Іонная сувязь 2/350; 11/96, гл. Хімічная сувязь
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,
выпрамяненне іонаў з паверхні цвёрдага цела (эмітэра). Выклікаецца награваннем эмітэра (тэрмаіонная эмісія ці паверхневая іанізацыя) або бамбардзіроўкай першаснымі іонамі (іонна-іонная эмісія), электронамі (электронна-іонная эмісія ці дэсорбцыя электронным ударам) або фатонамі (фотадэсорбцыя). Выкарыстоўваецца для стварэння крыніц іонаў, дыягностыкі паверхні і прыпаверхневага слоя цвёрдых цел і інш.
т. 7, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ О́ПТЫКА,
сукупнасць метадаў і прылад для стварэння сфакусіраваных іонных пучкоў і кіравання імі. Прылады І.о. маюць крыніцы іонаў і факусіравальныя прылады на аснове эл. і магн. палёў. Гл. таксама Электронная і іонная оптыка.
т. 7, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ ПРАВО́ДНАСЦЬ у біялагічных сістэмах,
працэс абумоўлены ў асн. дыфузіяй іонаў; мае важнае значэнне ў транспарце рэчываў паміж асобнымі клетачнымі структурамі, у генерыраванні і правядзенні біял. імпульсаў і стварэнні рознасці патэнцыялаў паміж асобнымі арганеламі клеткі, яе знешнім і ўнутр. асяроддзем. Сумарную І.п. (у асн. для калію К+, натрыю Na+, хлору Cl−) ацэньваюць па формуле, што ўлічвае іонныя градыенты, каэфіцыенты пранікальнасці іонаў і мембранную рознасць патэнцыялаў. У тэорыі генерыравання біяэлектрычных патэнцыялаў для патокаў асобных іонаў карыстаюцца паняццем парцыяльнай І.п.
т. 7, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,
тып хімічнай сувязі, якая ўтвараецца за кошт дзеяння электрастатычных (кулонаўскіх) сіл паміж процілегла зараджанымі іонамі. Іоны ўтвараюцца з атамаў элементаў у выніку пераносу валентнага электрона ад атама элемента з нізкім іанізацыі патэнцыялам да атама элемента з вялікай роднасцю да электрона. Характэрна для хім. злучэнняў найб. актыўных металаў (шчолачных, шчолачназямельных і інш.) з тыповымі неметаламі (у асн. галагенамі). Такія злучэнні (напр., хларыд калію K+Cl−, фтарыд цэзію Cs+F−) існуюць пераважна ў выглядзе крышт. рэчываў — іонных крышталёў і пры растварэнні ў палярных растваральніках дысацыіруюць на іоны.
т. 7, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ ЎЗБУДЖЭ́ННЯ,
тэорыя, што звязвае ўзнікненне ўзбуджэння з рухам іонаў праз паверхневую мембрану ўзбудлівай клеткі. Узбуджэнне абумоўлена павышэннем выбіральнай пранікальнасці мембраны ў адносінах да паза- і ўнутрыклетачных іонаў. У іх аснове складаныя фіз.-хім. (ферментатыўныя, структурныя, эл., тэмпературныя) працэсы.
т. 7, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КІХ НАПРУ́ЖАННЯЎ ТЭ́ХНІКА,
раздзел электратэхнікі, які ахоплівае вывучэнне і выкарыстанне эл. з’яў, што адбываюцца ў розных асяроддзях пры высокіх (больш за 1 кВ) напружаннях. Асн. праблема высокіх напружанняў тэхнікі — стварэнне для ЛЭП, эл. машын і ўстановак высакавольтнай ізаляцыі, якая забяспечвае іх надзейную працяглую работу і здольнасць вытрымліваць перанапружанні.
Займаецца таксама даследаваннем кароннага разраду і ВЧ-выпрамяненняў, якія ўзнікаюць на высакавольтных устаноўках; распрацоўкай і эксплуатацыяй электраўстановак, выпрабавальных і вымяральных прыстасаванняў і прылад высокага напружання. Самастойны раздзел высокіх напружанняў тэхнікі — электронна-іонная тэхналогія, што выкарыстоўваецца ў сістэмах газаачысткі, для афарбоўкі і інш. мэт.
т. 4, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМБРА́ННАЯ ТЭО́РЫЯ ЎЗБУДЖЭ́ННЯ ў фізіялогіі,
тэорыя ўзбуджэння мышачных і нервовых клетак. Асн. яе палажэнні сфармуляваны ням. нейрафізіёлагам Ю.Бернштэйнам (1902). Паводле гэтай тэорыі пры раздражненні ўзбудлівай клеткі ў яе вонкавай мембране адбываецца малекулярная перабудова, што вядзе да змены пранікальнасці мембраны і з’яўлення трансмембранных іонных токаў. Крыніца энергіі гэтых токаў — нераўнамернае размеркаванне асн. неарган. іонаў (іонны градыент) паміж цытаплазмай і пазаклетачным асяроддзем, якое абумоўлівае ўзнікненне рознасці эл. патэнцыялаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Іонная тэорыя ўзбуджэння.
Літ.:
Ходоров Б.И. Проблема возбудимости. Л., 1969;
Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.
т. 10, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)