Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСК,
юрыдычны сродак абароны парушанага або аспрэчваемага суб’ектыўнага права. У цывільным працэсе можа быць прад’яўлены любой зацікаўленай асобай (фіз. або юрыд.). І. можа быць накіраваны на прысуджэнне адказчыка да ўчынення пэўных дзеянняў або ўстрымання ад неправамерных дзеянняў (вяртанне маёмасці, кампенсацыя страт, выплата аліментаў і да т.п.), на ўстанаўленне наяўнасці або адсутнасці праваадносін паміж бакамі або на змяненне ці спыненне праваадносін (раздзел агульнай маёмасці, скасаванне шлюбу). Форма выяўлення І. — іскавая заява, якая павінна змяшчаць пэўныя рэквізіты.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНАСЦЬ у праве,
устаноўлены законам тэрмін, сканчэнне якога цягне юрыд. вынікі: страту права на іск (іскавая Д.), на прымусовае выкананне рашэння суда, арбітражу і да т.п. (выканаўчая Д.), выключэнне крымін. адказнасці або магчымасці выканання абвінаваўчага прыгавору.
Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь цячэнне іскавай Д. звычайна пачынаецца з дня ўзнікнення права на іск, Д. для прыцягнення да крымін. адказнасці — з дня ўчынення злачынства, Д. прывядзення ў выкананне абвінаваўчага прыгавору ці суд. рашэнняў па цывільных справах — з часу набыцця імі законнай сілы. Агульны тэрмін іскавай Д. ўстанаўліваецца ў 3 гады (для асобных яе відаў закон прадугледжвае спец. тэрміны Д.). Пры наяўнасці законных падстаў цячэнне тэрмінаў іскавай Д. можа прыпыняцца або перарывацца.
Тэрміны Д. прыцягнення да крымін. адказнасці і выканання абвінаваўчага прыгавору дыферэнцыраваны законам і залежаць ад цяжкасці злачынства і назначанага судом пакарання. У такіх выпадках ён доўжыцца ад 1 да 10 гадоў з моманту ўчынення злачынства ці асуджэння. Цячэнне Д. перарываецца або прыпыняецца, калі да сканчэння гэтых тэрмінаў вінаваты зробіць новае злачынства ці асуджаны ўхіліцца ад адбывання пакарання або зробіць новае злачынства. Вылічэнне Д. ў такіх выпадках пачынаецца з моманту ўчынення новага злачынства або затрымання асуджанага. Асоба не можа быць прыцягнута да крымін. адказнасці, калі з моманту ўчынення злачынства мінула 15 гадоў і Д. не была перарвана ўчыненнем новага злачынства. Прымяненне Д. да асобы за злачынства, за якое паводле закону можа быць назначана пакаранне смерцю, вырашае суд. У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй Д. крымін. праследавання не ўжываецца да ваен. злачынцаў.
С.У.Скаруліс.
т. 6, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)