Іудзея 4/388; 5/137; 8/556
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́Я (ludaia),
старажытнарымская правінцыя на тэр. Паўд. Палесціны ў 6—41 і з 44 н.э. Цэнтр — г. Іерусалім. Пасля падзелу ў 4 да н.э. былога царства Ірада 7 у І. правіў яго сын Архелай, адхілены рымлянамі ад улады. Верагодна, І. падпарадкоўвалася рым. намесніку Сірыі, але мела ўласнага пракуратара з шырокімі паўнамоцтвамі. Мясц. духавенства мела абмежаваную суд. ўладу. У 41—44 І. ў складзе царства Ірада Агрыпы I, але потым зноў перададзена пад кіраванне пракуратараў. Тэрор і злоўжыванні рым. улад прывялі да ўсеагульнага нар. паўстання (гл. Іудзейская вайна 66—73), пасля задушэння якога І. страціла аўтаномію.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб. стараж. надпіс на раннім іўрыце.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
назва дзвюх стараж.-яўр. дзяржаў у Паўд. Палесціне. Першая (раннерабаўладальніцкая) дзяржава ўзнікла ў 928 да н.э. ў выніку распаду Ізраільска-Іудзейскага царства (існавала з 11 ст. да н.э.) і знаходзілася пад уладай нашчадкаў Давіда. Сталіца — Іерусалім, дзе знаходзіўся храм бога Яхве — гал. рэліг. цэнтр іудаізму. Аснову эканомікі складалі земляробства і жывёлагадоўля. Уварванне егіпцян у гады праўлення Рэхаваама (928—911 да н.э.) і войны з Ізраільскім царствам аслабілі І.ц. Аднак пры цару Узіі [785—733 да н.э.] яно аднавіла кантроль над Ідумеяй і атрымала выхад да Чырвонага мора. Пасля разгрому Ізраільскага царства асірыйцамі (722 да н.э.) І.ц. стала даннікам Асірыі. Асірыйскае панаванне ліквідавана пры цару Іасіі [639—609 да н.э.], які далучыў да І.ц. большую ч. тэр. Ізраільскага царства. У 587 да н.э. І.ц. заваявана вавілонскім царом Навухаданосарам II, Іерусалім і храм разбураны, большасць насельніцтва выведзена ў палон. Другое І.ц. ўзнікла ў выніку паспяховага нац.-вызв. паўстання іудзеяў супраць улады сірыйскіх правіцеляў Селеўкідаў (167 да н.э.). Яго межы не былі пастаяннымі, тэр. ядро разам з уласна Іудзеяй складалі Галілея і Самарыя. Сталіца — Іерусалім. У 165—37 да н.э. на чале ўлады знаходзілася дынастыя Хасманеяў, прадстаўнік якой Арыстобул I [104—103 да н.э.] першы афіцыйна прыняў царскі тытул. Хасманеі ваен. шляхам далучылі да І.ц. новыя тэр., насельніцтва якіх прымусова іудаізавалася. У 63 да н.э. Іерусалім захапіў рым. палкаводзец Пампей Вялікі. З гэтага часу І.ц. знаходзілася пад пратэктаратам Рыма, а яго правіцелі былі рым. стаўленікамі. Апошнімі іудзейскімі царамі, пад уладай якіх знаходзіліся ўласна Іудзея, Самарыя, Галілея і інш. тэрыторыі, былі прадстаўнікі Ідумейскай дынастыі: Ірад I [37—4 да н.э.] і яго ўнук Агрыпа I [41—44 Н.э.]. У 6—41 і з 44 н.э. Іудзея — рым. правінцыя.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война. Мн., 1991;
Яго ж. Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БЕ́РАГ РАКІ́ ІАРДА́Н,
тэрыторыя ў Зах. Азіі, у межах гіст. Палесціны (разам з усх. ч. Іерусаліма). Падзяляецца на 2 гіст. падвобласці: Самарыю (на Пн) і Іудзею (на Пд). Пл. каля 6 тыс. км². Нас. 1300 тыс. чал. (1994), у т. л. 1200 тыс. палесцінцаў і каля 100 тыс. яўрэяў. Сярод веруючых мусульмане (80%), іудзеі і хрысціяне. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Эль-Халіль — 120,4, Наблус — 64, Бейт-Лахм — 25. У рэльефе пераважаюць нізкія горы і плато, на У — даліна р. Іардан, дзе на арашальных землях вырошчваюць пладовыя, вінаград, аліўкі, агародніну. У горных раёнах вырошчваюць пераважна збожжавыя культуры, гадуюць авечак і коз. Прам-сць: харч., тэкст., абутковая. Значная ч. насельніцтва працуе ў Ізраілі. Пераважае аўтам. транспарт.
У 1922—48 брыт. ч. падмандатнай тэр. Палесціны. У 1949 уключаны ў Іарданію. У выніку т. зв. Шасцідзённай вайны 1967 акупіраваны Ізраілем (пад назвай Іудзея і Самарыя).
У 1988 Іарданія адмовілася ад права на яго. Пасля падпісання ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў частковую аўтаномію. У выніку дамоўленасці 1995 аўтаномія пашырана.
т. 7, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)