уча́стак, -тка, мн. -ткі, -ткаў, м.

1. Асобная частка якой-н. паверхні.

У. магістралі.

Пашкоджаны ў. скуры.

2. Частка зямельнай плошчы, занятая чым-н. або прызначаная для чаго-н.

Зямельны ў.

Працаваць на прысядзібным участку.

Доследны ў.

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае падраздзяленне чаго-н.

Выбарчы ў.

Урачэбны ў.

4. Частка фронту, зона дзеяння якой-н. воінскай часці, вайсковага злучэння.

На ўчастку стралковага палка.

5. Галіна, сфера якой-н. грамадскай дзейнасці.

Адказны ў. работы.

6. У царскай Расіі: падраздзяленне, аддзяленне гарадской паліцыі.

Адвесці ва ў.

|| прым. участко́вы, -ая, -ае (да 3 і 6 знач.).

У. ўрач.

Участковая выбарчая кампанія.

У. ўпаўнаважаны.

У. інспектар (афіцэр міліцыі, адказны за парадак на даручаным яму ўчастку; у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

су́вязны 1, ‑ая, ‑ае.

Які звязвае, аб’ядноўвае што‑н. Сувязнае звяно.

сувязны́ 2, ‑ая, ‑ое.

Які наладжвае, падтрымлівае сувязь з суседнімі воінскімі часцямі. Сувязны самалёт. Сувязны афіцэр. // у знач. наз. сувязны́, о́га, м.; сувязна́я, о́й, ж. Там [на ўскраіне горада] выявілася, што няма групы Карпілава. А каля могілак яшчэ не сціхаў бой. Камандзір паслаў сувязнога. Грахоўскі. Шкада .. [Машы] стала ног, нібы яны — самае галоўнае, што спатрэбіцца ёй у рабоце разведчыцы. Ногі патрэбны мне, сувязной. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусто́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.

1. Рабіць пустым, бязлюдным; руйнаваць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады. В. Вольскі. Батарэя, якою камандаваў быўшы афіцэр, штабс-капітан Ваганаў, .. пустошыла рады насядаўшых дзянікінцаў. Колас.

2. Рабіць пустым, вымаючы тое, што было ўсярэдзіне. Было такое адчуванне, быццам хтосьці пакручвае на верацяно ўсё з сярэдзіны, з грудзей і жывата, і так бесканцоваю ніткаю пустошыць чалавека. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́зам, прысл.

Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.

•••

Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кліно́к, ‑нка, м.

1. Памянш. да клін (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Вострая частка халоднай зброі; лязо. Таргаваць клінок. Клінок шаблі. // Пра кінжал, шаблю і пад. Грышка моцна сціснуў рукою востры клінок, які вісеў з правага боку. Чарот. Момант — і афіцэр выхватвае шаблю. Высока ўзняты бліскучы клінок і... чвяк. Афіцэрская шабля далёка ўбок адлятае, выбітая з рук мужыцкім бічом. Колас.

3. Трохвугольная торбачка для прыгатавання сыру. З толькі што выцягнутых з печы збанкоў адкідвала ў клінкі адтопленае малако Андрэіха. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.

2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.

3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднача́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падначаліць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў падпарадкаванні каго‑, чаго‑н. Падначалены афіцэр. □ У большасці ранніх паэм Купалы элементы драматычнага дыялогу ў развіцці дзеяння іграюць чыста падначаленую ролю. Ярош.

3. у знач. наз. паднача́лены, ‑ага, м.; паднача́леная, ‑ай, ж. Службовая асоба, якая падначальваецца каму‑н. старшаму па рабоце. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Колас. Бывалы лётчык-франтавік паказаў падначаленаму, як трэба лятаць у баявой абстаноўцы. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшарпа́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абшарпаць.

2. у знач. прым. Падраны, зношаны, абадраны, абабіты. Апрануўся Апенька якраз як на паляванне: на ім былі мышынага колеру штаны.., абшарпаная скураная тужурка, а на нагах гумавыя боты. Навуменка. Стомленая і запыленая за дарогу, Галіна паставіла сярод двара свой абшарпаны студэнцкі чамадан і зморана села ля яго. Краўчанка. // Адзеты ў падранае, паношанае адзенне, у рызманы. Толькі позняй раніцай, калі людзі ўжо даўно паснедалі, чатыры незвычайныя падарожнікі, абшарпаныя і галодныя, дабраліся да горада. Няхай. Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядаў на абшарпанага маладога чалавека. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.

2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. замоўк, ‑ла; зак.

1. Спыніць гаворку, спевы, крык і пад.; змоўкнуць, замаўчаць. Лабановіч замоўк і задумаўся. Колас. Афіцэр... — ціха шапнуў Міколку дзед і замоўк. Лынькоў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Гарматы замоўклі. □ Грымнуў выбух, і кулямёт замоўк. Курто. // Спыніць перапіску з кім‑н., пераехаць пісаць куды‑н., каму‑н. Не піша сястра, замоўкла.

2. Перастаць гучаць, раздавацца (пра гукі). Даўно адпелі на дварах дайніцы, Замоўклі крыкі, смех, абрыўкі слоў — Скрозь ціха, ціха... Спіць сяло. Лойка.

3. перан. Сціхнуць, замерці; перастаць адчувацца (пра пачуцці). А вось радасць, што цвіце над краем, у юнацкіх сэрцах не замоўкне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)