ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,

нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10​−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 10​4 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́НКА,

гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

іонныя прылады, электронныя прылады, дзеянне якіх заснавана на праходжанні эл. току праз разрэджаны газ. Маюць шкляную або керамічную абалонку, запоўненую інертным газам, вадародам або парай ртуці пад ціскам. Момантам запальвання разраду кіруюць з дапамогай дадатковых электродаў (сетак або падпальных электродаў). Форма разраду (дугавы, тлеючы, іскравы ці каронны; гл. Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя) і яго ўласцівасці залежаць ад ціску газу, тыпу катода, канстр. асаблівасцей прылады, сілы току і інш. (гл. Газаразрадныя індыкатары, Газаразрадныя крыніцы святла, Газатрон і да т.п.).

Ф.А.Ткачэнка.

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКРАВА́Я КА́МЕРА,

кіроўны трэкавы дэтэктар часціц, дзеянне якога заснавана на ўзнікненні іскравага разраду ў газе ў месцы праходжання зараджанай часціцы. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы (даследаванне ядз. рэакцый), фізіцы элементарных часціц (эксперыменты на паскаральніках), астрафізіцы (вывучэнне касм. прамянёў), медыцыне.

І.к. мае разрадны прамежак, запоўнены газам. Тэлескоп лічыльнікаў (сцынтыляцыйных, чаранкоўскіх) па-за І.к. фіксуе з’яўленне часціцы і падае на электроды камеры высакавольтны імпульс напружання. Апошні паскарае электроны, што ўзнікаюць у газавай камеры на шляху зараджанай часціцы, і выклікае іскравы разрад уздоўж следу (трэку) часціцы. Разрады фіксуюцца фатаграфічным, акустычным, відыконным і інш. метадамі. У параўнанні з інш. трэкавымі дэтэктарамі ядзерных выпрамяненняў І.к. вызначаецца малой інерцыйнасцю, прастатой.

Літ.:

Искровая камера. М., 1967.

А.В.Берастаў.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)