Іпатэка 5/136

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),

від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАТЭ́ЧНЫ БАНК,

камерцыйная ўстанова, якая выдае грашовыя пазыкі (крэдыты) пад залог нерухомасці або для набыцця нерухомасці, а таксама выпускае закладныя лісты, якія забяспечваюцца закладзенай нерухомасцю. Ствараецца для пакрыцця буйных капітальных затрат (напр., пабудова ірыгацыйных сістэм) або фінансавання кароткатэрміновых пазык (напр., на набыццё насення, пазыка пагашаецца пры рэалізацыі ўраджаю). І.б. мае права выдаваць крэдыты пад залог адной і той жа маёмасці двойчы, г.зн. пад закладныя — даўгавыя абавязацельствы аб залогу нерухомасці, якія выдаюцца банкам пазычальніку. Гл. таксама Іпатэка.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)