламі: хадзіць толькі ўперад, біць абавязкова! «Маладосць». // У картачнай гульні — выйграваць, раскрываючы большую карту. Біць козырам.

•••

Байды біць — пазбягаць работы, займацца глупствам.

Бібікі (лынды) біць — гультаяваць, бяздзейнічаць; займацца пустымі справамі.

Біць адбой — а) даваць сігнал на спыненне якога‑н. дзеяння; б) адмаўляцца ад свайго рашэння, думкі; адступаць ад свайго намеру. На начальніка з раёна як хто халоднай вады цэбар узліў. Пачаў біць адбой. Чорны.

Біць з гарматы па вераб’ях — тое, што і страляць з гарматы па вераб’ях (гл. страляць).

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець. Як толькі пачыналася раніца, у заезджым доме Гірша Дрэйзіна пачынала крыніцаю біць жыццё. Чорны.

Біць на што — імкнуцца да чаго‑н., дамагацца чаго‑н. Біць на вонкавы эфект.

Біць па кішэні — уводзіць у вялікія выдаткі.

Біць паклоны — пры малітве рабіць нізкія паклоны; нізка кланяцца.

Біць трывогу — а) даваць сігналы аб небяспецы або нападзе ворага; б) заклікаць да барацьбы супраць каго‑, чаго‑н.; звяртаць увагу на пагрозу чаго‑н.

Біць у вочы — быць прыкметным, прыцягваць увагу.

Біць (сябе) у грудзі — а) біць сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы ў чым‑н.; клясціся, запэўніваць у чым‑н. — Я — сацыяліст-рэвалюцыянер, — б’е сябе ў грудзі аграном. Якімовіч; б) біць сябе кулаком у грудзі ў роспачы; каяцца ў чым‑н.

Біць у званы — а) балбатаць, малоць языкамі, пустазвоніць; б) тое, што і біць у набат.

Біць у (адну) кропку — накіроўваць увагу, словы, дзеянні на што‑н. адно.

Біць (пляскаць) у ладкі (далоні) — удараць далонню аб далонь; адбіваць такт. — А, дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! — Дай мне дубец! — А мне дай вуды! — крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі... Колас.

Біць у лёт — тое, што і страляць у лёт (гл. страляць).

Біць у набат — а) пры дапамозе звана склікаць людзей з выпадку бедства; б) выклікаць трывогу, звяртаць увагу грамадства на што‑н.

Біць (даваць) у нос — пра востры, едкі пах чаго‑н.

Біць у хамут — рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць.

Біць у цэль (міма цэлі) — а) пападаць (не пападаць) у цэль; б) дасягаць (не дасягаць) патрэбнага выніку.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай (пра пачуцці, энергію і пад.).

Біць чалом — а) прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Гаруноў:] — Не буду чалом біць і не буду прасіць, каб мяне не паміналі ліхам. Дуброўскі; б) пачціва кланяцца каму‑н., вітаць каго‑н. Зямля мая! Мой дом, мой хлеб адзіны, Я вечна твой, я б’ю табе чалом. Дайнека.

З-за вуха біць — гаварыць прама, рэзка.

Ногі біць — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Час б’е чый або каго-чаго — а) надыходзіць, набліжаецца канец; б) надыходзіць час што‑н. рабіць.

Язык аб зубы біць — гаварыць пустое; малоць языком.

Як у бубен біць — жыва і настойліва перадаваць якую‑н. чутку, гаварыць у адзін голас пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаць, стану, станеш, стане; зак.

1. Ступіўшы на якое‑н. месца або куды‑н., спыніцца; размясціцца ў вертыкальным становішчы. Стаць на прыступку. □ Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах. Брыль. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці гэтага дзеяння. Стаць прама. □ Не паспеў камандзір абвесці вачыма строй, як усе матросы сталі да яго бліжэй на два крокі — плячо ў плячо, дужыя, абветраныя, суровыя. Б. Стральцоў.

2. Падняцца на ногі, устаць. Дапамагчы хвораму стаць на ногі. □ Расце дзіцятка неўзаметку. На ногі пробуе сам стаць. Колас. / Са словамі, якія называюць частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Стаць на рукі. Стаць на пальчыкі. □ З гэтага дня мы пачалі з нецярплівасцю чакаць, калі шчаня расплюшчыць вочы і цвёрда стане на ножкі. Бяганская. О, мядзведзь сваю ролю ведае, ролю смешную ў камедыі — стаць пацешна на заднія лапы, па-старэчаму станцаваць. Рудкоўскі. // Падняцца, задрацца ўверх (пра валасы, шэрсць). Валасы сталі тырчка на галаве ў Куляша. Шамякін.

3. Узяцца за якую‑н. работу, распачаць якую‑н. дзейнасць, звязаную са знаходжаннем на нагах. Стаць за станок. □ Мароз выйшаў павольна, стаў за трыбуну, узяўся абедзвюма рукамі за яе краі і зірнуў на заднія рады. Лобан. // Наогул пачаць працаваць. «Дык ты ўжо ста-аў на работу ці не?» — спагадліва пыталася гаспадыня. Кулакоўскі.

4. Запыніцца, спыніць рух (пра чалавека, жывёлу, калёсы і пад.). Міхал Тварыцкі стаў на адным месцы. Чорны. Ды раптам стаў на месцы конь. Смагаровіч. Калі дарога пачала падымацца ўгору, гняды стаў. Чарнышэвіч. Падводы сталі — уперадзе была рэчка. Капыловіч.

5. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, заводы, фабрыкі і пад.). Сівец цяпер за сталом ля сцяны даставаў галавой аж да ходзікаў. Андрэй убачыў, што ходзікі сталі. Пташнікаў. [Здэховіч:] Я вам [сялянам] выпасу не дам — ваша скаціна падохне, вы не дасце бульбы — мой бровар стане. Вітка. // перан. Перастаць развівацца, рухацца наперад; спыніцца. Увесь базар сабраўся, і гандаль усякі стаў. Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі. На дзень станеш — на два адстанеш. Прыказка. / у паэт. ужыв. Наша сэрца — не стане — шматмільённа яно. Кляшторны.

6. Замерзнуць (пра раку). Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака. Кулакоўскі. Сож стаў летась позна, а снег лёг яшчэ пазней: нешта ажно на Новы год. Карамазаў.

7. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам. Туман стаў над рэчкай. □ У поўдзень, як стане сонца над самай галавой, рэйкі награюцца так, што па іх боязна ступіць босай нагой. Навуменка. / Пра хмары. Ой вы, хмары, што вы сталі? Што вы неба нам заслалі? Колас. // Пастаць, наступіць (звычайна пра пагоду, поры года). — Адліга стала на дварэ, цёпла, — сказаў Астап, падаючы старому руку. Чорны.

8. Часова размясціцца дзе‑н. (на адпачынак, пастой, стаянку). Наехалі уланы-палякі Да сталі на пастой... Чарот. [Афіцэр:] — Што ж, ёсць вада і паша, Дык станем на папас. Лужанін. // Зняць кватэру, пакой у каго‑н. Валя зразумела гэтую недарэчнасць адразу і хацела стаць на кватэру там, у Сябровічах, але дырэктар МТС і старшыня калгаса запратэставалі. Шамякін. Стаў на кватэры ў старэнькім ашаляваным доміку, у пажылых гаспадароў-пенсіянераў... Далідовіч.

9. перан. Падняцца для барацьбы з кім‑н., на абарону чаго‑н. Я не знаю большай чэсці, Як святы доўг чэсна несці — Стаць на абарону. Колас.

10. перан. Заняць якую‑н. пазіцыю ў адносінах да каго‑, чаго‑н., прытрымлівацца якіх‑н. поглядаў, ацэнак. Перад панам тым з Канева Смела дзеўка стала. Купала. Сцёпка стаў на грунт крытыкі, каб хоць гэтым насаліць «комплексам». Колас. У канцы месяца лютага Зосю выклікалі ў суд стаць за сведку. Чорны.

11. Памясціцца, размясціцца на якім‑н. месцы (пра прадметы). Шафа тут не стане.

12. Узнікнуць, з’явіцца. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Напаткацца, паявіцца перад вачыма і пад. Але вось вялікі шэры будынак пошты стаў на рагу і засланіў сонца. У яго цяні адразу адчуўся непрыемны зімовы халадок. Каршукоў.

13. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца. Матуля выпраўляла Нас да бацькоў сваіх: — Каб тут чаго не стала, Пабудзьце ля старых. Гілевіч. Як гэта стала з табою, мой дружа, як гэта стала, Як адбылося, што сёння не ўспомніў ты, дружа, Дзе цябе маці з хаты ў свет выпраўляла. Кірэенка. // перан. Ператварыцца, набыць новыя якасці. Ён і яна не агледзеліся, Як дарога сцежкаю стала. Куляшоў. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, мы проста душой падабрэлі. Панчанка. Двор, ціхенькі даволі, Бязлюдны ў час такі, Люднеў, люднеў паволі І стаў як вір ракі. Калачынскі. / у безас. ужыв. Яна [Марына] ўсе выплакала слёзы, Але не стала ёй лягчэй. Колас. Нідзе стала добра на душы, яна хадзіла з дзяўчатамі і многа-многа балбатала. Лобан. Шуру стала сумна, нечым цяжкім сцяло грудзі. Ставер.

14. Заступіцца за каго‑н. [Спорык:] — Я за таварыша стану заўсёды! Брыль.

15. Замяніць каго‑н. у чым‑н. Ну а за бацьку стаў дзядзька Чужы мне І свой, бо да цёткі прыйшоў прымаком. Прыходзька.

16. безас., каго-чаго (толькі з адмоўем). Перастаць існаваць, памерці. Пяць год мінула, Як цябе [Я. Купалы] не стала. Астрэйка. Жыў чалавек па свеце, пайшоў не па той дарозе, заблытаўся, і не стала яго. Ваданосаў. // Знікнуць. Калі вады не стала, паспрабаваў дастаць са студні, як гэта рабіла маці, але не змог. Няхай. Калі бомба забіла цёцю Веру, тады не стала і школы. Лынькоў. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч.

17. безас. Хапіць. Я чытаў новы рукапіс маладога аўтара. Цікавы. І вельмі баяўся: стане яму матэрыялу на чарговую рэч? Лужанін. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга. Колас.

18. Ужываецца ў саставе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑, чым‑н. Стаць матэматыкам. □ І чаму не стаў я лесніком, Лес мой, брат мой... Быў бы я тваім замком І тваёю брамай. Пысін. Я гляджу, і здаецца; расплачуся я: Вось якой прыгажуняй ты [настаўніца] стала! Гілевіч.

19. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў значэнні дзеяслова «пачаць». Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Міколка стаў наразаць хлеб на стол. Лынькоў.

•••

Валасы сталі дыбарам (дыбам) гл. волас.

Ні стаць ні сесці — так цесна, што няма дзе павярнуцца.

Стаць валам — выступіць дружна, усёй грамадой.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) — атрымаць уладу, пачаць кіраваць дзяржавай, узначаліць.

Стаць (перайсці) на бок каго — далучыцца да чыёй‑н. думкі, заступіцца за каго‑н.

Стаць на вахту — пачаць самааддана працаваць у гонар чаго‑н.

Стаць (стаяць) на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаць (стаяць) папярок дарогі каму — перашкодзіць (перашкаджаць) каму‑н. у чым‑н. (звычайна ў дасягненні якой‑н. мэты).

Стаць на дыбкі — рэзка запярэчыць. [Андрэй:] — Старшыня калгаса стаў на дыбкі, як дачуўся. «Вазьміце, кажа, двух другіх за яго аднаго». Цэніць, бачыш, цябе. Пальчэўскі.

Стаць на калені — пакарыцца, падпарадкавацца каму‑н.

Стаць на лыжы — пачаць хадзіць на лыжах.

Стаць на (сваё) месца — прыйсці ў парадак.

Стаць на ногі — а) зрабіцца самастойным; узмужнець; заняць нейкае месца ў грамадстве і пад. — Нам палягчэе жыць, старым: Кандрат наш стаў на ногі. Смагаровіч; б) паправіць свае справы. — Дадзім каня, сусед! Дадзім! А Абмяркуем. На ногі станеш спакваля... Бялевіч. [Кірыла:] — Гэта нялёгка дасца, але мы ў сілах хутка стаць на ногі. Гурскі; в) паправіцца пасля хваробы. Неўзабаве .. [партызанка] стала на ногі і пачала рыхтавацца да звароту ў партызанскі атрад, у родную Беларусь. Дудо.

Стаць на свой хлеб — пачаць самастойнае жыццё.

Стаць на ўлік — зарэгістравацца ў спісах якой‑н. арганізацыі.

Стаць на чаргу — уключыць сябе ў спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці.

Стаць на шлях чаго, які — пачаць дзейнічаць або развівацца ў пэўным кірунку.

Стаць на якар — тое, што і кінуць якар (гл. кінуць).

Стаць слупам — здранцвець ад нечаканасці; спыніцца ў нерухомасці.

Стаць сцяною — выступіць дружна, усе як адзін.

Стаць у позу — знарок заняць неапраўданую пазіцыю (у спрэчцы, вырашэнні якога‑н. пытання і пад.).

Стаць у строй — зрабіцца працаздольным.

Стаць у тупік — трапіць у безвыходнае становішча; збянтэжыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)