ГІПАНА́КТ

(Hippōnax; каля 540 да н.э., г. Эфес, Грэцыя — ?),

старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРДА́Н АЙГЕКЦЫ́,

армянскі байкапісец і прапаведнік канца 12 — пач. 13 ст. У свае пасланні і пропаведзі ўвёў байкі-прытчы, якія дасціпна, лаканічна і з’едліва-іранічна выкрывалі п’янства, зладзейства, ліхадзейства, помслівасць і інш. чалавечыя заганы, раскрывалі класавыя супярэчнасці тагачаснага грамадства. Т. зв. «Варданаўскі зборнік» (больш за 500 баек-прытчаў) амаль да 17 ст. дапаўняўся яго паслядоўнікамі. Частка рукапісаў Вардана Айгекцы — у зб. «Лісіная кніга» (Амстэрдам, 1668).

А.Казінян.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)