быва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Прыходзіць да каго‑н., наведваць каго‑н., падтрымліваць сяброўскія адносіны з кім‑н. Любецкі кожны дзень бываў у генералавым доме. Карпюк. Праўда, у апошні час Пеця перастаў бываць у Валіка. Жычка. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны.

2. Знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н. З самага вечара Несцяровіч мала калі бываў дома. Чорны. Пятру не раз даводзілася бываць у горадзе, і вуліцы ён ведаў, і раёны знаў. Пальчэўскі. На тайных сходах часта.. [Янка] бываў. Бядуля.

3. Здарацца, трапляцца. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка. // Мець месца, здарацца. На такіх аблавах [на ваўкоў] бывалі і чалавечыя ахвяры. Бядуля. Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. са злучн. «што» і без яго. Бывае так: і ў добрым севе Трапляе дзікая трава. Колас.

4. Звязка ў састаўным выказніку. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь. Лынькоў.

5. Форма развітання (звычайна ў 2 ас. адз. і мн. з азначальным словам і без яго). — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Колас.

•••

Бывай (бывайце) здаровы — тое, што і будзь здароў (гл. быць).

Бываць на людзях — быць сярод людзей, з людзьмі.

Не бываць таму — не адбыцца, не здарыцца, не быць чаму‑н.

Чаго не бывае — усё можа быць, рознае бывае.

Як ні ў чым не бывала — як быццам нічога яе здарылася, як ні ў чым не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казі́нец1 ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’ (ТСБМ; полац., КЭС; Сержп. Грам.), ’падагра’ (БРС; полац., Суднік, вусн. паведамл.) ’хвароба, калі калені не згінаюцца’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), ’дрыжанне ног (хвароба)’ (Байк. і Некр.), ’сутарга’ (Федар. Рук.), казініц ’хвароба ног, калі яны слабеюць’ (КЭС, лаг.). Укр. мірт. козинець ’хвароба калень пярэдніх ног каня’, рус. скап., раз., калуж., кемер. козинец ’крывізна, скрыўленне пярэдніх ног у коней, калі нага нагадвае казіную’ зафіксавана і Далем, але без геаграфіі. Усх.-слав. інавацыя. Матывацыя празрыстая (гл. дэфініцыі). Па словаўтварэнню гэта семантычны кандэнсат або адпрыметнікавы (ад асновы казін‑) дэрыват з суфіксам ‑ец, аб тыпах утварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 100–102, дзе і літ-ра.

Казі́нец2 ’казялец, Ranunculus acris’ (Мат. Гом.). Дакладных адпаведнікаў няма. Статус слова няясны, магчыма, рэгіянальны наватвор, а магчыма, і старое ўтварэнне, паралельнае да казелец (гл.), параўн. серб.-харв. kozinac ’Astragalus onobrychis’; нягледзячы на тое што бел. і серб.-харв. словы называюць розныя расліны, матывацыя, відаць, аднолькавая. Параўн. бел. гарох воўчы, гарох авечы, віхрава трава (для віду Astragalus glycyphyllus), укр. горох гадючий, горох кошачий (для віду A. onobrychis), горох вовчий, горох заячий, вовча ступа і інш. для віду А. glycyphyllus. Словаўтварэнне, як у выпадку з казінец1; з прыведзеных намі сінонімаў можна бачыць тут семантычны кандэнсат. Аб матывацыі (сувязь з назвай жывёлы) гл. казелец.

Казі́нец3 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэліц., Жыв. сл.), казіняц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. каза ’Nardus stricta’ (ТСБМ). Аб словаўтварэнні гл. казінец1.

Казі́нец4 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’ (Прышч. дыс.). Відаць, да папярэдняга слова.

*Казі́нец5, козінец ’грыб пеўнік стракаты’ (лельч., Жыв. сл.). Матывацыя зразумелая з ілюстрацыі: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (Жыв. сл., 211). Аб словаўтв. параўн. казінец2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. разнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. разнясі; зак., каго-што.

1. Носячы, даставіць кожны прадмет у пэўнае месца, пэўнай асобе. А цяпер, брат, паштар у нас, з сумкай, кожную хату абыдзе, да паперачкі ўсё разнясе. Ермаловіч. Ніхто за .. [Андрэя] .. [коням] ні сена не разнясе, ні гной з-пад ног на двор да паветкі не выкіне. Пташнікаў. // Ходзячы, вандруючы, распаўсюдзіць што‑н. сярод каго‑н., дзе‑н. Разнесці заразу. // і без дап. Разм. Паведаміць многім, зрабіць вядомым усюды. Не дай бог трапіць .. [дзецям] на вока, разнясуць на ўсю вёску. С. Александровіч. На другі ўжо дзень газеты і радыё на ўвесь свет разнеслі звестку аб ашчасліўленым латарэяй чалавеку. Быкаў.

2. Размеркаваць, запісаўшы ў розных месцах; распісаць. Разнесці па графах.

3. Разм. Расцягнуць па частках, раскрасці. Зладзеі маглі б разнесці сад за два дні. Корбан.

4. Рассеяць, развеяць; разагнаць. Вецер ужо абарваў з дрэў пажоўклае лісце, разнёс яго па лесе. Ляўданскі. Вецер выдзьмуў з нечай цыгаркі зыркія іскрынкі, падхапіў іх і разнёс. М. Стральцоў.

5. Разм. Разбурыць, разбіць, разламаць. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі. Быкаў. Спрытныя суседчыны рукі ўмомант разнеслі старую арфу на трэскі. Васілевіч. / у безас. ужыв. — Разнясе станок, — усё яшчэ з разгубленым здзіўленнем на твары сказаў Піліп. Кулакоўскі. // Забіць, разарваўшы на кавалкі. Нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі. Караткевіч. / у безас. ужыв. Па інструкцыі, калі міна «на батарэйку» не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк. // Перакуліць, выкінуць (пра коней). Іншага двухгодка сам чорт у аглоблях не ўтрымае, разаб’е, разнясе ўсё, а Нямко возьме яго за повад, і адразу дзікая жывёліна становіцца рахманым кацянём. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Моцна аблаяць, падвергнуць знішчальнай крытыцы. Не думаў .. [Шаройка], што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. Шамякін.

7. безас. Разм. Пра ўтварэнне апухласці на чым‑н. Занылі ў вавёркі зубы. Даводзіць боль яе да згубы, Шчаку разнесла як падушку. Валасевіч. // Пра чыю‑н. празмерную паўнату. [Матруна:] — І прападзеш, калі піць не кінеш! Вунь цябе ўжо як разнесла... Зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тур1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр. тур, рус. тур, польск., н.-, в.-луж. tur, палаб. täur, чэш. tur, славац. tur, славен. túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг. тур, макед. тур, ст.-слав. тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл. *turъ роднаснае ст.-прус. tauris ‘зубр’, літ. taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч. ταυρος ‘бык’, лац. taurus, ірл. tarb ‘тс’, авест. staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц. stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е. *tə̯uro‑ < і.-е. *teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел. Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац. Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́цадзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).

Тур2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц. tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац. turnus > лац. tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч. τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ. tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.

Тур3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).

Тур4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур1 (гл.); параўн. польск. дыял. tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сляпы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку. Бацька стары, з чорна-сівою барадою і на адно вока сляпы. Чорны. Быў.. [Арцём] спачатку павадыром у сляпога жабрака. Бядуля. / у знач. наз. сляпы́, ‑ога, м.; сляпа́я, ‑ой, ж. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Колас. // Разм. З слабым зрокам; блізарукі. // перан. Які не заўважае, не разумее таго, што адбываецца навокал. [Іван Пракопавіч:] — Але ж і сляпыя мы былі, гэта таксама праўда.. Знайшліся Адамчукі, Касарэвічы, плюнулі ў твар, здрадзілі. А мы ж іх сваімі лічылі. Ды яшчэ самымі перадавымі. Навуменка. «Ну і Свідраль! Аказаўся кар’ерыстам. Сляпы я, сляпы. Не разгледзеў. Малавата ў мяне партыйнага чуцця, відаць...», — абвінавачваў .. [Пазняк] сам сябе. Дуброўскі. Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя. Скрыган. // перан. Цёмны, неадукаваны. [Ян Нітка:] — Гэта ж сорам вялікі перад сабою быць такім сляпым, цёмным, быць рабом, маліцца каменю, якога прыгналі сюды леднікі недзе аж з фінскіх гор тысячы і тысячы гадоў таму назад. Пестрак. Нам дыхаць на роднай зямлі было нечым, А дзеці сляпымі раслі без навукі... Васілёк.

2. перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы сваіх учынкаў, не раздумваючы. Сляпы ад злосці ехаў Глушак мястэчкам. Мележ. // Які не мае разумных падстаў; безразважны. Сляпое перайманне моды. Сляпая любоў. □ У тую хвіліну мне не хацелася верыць, што ў малога магла быць такая сляпая злосць да ні ў чым не вінаватай птушкі. Паслядовіч. Колькі вёсен жыццёвых яшчэ Мы сустрэнем, — ну хто яго знае? Неўпрыкметку каханне ўцячэ. І пакіне нас рэўнасць сляпая. Хведаровіч. Адразу даверыцца.. [камандзір], вядома, не мог: вопыт падказваў, што сляпое давер’е часам вельмі дорага каштавала партызанам. Кулакоўскі. // Які дзейнічае стыхійна; выпадковы. Сляпыя сілы прыроды. □ І хоць сляпая, дзікая была [куля], Усё-такі ляцела і знайшла. Чэрня.

3. Невыразны, неразборлівы (пра тэкст, шрыфт і пад.). Сляпы шрыфт. □ У кутку абразы цудатворцаў, Даўна ад дыму сляпых. Танк. // Ледзь бачны, непрыкметны (пра сцежку і пад.). Міхал і Клін ужо мінае. Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам. Колас. // Вельмі слабы (пра святло). Пры.. сляпым святле [газоўкі] бацька чытаў уголас. Вітка.

4. Праз які дрэнна відаць або нічога не відаць. Сляпыя шыбы ў вокнах. □ На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца.., як астрог, Па свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. // З маленькімі вокнамі. Сляпыя, Нізенькія хаты Травой і мохам параслі. Глебка. // Які не мае акон. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак. Пестрак.

5. Непраглядны, беспрасветны. Белыя маланкі то азаралі дачны лясны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру. Лось. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Лынькоў.

6. Які адбываецца без удзелу зроку. Сляпы метад друкавання. // Які праходзіць, адбываецца ў цемры, тумане і пад. пры дапамозе прылад (пра рух і пад.).

7. Які не мае выхаду, праходу. Сляпая вулачка. Сляпая шахта.

•••

Сляпая кішка гл. кішка.

Сляпая пляма гл. пляма.

Сляпы дождж гл. дождж.

Сляпы палёт гл. палёт.

Сляпая курыца гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)