КРЫ́КАВА (Валянціна Іванаўна) (н. 13.11.1930, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947). У 1947—68 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1969—78 кіраўнік дзіцячага самадз. харэаграфічнага гуртка ў Ленінградзе. Танцоўшчыца характарнага плана. У яе выкананні высокая тэхн. свабода спалучалася з мяккай пластычнасцю рухаў, выразнымі штрыхамі падкрэсліваліся індывід. рысы персанажаў. У нац. рэпертуары стварыла каларытныя вобразы: Жанчына ў чорным («Святло і цені» Г.Вагнера), Мадэрнісцкая танцоўшчыца («Мара» Я.Глебава), Ванда («Салавей» М.Крошнера). Сярод найб. значных партый: Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Мачаха («Папялушка» С.Пракоф’ева), Ліса і Варвара («Доктар Айбаліт» І.Марозава), Вулічная танцоўшчыца і Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Цыганка («Эсмеральда» Ц.Пуні), фея Бэзу і Кошачка, Іспанка («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Іспанка («Балеро» на муз. М.Равеля). Выканала шмат характарных танцаў у балетных і оперных спектаклях, у т. л. ў операх «Фауст» Ш.Гуно («Вальпургіева ноч»), «Князь Ігар» А.Барадзіна («Палавецкія танцы»).

Л.М.Ражанава.

В.І.Крыкава.
В.Крыкава ў ролі Іспанкі («Балеро»).

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДЗІЧЭ́НКА (Ірына Дзянісаўна) (н. 22.8.1936, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1955). Працавала ў т-рах Чэлябінска і Новасібірска. У 1959—75 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яркая характарная танцоўшчыца, валодала выразнай пластыкай, моцным сцэн. тэмпераментам.

Сярод партый: Мадэрнісцкая танцоўшчыца і Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Марта («Святло і цені» Г.Вагнера), Мерседэс і Вулічная танцоўшчыца («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.Караева), Маўрытанка і Іспанка («Балеро» на муз. М.Равеля), фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), танцы — індускі («Баядэрка», Мінкуса), іспанскі, венгерскі («Лебядзінае возера» Чайкоўскага), сарацынскі («Раймонда» А.Глазунова), іспанскі танец, мазурка («Папялушка» С.Пракоф’ева), кракавяк («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), гадзітанскі, этрускі («Спартак» А.Хачатурана), а таксама ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Кармэн» Ж.Бізэ.

А.І.Калядэнка.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)