сцяна́, ы́; мн. сце́ны (з ліч. 2, 3, 4 сцяны́), сцен; ж.

1. Вертыкальная частка будынка, якая служыць для падтрымкі перакрыццяў і для падзелу памяшкання на часткі. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася. Мележ. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку. Брыль. Прынесла [Волька] тапчан — якраз ён стаў ад сцяны да сцяны. Скрыган. // звычайна мн. (сце́ны, сцен); чаго або якія. Пра які‑н. будынак, памяшканне, установу, дзе што‑н. адбываецца або хто‑н. знаходзіцца. У сценах семінарыі будучы пісьменнік [К. Чорны] захапляецца рускай класікай. Луфераў. За сцяною астрожнай Вязню дорагі, любы Жменька травы мурожнай, Лісцік з бярэзіны, з дуба. Маляўка.

2. Высокая агароджа з каменя, цэглы і пад. Крамлёўская сцяна. □ Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора, адлучала ад яго Паційскую бухту і заканчвалася маяком. Самуйлёнак. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: Звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. [Турма] абведзена сцяной мураванай, дротам калючым ублытана. Нікановіч. // толькі мн. (сце́ны, сцен); перан.; чаго або якія. Пра непасрэдную блізкасць, подступы да якога‑н. горада, крэпасці. Мы ў свой горад прыйшлі Ад Масквы і ад Сцен Сталінграда. Танк.

3. чаго або якая. Стромая бакавая паверхня чаго‑н. Жэнька ўпаў на калені, пацалаваў Івана Сумака .. Потым паклаў абодвух забітых пад сцяну акопа. Шамякін. Перасякаем чыгуначныя лініі і ідзём уздоўж прычальнай сцяны. В. Вольскі. Жоўты пясок .. ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадой. Бядуля.

4. перан. Тое, што аддзяляе, раздзяляе каго‑, што‑н.; перашкода для чаго‑н. Герой проста губляецца перад сцяной судова-паліцэйскіх рагатак і кручкатворства. Навуменка. [Караневіч:] Душа твая імкнулася да цяпла і ласкі, а натыкалася на халодную сцяну. Крапіва. Угаворы, тлумачэнні нават самога Паўла Антонавіча.. — усё сустракала пакутлівую сцяну маўчання. Васілевіч.

5. перан.; чаго. Цесны рад або суцэльная маса чаго‑н., якія ўтвараюць заслону, перашкоду для чаго‑н. Сцяна лесу. □ Уперадзе, над бліскучай вадою, стаяла белая сцяна туману. Савіцкі. Белы птах .. імчаў па вадзе, пакідаючы за сабою шырокую сцяну пены. Самуйлёнак. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў. Грахоўскі. // каго. Самкнуты строй людзей. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу. Колас. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор. Глебка. Жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Грамовіч.

•••

Глухая сцяна — суцэльная сцяна без акон і дзвярэй.

Капітальная сцяна — асноўная сцяна, якая служыць апорай для страхі.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

(І) сцены вушы маюць — трэба гаварыць асцярожна, таму што могуць падслухаць.

Кітайская сцяна — пра поўную ізаляванасць ад знешніх уплываў (ад назвы старадаўняй сцяны, якая аддзяляла Кітай ад Манголіі).

Лезці на сцяну гл. лезці.

Між чатырох сцен (жыць, сядзець і пад.) — а) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце; б) не выходзячы з дому.

Прыперці да сцяны гл. прыперці.

Свае сцены — пра свой дом. Мы перабраліся ў свае сцены, як толькі зляпілі печ. Палтаран.

Ставіць да сцяны гл. ставіць.

Стаць сцяною гл. стаць.

Сцяна да сцяны — у непасрэднай блізкасці, па суседству, паблізу (жыць, знаходзіцца і пад.).

Як за каменнай (мураванай) сцяной — пад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.).

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам — не рэагуе, не звяртае ніякай увагі на што‑н. сказанае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адпраўляючыся куды‑н., не ўзяць з сабой. У воласці пакінулі мы цэлую звязку кніг і газет. Чорны. Жаль.. [Марыны Паўлаўны] змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут д[а]ччыну картку, ці ўзяць з сабой. Зарэцкі. // Часова змясціць куды‑н. [Марыся:] — Ідзём адгэтуль... Я пакінула ў сенцах свае рэчы і хачу без сведак пагаварыць з бацькам. Бажко.

2. Адпраўляючыся куды‑н., аддаць, перадаць каму‑н. Ад’язджаючы зноў у Данбас, брат пакінуў Васілю гармонік. Кавалёў. // Перадаць у спадчыну. — Тата, калі паміраў, то пакінуў усё мне, — сказаў Андрэй як мага спакайней.. — Я цяпер гаспадар у хаце. Чарнышэвіч.

3. Прыберагчы, адкласці, схаваць для каго‑, чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Пакінуць агурок на насенне. □ Дзяўчаты трошкі паелі і пакінулі яшчэ на раз. Няхай. Грошы .. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі.

4. Выйсці, пайсці адкуль‑н. (часова або назаўсёды). У канцы сакавіка, калі сонца пачало прыграваць і снег паступова сышоў, мядзведзіца пакінула сваю бярлогу. В. Вольскі. // Адказацца ад чаго‑н., звольніцца, пайсці з якой‑н. работы, пасады і пад. Казлоўскі паходзіў з прыгонных сялян. Пасля паўстання пакінуў духоўны сан і стаў настаўнікам. Г. Кісялёў. За тыдзень да заняткаў.. Аляксей пакінуў працу ў МТС. Шамякін. // Перастаць удзяляць увагу каму‑, чаму‑н. Пакінуць чалавека аднаго з яго невясёлымі думамі.. [хлопцы] не маглі. Шахавец. Міхал Шарупіч якраз браў пробу і не мог пакінуць электрапечы. Карпаў. // Пайсці ад каго‑, чаго‑н., расстацца з кім‑, чым‑н. Прыйшла дачка. Пакінуў муж — Свавольніца яна. Непачаловіч. // перан. Перастаць існаваць у кім‑н., знікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). Сышоўшы на перон, Рыта разгубілася. Рашучасць пакінула яе. Навуменка. Таго ніколі не пакіне Юнацкі, Вечна весні ўздым, — Хто аддае, Як дар краіне, Жыццё дарэшты — маладым! Гілевіч.

5. Прымусіць або прапанаваць застацца дзе‑н., працягваць знаходзіцца ў якім‑н. месцы. Цяпер толькі зразумеў хлапчук, навошта яго пакінулі дома. Пальчэўскі. Тарас здаў дзяржаўныя экзамены на выдатна, яго пакінулі ў аспірантуры. Гурскі.

6. Захаваць у якім‑н. стане, не змяніць чыйго‑н. стану, становішча. Дворнік пакінуў браму адпёртаю і пайшоў спачываць пасля бяссоннай ночы. Гартны. Платон разгарнуў пакунак і так пакінуў. Чарнышэвіч.

7. Прызначыць кім‑н., у якасці каго‑н. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам. Колас. Карла парашылі пакінуць тут за гаспадара. Маўр.

8. (ужываецца з адмоўем). Абмінуць, абысці, не крануць. [Максім:] — Ні хаты, ні кусціка, ні дрэўца не пакінула ў.. [сяле] вайна. Кудравец. Сілівону Лагуцьку было больш за семдзесят, але здавалася, што гады прайшлі пад ім, не пакінуўшы ні следу, ні знаку. Лынькоў.

9. з інф. Спыніць якое‑н. дзеянне, занятак. Пабліжэнне восені ўжо адчувалася ў прыродзе. Зніклі жаўранкі, пакінулі стракатаць конікі. Чарнышэвіч. Гадоў васемнаццаці.. [Лешак] пакінуў вучыцца і ўзяўся за гаспадарку. Брыль. [Леў Раманавіч:] — Пакінем пра гэта гаварыць. Усё ў свой час... Асіпенка.

10. Выклікаць што‑н. пасля сябе, паслужыць прычынай з’яўлення чаго‑н. Першая паездка па возеры пакінула непрыемнае ўражанне. Самусенка.

11. Не даць чаго‑н., пазбавіць чаго‑н. Пакінуць ліст без адказу. Пакінуць без абеду. □ [Зыгмусь:] — Ніяк няможна пакінуць нашу зямлю без вільгаці. В. Вольскі.

12. заг. пакі́нь(це). Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., патрабавання спыніць размову пра што‑н. [Мікола:] — Э, пакінь! Нашла каго ўгаворваць. Гэта ж яшчэ дзіця... Гартны. // Ужываецца для выражэння просьбы, патрабавання не чапаць каго‑, чаго‑н., не турбаваць каго‑н. — Пакінь кпіць, — перапыніў.. [Надзю] Вошкін і на хвілінку насупіўся. М. Ткачоў.

•••

Каменя на камені не пакінуць — а) ушчэнт разбурыць; б) бязлітасна раскрытыкаваць.

Пакінуць гэты свет — памерці.

Пакінуць з носам — абдурыць, падмануць каго‑н.

Пакінуць у дурнях — падмануць, паставіць у смешнае, няёмкае становішча каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)