РАЗДЗЯЛЕ́ННЕ ЎЛАД,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму, паводле якога адзіная дзярж. ўлада падзяляецца на самастойныя і незалежныя адна ад адной заканадаўчую, выканаўчую і суд. ўлады. Прынцып Р.ў. упершыню і найб. паслядоўна ўвасоблены ў Канстытуцыі ЗША 1787, дзе тры ўлады не толькі раздзелены, але і кантралююць адна адну праз т.зв. сістэму «стрымак і процівагаў». Менш паслядоўна прынцып Р.ў. праведзены ў парламенцкіх дзяржавах, дзе парламенту належыць вяршэнства над органамі выканаўчай улады. Прынцып Р.ў. замацаваны ў арт. 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКАЯ СЦЯНА́,

сістэма ўмацаванняў і загародаў у 1961—89, якая аддзяляла ўсх. частку Берліна ад зах. (гл. Берлін, Заходні Берлін). Пабудавана паводле рашэння ўлад ГДР, каб стрымліваць уцекачоў з краіны. Берлінская сцяна — бетонны мур даўж. 45,1 км, абнесены калючым дротам, вакол якога выкапаны акопы і ўстаноўлены мінныя прыстасаванні, самастрэлы і інш. Пры шматлікіх спробах пераадолець Берлінскую сцяну загінула каля 80 чал. Дэманціравана ў 1989.

т. 3, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

сістэма дзярж. органаў, якія маюць права выдаваць законы. Ў адпаведнасці з тэорыяй раздзялення ўлад адна з трох улад, якія ўраўнаважваюць у дзяржаве адна адну. У дэмакр. дзяржавах З.ў. можа ажыццяўляцца спец. заканадаўчымі органамі (парламент, мясц. заканадаўчыя асамблеі), а таксама і непасрэдна выбарчым корпусам (палітычна дзеяздольнымі грамадзянамі) шляхам рэферэндуму; ў некаторых выпадках і органамі выканаўчай улады — у парадку дэлегаванага заканадаўства. У Рэспубліцы Беларусь З.ў. належыць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў Гомелі ў 1898—1900. Ставіла за мэту вывучэнне сан. стану Гомельскага пав., складанне яго мед. тапаграфіі і сан. карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і інш. хвароб, збор і навук. распрацоўку стат. звестак пра стан здароўя і смяротнасць насельніцтва павета, пашырэнне медыка-сан. ведаў і інш. Заснавальнік і старшыня д-р медыцыны Дз.​Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутр. спраў пад выглядам парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для ўлад нац. складу т-ва (колькаснай перавагі яўрэяў).

А.​П.​Малчанаў.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,

газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.​Купалы, У.​Жылкі, Л.​Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,

узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.​Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРТЫ́ЗМ,

палітычная кампанія праследавання Камуніст. партыі ЗША, блізкіх да яе прафсаюзаў, дзярж. служачых, дзеячаў культуры і інш. у час «халоднай вайны». Ініцыіраваны і разгорнуты старшынёй (з 1953) пастаяннай сенацкай падкамісіі па расследаваннях Дж.​Макарці (адсюль назва). У ходзе М. ў ЗША узмацніліся антыкамуністычныя, нацыяналіст. і антысеміцкія погляды, абвінавачанні ў «падрыўной дзейнасці» і шпіянажы на карысць СССР; з дзярж. службы звольнены каля 8,8 тыс. «ненадзейных элементаў». Ад паклёпу пацярпелі многія амерыканцы (пазбавіліся працы, незаконна асуджаны, у т. л. пакараны смерцю муж і жонка Розенбергі), што прывяло да значнай дыскрэдытацыі ўлад краіны. 2.12.1954 сенат вынес ганьбаванне Макарці за перавышэнне ім улады, пасля чаго ён страціў паліт. ўплыў, a М. паступова згас.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАВАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава, у якой функцыянуе рэжым канстытуцыйнага праўлення, ажыццяўляюцца прынцыпы вяршэнства закону і права. Характэрныя адзнакі П.дз.: прызнанне і гарантаванасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, судовая абарона асоб і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін, адпаведнасць унутр. заканадаўства агульнапрынятым прынцыпам і нормам міжнар. права. Канцэпцыя П.дз. склалася на аснове асэнсавання і ўспрымання універсальных ідэй мысліцеляў былых эпох — вяршэнства закона (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), раздзялення ўлад (Палібій, Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё і інш.), неадчужальнасць прыродных правоў чалавека (Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Лілберн і інш.). У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 1996, Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай П. дз.

І.​І.​Катляр.

т. 12, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВАРО́Т,

карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш. паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)