непара́дак, ‑дку, м.
Адсутнасць або парушэнне парадку; беспарадак. Тут быў страшэнны непарадак — На тое час быў перабору. Была адчынена камора І сені насцеж. Як папала Надоба розная стаяла. Колас. У пакоі панаваў непарадак: ложкі былі незасланы, на стале стаяў непамыты посуд, усюды было параскідана адзенне. Бяганская. Узлезшы на воз, Сімон знайшоў непарадкі: мяхі ляжалл не так, як трэба, няёмка было сядзець. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязла́ддзе, ‑я, н.
Разм. Адсутнасць або парушэнне ладу, парадку ў чым‑н.; беспарадак. Бязладдзе гукаў. □ Мітусіліся па цэху людзі, — кожны нешта рабіў, нешта некуды нёс. Няўжо ў гэтым бязладдзі і мітусні быў пэўны парадак, няўжо ўсё гэта нехта прадумаў і спланаваў, нехта гэтым кіруе?.. Краўчанка. Тут [ля штаба] было сёння бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна і вельмі стомленыя. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ава́рыя, ‑і, ж.
Пашкоджанне якога‑н. механізма, машыны і пад. у час дзеяння, руху. Для папярэджання аварый суднаў небяспечныя месцы абслугоўваюцца гукавой сігналізацыяй. □ Здарылася аварыя, дык без яго, галоўнага механіка, нічога там зрабіць не могуць. Сабаленка. // перан. Разм. Няўдача, нечаканае парушэнне чаго‑н. у ходзе якой‑н. справы; няшчасце. — Ну, якая ў цябе аварыя? — прысеўшы за стол, са здзіўленнем запытаўся Кругляк. Грамовіч.
[Іт. avaria.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расстро́йства, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расстройваць — расстроіць і расстройвацца — расстроіцца.
2. Замяшанне, разгубленасць. Калона прыйшла ў расстройства.
3. Няспраўны, заняпалы стан (у эканоміцы, гаспадарцы і пад.); беспарадак. Расстройства ў фінансавых справах. // Разлад, нелады паміж кім‑н. Сямейнае расстройства.
4. Захворванне, выкліканае парушэннем дзейнасці якіх‑н. органаў, сістэмы. Расстройства страўніка. Расстройства нервовай сістэмы.
5. Благі настрой, парушэнне душэўнай раўнавагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прако́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пракалоць 1.
2. Дзірка, зробленая чым‑н. колючым. Раса абмывала босыя ногі і добра залечвала дзесяткі усялякіх праколаў, падбояў, крапіўных і камарыных укусаў. Кулакоўскі. // Дзірка, зробленая ў талоне або ў іншым дакуменце як знак парушэння правіл дарожнага руху. — Як жа гэта, таварыш Маргайлік, вы на чырвоны сігнал паехалі?.. Правы даўнія, праколаў няма і такое парушэнне... Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эксцэ́с, ‑у, м.
1. Крайняе праяўленне чаго‑н.; празмернасць, нястрыманасць. — Ага, зразумела, — сказаў лысаваты. Сківіца ў яго адвісла, быццам стала адразу цяжкай. — Спадзяюся, як культурныя людзі, мы пагаворым без лішніх эксцэсаў. Асіпенка. [Мяснікоў:] — Перадай штабу, усім салдатам: вытрымка! Ніякіх эксцэсаў! Мележ.
2. Парушэнне нармальнага ходу чаго‑н., вострае сутыкненне (звычайна ў грамадскім жыцці). — Гарнізон выконвае мае распараджэнне, а гэта дае магчымасць папярэдзіць узнікненне непажаданых эксцэсаў. Гурскі.
[Ад лац. excessus — выхад; ухіленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сып, ‑у, м.
1. Дробныя плямкі, прышчыкі на скуры і слізістых абалонках, якія з’яўляюцца ад некаторых знешніх уздзеянняў (холад, перагрэў і пад.) і ўнутраных прычын (некаторыя інфекцыйныя хваробы, парушэнне абмену рэчываў і пад.). Дзіцятка ж полымем гарэла, Па целу сып злаякасны пайшоў. Корбан. // Разм. Захворванне, пры якім з’яўляюцца прышчыкі, плямкі.
2. Разм. У тэхніцы — невялікая шурпатасць на паверхні металу пры пашкоджанні яго ржой.
3. Разм. У друкарскай справе — рассыпаны шрыфт з пераблытанымі літарамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́льнасць, ‑і, ж.
1. Свабода, незалежнасць. Мы кубкі ўздымалі За вольнасць людскую, за праўду на свеце. Броўка. [Белавус:] — Ішлі вы на смерць, на змаганне За люд наш, за вольнасць зямлі. Колас. // Самастойнасць, неабмежаванасць у дзеяннях. Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Захацелася хутчэй і паўней адчуць гэтую вольнасць. Галавач.
2. Парушэнне агульнапрынятых правіл, адступленне ад нормы. Паэтычная вольнасць.
3. Нястрыманасць, фамільярнасць; нетактоўнасць. Вольнасць у абыходжанні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замяша́нне, ‑я, н.
1. Стан разгубленасць збянтэжанасці. Зелянюк відавочна замяшаўся, і гэта яго замяшанне вылілася ў цяжкую, невыгодную для яго паўзу. Зарэцкі. Быў імгненны, як электрычная іскра, спалох, які працяў усю істоту, а хвілінай пазней, калі замяшанне прайшло, нейкае ўнутранае задавальненне. Навуменка.
2. Часовае парушэнне звычайнага ходу якога‑н. дзеяння; беспарадак, расстройства. — Сабраў бы ў камяк усю волю, прыняў бы адразу ўсе меры, каб не было ніякага замяшання ў калгасе. Хадкевіч. Кулямёт застракатаў другі раз, і ў першых радах зрабілася замяшанне. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здра́да, ‑ы, М ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 1 знач.); вераломства. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка.
2. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 2 знач.). Здрада ідэалам. □ Як самае нікчэмнае падзенне, народная мудрасць асуджае здраду звычаям свайго народа. Шкраба. // Парушэнне сямейнай вернасці, вернасці ў каханні. Урэшце рэшт скончылася тым, што дзяўчына знайшла больш уважлівага хлопца і вышла замуж. Андрэй балюча перажываў здраду. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)