адзі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.
1. У матэматыцы: першы, найменшы цэлы лік у дзясятку, а таксама яго лічбавы знак «1».
2. толькі мн. (адзі́нкі, -нак). Апошняя лічба ў мнагазначных ліках.
Двухзначны лік складаецца з адзінак і дзясяткаў.
3. Велічыня, якой вымяраюцца іншыя аднародныя велічыні.
Грашовая а.
А. сілы току.
4. Асобная самастойная частка ў складзе цэлага, асобны прадмет ці асоба ў групе падобных.
Гаспадарчая а.
Штатная а.
5. мн. Асобныя прадметы ці людзі, істоты, нямногія па ліку; мала хто.
Такіх людзей адзінкі (вельмі мала).
○
Адзінка захавання (спец.) — экспанат музея, экзэмпляр кнігі ў бібліятэцы.
У музеі тысячы адзінак захавання.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
арты́кул, ‑а, м.
1. Навуковы або публіцыстычны твор невялікага памеру ў зборніку, часопісе або газеце. Газетны, публіцыстычны артыкул.
2. Асобны раздзел, параграф у розных юрыдычных дакументах. Артыкул крымінальнага кодэкса. Артыкулы дысцыплінарнага статута.
3. Раздзел фінансавага плана, каштарыс, які вызначае крыніцу даходаў або мэту расходаў. Расходны артыкул.
4. Разрад, від чаго‑н. Важны артыкул экспарту.
5. Тып вырабу, умоўнае абазначэнне тавараў. Артыкул тканіны.
[Ад лац. articulus — частка, раздзел.]
•••
Перадавы артыкул — рэдакцыйны артыкул, змешчаны на першым месцы ў газеце, часопісе, у якім асвятляюцца найважнейшыя надзённыя пытанні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сёе-то́е, сяго-таго, займ. неазн., н.
Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бабур ’малады акунь’ (Маш.), бабура, бабурка ’галавастая рыбка’ (Інстр. лекс.). Параўн. рус. бабу́ра ’Cottus gabio, падкаменшчык’, бабу́рка ’асобны від дробнай рыбы’. Параўн. іншыя назвы: бел. ба́ба (рыба) ’падкаменшчык’, ба́бка ёрш’ (падобныя назвы і ў іншых славянскіх мовах). Утварэнне (суф. ‑ура) ад асновы баб- (для абазначэння круглых прадметаў) або ад ба́ба 1 (гл.). Гэта аснова часта выступае ў назвах галавастых рыб. Безлай (Posk. zv., 8) лічыць, што bab‑ — вельмі старая аснова, якая выпадкова супала з baba ’жанчына’. Адносна назваў рыб, для якіх галавастасць не характэрна, А. А. Крывіцкі (вусн. паведамл.) лічыць, што першапачаткова тэрмін мог быць перанесены на іншых рыб па колеру і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кула́к 1 ’кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).
Кула́к 2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак 1 (гл.).
Кула́к 3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак 1 (гл.).
Кула́к 4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
це́ла, -а, мн. -ы, цел, н.
1. Матэрыя, рэчыва, што так ці інакш абмежавана ў прасторы; асобны прадмет у прасторы.
Цвёрдае ц.
Газападобнае ц.
Геаметрычнае ц.
2. Арганізм чалавека або жывёлы ў яго знешніх, фізічных формах.
Часткі цела.
3. Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі.
Ц. ў сіняках.
4. Асноўная частка, корпус чаго-н. (спец.).
Ц. гарматы.
◊
(Быць) у целе (разм.) — быць поўным, укормленым, сытым.
Спасці з цела (разм.) — схуднець.
Трымаць у чорным целе каго (разм.) — сурова, строга абыходзіцца з кім-н.
|| памянш. це́льца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 2 знач.).
|| прым. цяле́сны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).
Цялесныя ўласцівасці шара.
Духоўныя і цялесныя сілы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
По́суд, по́сыд, посу́док, по́судок, пасу́да, пасу́дак ’ёмістасць для розных, пераважна кухонных, патрэбаў, пасуда’ (ТСБМ, Бяльк., Нас., Шат., Сцяшк. Сл., Клім., ТС; бых., Янк. Мат.; рагач., Сл. ПЗБ), ’сельскагаспадарчае начынне і прыборы’ (Гарэц., Нас.), ’сасуд, ёмістасць’ (ТС), мн. л. по́суды ’пярэдні куток у хаце’ (Анім.), пасу́дзя ’драўляны посуд’ (лід., Сл. ПЗБ), пасу́дзіна ’асобны прадмет посуду’, ’драўляны сасуд’, ’любое сельскагаспадарчае начынне’ (ТСБМ, Мік., Нас., Шат., Касп.), сюды ж пасу́днік ’паліца для посуду’ (ТСБМ, Ян.), ’кухонны ручнік’ (Ян.). Параўн. укр. посу́да, по́суд ’посуд’, рус. посу́да ’тс’, славен. posȏda ’тс’, серб.-харв. pȍsuda ’посуд’, ’сасуд’, макед. посатка ’посуд’. Вытворнае ад прасл. *sǫdъ‑ пры дапамозе прыстаўкі *po‑, паводле Сноя (Бязлай, 3, 91; Сной₂, 549), зборная назва ў адносінах да *sǫdъ (гл. суды).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
мясці́на, ‑ы, ж.
1. Пэўная частка, участак якой‑н. тэрыторыі. Уперадзе, на высокай лясной мясціне, паказалася прасторная круглая паляна. М. Ткачоў. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае. Колас. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан. // Прастора, выдзеленая, прызначаная для чаго‑н. Непадалёк ад клуба хлопцы аблюбавалі добрую мясціну для футбольнага поля. Дадзіёмаў. Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Колас.
2. звычайна мн. (мясці́ны, ‑цін). Якая‑н. мясцовасць. Балоцістыя мясціны. Партызанскія мясціны. Глухія мясціны. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. // Край, раён, акруга. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. З тых я мясцін, з тых цяністых абшараў, Дзе спакон веку шумела трысцё. Смагаровіч.
3. Асобны ўчастак, пункт на якім‑н. прадмеце. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Шамякін. Калі [Касцевіч] устаў, адчуў, што пячэ мясціна на правай шчацэ — баліць вострым болем. Пестрак.
4. Разм. Тое, што і месца (у 4 знач.). Ф. Скарына ў сваіх прадмовах і заўвагах выдзяляе і падкрэслівае тыя мясціны, дзе ёсць звесткі аб свабодных навуках. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тур 1, ‑а, м.
1. Адзін круг танца па пакоі, зале і пад., а таксама адзін кругавы рух у вальсе. Тур вальса.
2. Асобны этап якой‑н. гульні, конкурсу, спаборніцтва, які складае частку гэтай гульні, спаборніцтва. Апошні тур шахматнага чэмпіянату. □ Закончыліся гульні першага тура чэмпіянату краіны па валейболу. «Звязда». Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей. // Этап, частка якой‑н. падзеі, мерапрыемства і пад. Але ўсё адно прачытаны .. [камандзірам атрада] загад аб другім туры рэйкавай вайны прагучаў радаснай навіной. Шахавец. // Асобны этап выбараў, а таксама адна са ступеней пры шматступеннай выбарчай сістэме. Першы тур выбараў.
[Фр. tour.]
тур 2, ‑а, м.
1. Гіст. Запоўненая зямлёю плеценая кашолка, якая выкарыстоўвалася ў якасці ўкрыццяў ад куль і снарадаў.
2. Пірамідка з камянёў, складзеная альпіністамі на вяршыні, на якую яны ўзышлі першымі.
[Фр. tour]
тур 3, ‑а, м.
1. Першабытны дзікі бык, які з’яўляецца адным з продкаў буйной рагатай жывёлы. У лясах Белавежскай пушчы ў вялікай колькасці вадзіліся туры, зубры, ласі, мядзведзі, алені, дзікія кабаны, казулі. «Весці». [Князь] гукнуў .. дружыну ды і пайшоў сабе Палессем, харчуючыся забітымі зубрамі і турамі. Караткевіч.
2. Горны каўказскі казёл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасу́дзіна, ‑ы, ж.
1. Асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што‑н. І раптам цешча перамянілася. Міску з крупнікам не сунула на стол, як заўсёды, а наадварот — паставіла яе беражліва, бы надзвычай крохкую дарагую пасудзіну. Б. Стральцоў. // Шкляны выраб, ёмістасць для хімічных рэчываў, лякарства і пад.
2. Разм. Судна, лодка, карабель. Лодка зрабіла імклівы наўкруг, вынеслася на сярэдзіну ракі. Я любаваўся, як увішна ўпраўляўся з пасудзінай рыбак. Чыгрынаў. Сілівону з цямна да цямна даводзілася вадзіць цераз раку старую сваю пасудзіну, збітую з дошак. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)