Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БРЫ́ЛЬСКАЯ
(Brylska) Барбара (н. 5.6.1941, Варшава),
польская кінаактрыса. Скончыла Вышэйшую школу тэатра, кіно і тэлебачання ў Лодзі. Вобразы, створаныя актрысай, вызначаюцца вытанчанасцю выразных сродкаў і псіхал. праўдзівасцю. Сярод фільмаў: «Фараон», «Пан Валадыеўскі», «Польскі альбом», «Анатомія кахання». Здымалася ў Германіі («След Сокала», «Белыя ваўкі», «Пігмаліён XII»), Чэхаславакіі («Канцэрт для тых, хто застаецца», «Ціхі амерыканец у Празе»), Расіі [«Вызваленне», «Гарады і гады», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, Дзярж. прэмія СССР 1977)].
т. 3, с. 276
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АСЕ́ЦКІ
(Ossietzky) Карл фон (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),
нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.
Тв.:
Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;
Weimar, 1966.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 2, с. 28
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БРАГІ́НСКІ Эміль Веньямінавіч
(н. 19.11.1921, Масква),
рускі драматург. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1944. Аўтар сцэнарыяў (разам з Э.Разанавым) фільмаў: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1968), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1974), «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, паводле іх п’есы, 1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле іх п’есы «Саслужыўцы», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж» (1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Забытая мелодыя для флейты» (1987). Яго творы адметныя тонкім гумарам, дакладнай псіхал. распрацоўкай характараў.
т. 3, с. 228
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ГРА́БЕ
(Grabbe) Крысціян Дзітрых (11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),
нямецкі драматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 378
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АРЫЁСТА
(Ariosto) Лудовіка (8.9.1474, горад Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 7.1533),
італьянскі паэт і драматург эпохі Адраджэння. Пісаў на лацінскай і італьянскай мовах. Асноўны твор — героіка-рамантычная паэма ў актавах «Неўтаймаваны Раланд» (1516), у якой перапляліся матывы сярэдневяковага эпасу і куртуазнага рыцарскага рамана; працяг паэмы «Закаханы Раланд» М.Баярда. Твор Арыёста з гуманістычным зместам і дасканалай мастацкай формай — узор культуры позняга італьянскага Адраджэння. Паэт па-язычніцку паўнакроўна адлюстраваў прыгажосць і радасці зямнога жыцця. Вытанчаная іронія надае паэме жартаўлівы характар. Стваральнік італьянскай «вучонай камедыі» («Шкатулка», 1508; «Зводніца», 1529, і іншыя).
Тв.:
Рус. пер. — Неистовый Роланд: Песни І—XXV. М.,1993.
А.С.Шаўчэнка.
т. 2, с. 6
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ГЕРТ Зіновій Яфімавіч
(21.9.1916, Масква — 18.11.1996),
расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.М.Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.Львоўскім).
т. 5, с. 200
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БАЯ́РДА
(Boiardo) Матэо Марыя, граф ды Скандыяна (Scandiano; 1441, замак Скандыяна, каля г. Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 19.12.1494),
італьянскі паэт, перакладчык. Займаў высокія прыдворныя пасады ў Ферары. Аўтар любоўнай лірыкі (зб. «Тры кнігі пра каханне», 1499), лац. вершаў (цыкл «Epigrammata», «Хвалебныя вершы пра ўчынкі фаміліі д’Эстэ»), эклог на лац. і італьян. мовах, незакончанай паэмы «Закаханы Раланд» (кн. 1—2-я і пач. 3-й, 1495), у якой перапляліся элементы рыцарскай героікі і фантастыкі, рэальнага прыдворнага жыцця і чарадзейства. Мяккая іронія Баярда разбурыла створаны ім рыцарскі свет, які набыў адценне ўмоўнасці, вытанчанай гульні ўяўлення. Дыялог Лукіяна «Ціман» перарабіў у п’есу, напісаную тэрцынамі («Timone», 1500). Перакладаў Герадота, Ксенафонта, Карнелія Непота, Апулея. Працяг паэмы Баярда напісаў Л.Арыёста.
А.С.Шаўчэнка.
т. 2, с. 369
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БЭ́ТЛЕР,
Батлер (Butler) Сэмюэл (8.2.1612, каля г. Вустэр, Вялікабрытанія — 25.9.1680), англійскі паэт-сатырык эпохі Рэстаўрацыі. Аўтар іроікамічнай, антыпурытанскай паэмы ў стылі барока «Гудыбрас» (ч. 1—3, 1663—78, не скончана). Бэтлер звяртаецца да «Дон Кіхота» М.Сервантэса (рыцар пурытанізму Гудыбрас выпраўляецца ў падарожжа са сваім верным «збраяносцам» — кручкатворам і крывадушнікам Ральфа) і парадзіруе куртуазныя (рыцарскія) раманы. У паэме створана цэласная сатыр. карціна англ. жыцця 17 ст. Гал. зброя сатыры Бэтлера — іронія і гратэск. Яго вершаваныя сатыры і эпіграмы сабраны ў «Розных думках» (выд. 1759).
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Самарин М.Р. Бэньян;
Бетлер // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4;
Ступников И.В. Литература эпохи Реставрации // История зарубежной литературы XVII в. М., 1987.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 386
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
А́НДЭРСЕН
(Anderstn) Ханс Крысціян (2.4.1805, г. Одэнсе, Данія — 4.8.1875),
дацкі пісьменнік. Аўтар кніг «Казкі для дзяцей» (т. 1—3, 1835—37), «Новыя казкі» (1843—48), «Гісторыі» (1852—53); раманаў «Імправізатар» (1835), «Толькі скрыпач» (1837), «Дзве баранесы» (т. 1—3, 1849); зб. навел «Кніга карцін без карцін» (1840); п’ес «Мулат», «Маўрытанка» (абедзве 1840), аўтабіяграфіі «Казка майго жыцця» (1846), падарожных нарысаў. Сусв. вядомасць Андерсену прынеслі казкі «Дзюймовачка», «Крэсіва», «Снежная каралева», «Прынцэса на гарошыне», «Новае ўбранне караля», «Брыдкае качаня», «Стойкі алавяны салдацік». Творчасці Андерсена ўласцівыя рамантызм і народнасць, іронія і гумар, гуманізм і філас. мудрасць. На бел. мову казкі Анднрсена перакладалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш. Казка «Салавей» паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі (1980). 1975 быў аб’яўлены годам Андерсена.
Тв.:
Бел. пер. — Брыдкае качаня. Мн., 1938;
Выбраныя казкі. Мн., 1946;
Стойкі алавяны салдацік. Мн., 1947;
Казкі. Мн., 1955;
Дзікія лебедзі. Мн., 1971;
Рус. пер. — Сказки и истории. М., 1980.
Літ.:
Грёнбек Бо. Ханс Кристиан Андерсен: Жизнь. Творчество. Личность: Пер. с дат. М., 1979;
Переслегина Э.В. Ханс Кристиан Андерсен: Биобиблиогр. указ. М., 1979.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 1, с. 364
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)