нагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.
Разм. Трапіцца, выпадкова сустрэцца. Зноў пайшла [Юля] па лесе, цяпер яшчэ больш чуйна прыслухоўваючыся да цішыні. Падумала — калі нагодзяцца паліцаі, будзе ўцякаць. У лесе не зловяць... Сачанка. // Нечакана з’явіцца перад кім‑, чым‑н. Вось ён, Алесь, зноў насваволіў.. А маці нагадзілася з поля і сваёю суровай, моцнай рукой адлупцавала яго як след. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патанчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць тонкім, танчэйшым. Алесь ішоў, моцна ставячы ногі, сук неўзабаве патанчэў і пачаў спружыніць пад нагамі, даводзілася балансаваць. Караткевіч. Скура на твары нібы патанчэла, і праз яе праступалі нездаровыя чырвоныя плямы. Карпаў. Памералі, дык у бацькі шыя ўдвая патаўсцела, а ў сына ўдвая патанчэла. Якімовіч. Мікола адчуў, што .. [Таня] зблажэла і патанчэла. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сузіра́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто сузірае (у 1 знач.) што‑н. Сумна зрабілася ад думкі, што амаль два гады ўжо .. [Антанюк] не актыўны ўдзельнік працы гэтых людзей, а сузіральнік. Шамякін. Уся чароўнасць гэтага малюнка ў тым, што Алесь выглядае не простым сузіральнікам прыроды, а дзейсным, актыўным чалавекам. Кучар.
2. Той, хто схільны да сузірання (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насе́вак, ‑сеўку, м.
Разм. Тое, што прызначана для пасеву; насенне. Як толькі снег з узгоркаў знік, Вазіць насевак-яравое Прыйшоў шматтонны грузавік. Танк. // Наогул тое, што сеецца, ляціць, падае зверху. Насевак з клёну. Насевак з хваёвых шышак. □ Алесь тужыў па свежай баразне, калі яна вясной .. крышыцца тлустымі, цёплымі камякамі, гатовая і прагная прыняць і залацісты дождж зярнят, і насевак са шчодрага неба. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.
1. Збянтэжана спыніцца, затаптацца на месцы ў нерашучасці. — Сюды ці не сюды? — замяўся я ля парога. Карпюк. // Завагацца, не ведаючы што рабіць. Селянін крыху замяўся, яшчэ раз недаверліва зірнуў на сяброў, але ўзяў кніжачку і пракламацыі. Колас.
2. Спыніць гаворку, збянтэжыўшыся або падбіраючы патрэбнае слова. Алесь замяўся, круцячы ў руках без патрэбы шапку і стараючыся нешта сказаць. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.
Тое, што і разадраць. [Зоська:] Птушкі нейкія чорныя, такія страшныя, — жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць кіпцюры, разяўляюць глюгі, — здаецца, раздзерці і глынуць нас хочуць. Купала. Сухі пакутлівы кашаль раздзёр ягоныя грудзі. Ён кашляў у хустку так, што Алесь з жахам чакаў: вось-вось з’явяцца чырвоныя плямы. Караткевіч. Суха і гучна раздзёр цішыню званок тэлефона. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятлі́цца, ‑светліцца; зак.
1. Спец. Стаць светлым, святлейшым. Раствор прасвятліўся.
2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. [Раечка] дала па адной [цукерцы] хлопчыку і дзяўчынцы. Тварыкі іх прасвятліліся. Лобан.
3. перан. Зрабіцца лагічным, ясным. Пасля дакладу думкі многіх, што тут прысутнічалі, не прасвятліліся, а быццам затуманіліся. Сабаленка. // Высветліцца, стаць зразумелым. Потым загадка прасвятлілася: у трэстаўскай кузні працаваў той жа самы дзядзька Алесь, які быў некалі калгасным кавалём. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыль, ‑я, м.
Адрэзаны вялікі кусок чаго‑н. для яды. Гаспадыня ўжо завіхалася каля стала, на якім стаяла вялікая міска з буйнымі скрылямі ружаватага сала. Новікаў. Пасля, ужо дома, Алесь аберуч трымае зярніста-чырвоны кавуновы скрыль і есць яго — ажно за шыю пацякла. Брыль. // Адбіты, адламаны і пад. кавалак чаго‑н. І для машын няма цяпер спакою: Вывозяць снег, скрылі ільду, як шкло. Тармола.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атрэ́сціся, атрасуся, атрасешся, атрасецца; атрасёмся, атрасяцеся; пр. атросся, атрэслася і атраслася; зак.
Трасучыся, ачысціцца ад чаго‑н. Алесь прыйшоў з гумна, каля парога атросся, абмёў з лапцей снег. Чарнышэвіч. // Асыпацца, апасці ад уздзеяння чаго‑н. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. нежаданага, непрыемнага, дакучлівага. Так на самым парозе жыцця чалавек быў пляснуты няўмольным лёсам у непралазную гразь бяды і згрызот, ад якіх потым ужо не так лёгка было атрэсціся. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. завёз, ‑везла; зак., каго-што.
1. Везучы, даставіць куды‑н.; адвезці. Запрог Алесь калгаснага каня і завёз Андрэя на станцыю. Васілевіч. // Адвезці далёка або не туды, куды трэба; звезці. Завезці на край свету. Завёз невядома куды.
2. Прывезці, даставіць куды‑н. Завезці тавары ў магазін. // Прывезці адкуль‑н. здалёку, закупіўшы, набыўшы і пад. Янотападобнага сабаку на Беларусь завезлі ў 1936 г. з Далёкага Усходу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)