таўкатня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Хаатычны рух, цісканіна ў натоўпе. А сёння субота, недзе там, у РДК, — танцы, таўкатня падлеткаў каля ўвахода, шыпенне пласцінкі ў рупар. Адамчык. А мне ля касы ў зале вузенькай, Дзе сумятня і таўкатня, Аматары класічнай музыкі Бакі камячылі паўдня. Макаль.

2. Хатнія клопаты; мітусня, сумятня. Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штраф, ‑у, м.

Грашовае спагнанне, якое накладваецца ў якасці пакарання ў адміністрацыйным ці судовым парадку. [Тхорык:] — Налажылі на мяне штраф, тады я пад’ехаў з канём і прывёз яшчэ тры плашкі. Усё роўна плаціць. Кулакоўскі. — Дзе я вазьму грошай на штраф. Ды за што штраф, калі я купляў білет. Адамчык. // Спагнанне, пакаранне за парушэнне правіл гульні, этыкету, амаральны ўчынак і пад.

[Ням. Strafe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́свіць, ‑пасу, ‑пасеш, ‑пасе; ‑пасём, ‑пасяце і ‑пасу, ‑пасвіш, ‑пасвіць; ‑пасвім, ‑пасвіце; пр. прыпасвіў, ‑віла; заг. прыпасі; зак., каго-што.

Разм.

1. Папасвіць дадаткова. Сёння мы з Міхасём пастараліся вельмі ўдала, — прыпасвілі сваіх кароў на панскім лузе. Брыль.

2. Трохі спасвіць, патравіць. [Тонік] ужо трэці дзень асцерагаўся Сямёна Мокуця. Летась ён гэтак выратаваўся ад Мартына Корсака, калі прыпасвіў яго авёс. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўдзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Ажыццявіцца, здзейсніцца; збыцца. Мары тысячагоддзяў Аб светлай долі чалавецтва Спраўдзяцца ў жыцці. Бядуля. [Барашкін] проста верыў у тое, што гэтыя планы павінны абавязкова спраўдзіцца. Савіцкі. — А божачка мой, Кандратка прыйшоў! — з радасці загаласіла.. [маці]. — Сон спраўдзіўся. Лобан.

2. Аказацца правільным, пацвердзіцца. Чуткі пра выклік у камісію спраўдзіліся. Лынькоў. [Рыгорава] падазронасць і здагадка спраўдзіліся. Адамчык. Меркаванне камандзіра брыгады спраўдзілася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скі́віца, мн. л. скі́віцы ‘кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы; пашчэнкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; віл., Стан., ТС, КЭС, Дразд., ЛА, 3), ‘выпукліна пад вокам ягадка’ (Ласт.), ‘зубны пратэз’ (ТСБМ), скі́выца ‘сківічная косць’ (Дразд.; узд., КЭС), скі́біца ‘скронь’ (Сцяшк.; гродз., Мат. АС), скі́віцы ‘пашчэнкі’ (ЛА, 3), ські́ва ‘пашчэнка’ (Дразд.), skíwicy ‘ніжняя сківіца каня’ (Тарн.), сківіца ‘шула’ (В. Адамчык, Маладосць, 1993, 10, 156). Беларуска-ўкраінская лексіка-семантычная ізалекса, параўн. укр. дыял. скі́віца, ски́віца, скʼі́вʼца ‘сківіца’, гл. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63–64. Слова няяснага паходжання. Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) прапануе дастаткова позняе запазычанне з усходнебалтыйскіх гаворак; дакладная крыніца не выяўлена, параўноўваецца з лат. šķieva ‘трэшчына ў дрэве’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 182) лічыць слова старажытным (мяркуемае прасл. *skyvica), аднак падкрэслівае яго ізаляванасць. Аўтары ЕСУМ (5, 271) адносяць укр. ски́виця да запазычанняў з беларускай мовы, звязваючы яго з скіба (гл.). Хутчэй да ківа́ць (гл.), параўн. качкі́ ‘пашчэнкі’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падако́нне, ‑я, н.

1. Тое, што і падвоканне. Трэба сход склікаць. Устае Аўдоля з прасніцы або з-за красён, кажушок на плечы, палку ў рукі і пайшла па падаконню. Крапіва.

2. Частка сцяны пад акном са знадворнага боку дома. — Міналі дні — .. мы з мамаю на агародзе высеклі капусту, заклалі кастрыцаю падаконне. Адамчык.

3. Тое, што і падаконнік. З двара на падаконне ўзляцеў верабей з саломінай у дзюбе. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пляска́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Без звычайнай пукатасці, прыплюснуты. Пляскаты лоб. □ Хлопчык, падобны з твару на маці — паўнашчокі, з чорнымі вачыма і крышку пляскатым носам, — абхапіў бацьку за шыю. Хадкевіч.

2. Які мае невялікую вышыню або таўшчыню пры прамой і роўнай паверхні. Хістаючыся, Алесь пасунуўся да прызбы, выграб вялікі пляскаты камень, падняў у сябе над галавою, але камень сарваўся з рук. Адамчык. Хлопцы прынеслі толькі пляскаты нямецкі штых. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., што.

Разм. Разадраць на палосы, распаласаваць што‑н. Скінуўшы з сябе сарочку і разлупіўшы яе на шырокія палосы, я перавязаў Алесю руку. Адамчык. На падаконніку ў вагоне рос альяс. Адарка адарвала ад яго два лісты, разлупіла іх напал і прыклала да ран. Сабаленка. // Падраць (звычайна зачапіўшыся, зачапіўшы). Разлупіць кашулю. □ Неяк падганяючы.. [Белалобую], хлопчык зачапіўся за сук і разлупіў ледзь не да пояса калашыну. Шуцько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слане́чнік, ‑у, м.

1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з буйным жоўтым суквеццем на высокім сцябле (вырошчваецца ў асноўным для атрымання алею з насення). На палях, апрача пшаніцы, рассцілаюцца цэлыя лясы сланечніку. Пестрак. Ніжэй згіналі цераз плот цяжкія шапкі цыбатыя сланечнікі. Адамчык.

2. Насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак. [Максім Сцяпанавіч:] — І танцаваць не ўмею. Не навучыўся, бачыш, у маладосці, бо гэта, як і лусканне сланечніку, страшэнным мяшчанствам лічылася. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слізгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да слізгаць.

2. Хутка, непрыкметна прайсці, прабегчы; хутка схавацца дзе‑н., шмыгнуць куды‑н. Кузя прапоўз некалькі метраў, слізгануў убок і нібы растварыўся ў зеляніне. Жычка. Тады, не разважаючы больш, .. [Тышкевіч] слізгануў з-пад абрыву ў ваду, зноў апёкся, аж захаланула сэрца, пайшоў па рэчцы, шукаючы адхонны бераг. Асіпенка.

3. Ссунуцца з чаго‑н., спаўзці, з’ехаць. Чорная коцікавая шапка слізганула з .. галавы [Андрэя]. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)