МІСЕ́ВІЧ Уладзіслаў Людвігавіч (н. 8.5.1945, г. Арэнбург, Расія),
бел. эстрадны музыкант. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі (1963—66), скончыў Мінскі ін-т культуры (1988). З 1967 артыст-інструменталіст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1969—93 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 артыст і дырэктар вак.-інстр. ансамбля «Беларускія песняры» пры Дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». Валодае некалькімі духавымі муз. інструментамі (флейта, саксафон, дудачкі), добрымі вак. данымі.
Г.М.Загародні.
т. 10, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЕН (Niemen) Чэслаў [сапр. Выджыцкі
(Wydrzycki) Чэслаў Юліуш; 16.2.1939, в. Старыя Васілішкі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.2004], польскі спявак, кампазітар, інструменталіст. Вучыўся ў Гродзенскім муз.-пед. вучылішчы (1954—58),
у муз. школе ў Гданьску. З 1962 саліст групы «Небеска-Чарні», заснавальнік і вакаліст груп «Акварэле», «Немен Энігматык», «Немен», «Немен Аэраліт». З 1980-х г. выступаў сольна. Першы выканаўца польскай папулярнай музыкі. Валодаў моцным нізкім голасам шырокага дыяпазону, для яго характэрна экспрэсіўная манера выканання. Аўтар і выканаўца музыкі і песень да спектакляў, кінафільмаў, у т. л. «Гульня» Е.Каваляровіча, «Выйшаў у ясны, пагодны дзень» К.Вайцяхоўскага, «Вяселле» А.Вайды. Запісаў шмат альбомаў з групамі і асобна. Лаўрэат міжнар. фестываляў эстраднай песні ў г. Аполе (1967), Сопат (1979).
Дз.А.Падбярэзскі.
т. 18, кн. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ ў музыцы,
гукавая рэалізацыя нотнага тэксту ў працэсе выканання. Залежыць ад сістэмы эстэт. прынцыпаў пэўнага кірунку муз. мастацтва і асаблівасцей нац. школы, да якіх належыць выканаўца. Артыст (спявак, дырыжор, інструменталіст) сродкамі выканальніцкага майстэрства на аснове індывід. падыходу і ўласнай творчай канцэпцыі раскрывае сэнс муз. твора, закладзены аўтарам.
Мастацтва І. вядома з сярэдзіны 18 ст., калі музыканты, акрамя ўласных твораў, пачалі выконваць творы інш. аўтараў. Значэнне яго павялічылася ў 19 ст. з развіццём канцэртнай дзейнасці, узнікненнем розных стыляў муз. выканальніцтва і звязаных з імі псіхал., тэхнал. і ідэйна-маст. праблем. Тэорыя муз. І. з’яўляецца адной з галін музыказнаўства. Вывучаюць І. на падставе даследавання мемуарнай і эпісталярнай л-ры, узораў гуказапісу, аналізу транскрыпцый і апрацовак муз. твораў вядомымі выканаўцамі.
Літ.:
Корыхалова Н.П. Интерпретация музыки. Л., 1979.
Э.А.Алейнікава.
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБА́РА Генадзь Іванавіч (н. 18.5.1952, саўгас імя Леніна, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл.),
бел. кларнетыст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1970, клас У.Скараходава; у 1975—80 выкладаў у ім), Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975), асістэнтуру-стажыроўку пры ім (1981). З 1975 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1986 саліст-інструменталіст Бел. філармоніі, з 1991 артыст ансамбля салістаў «Класік-Авангард». З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1988). У сольных канцэртах выканаў анталогію камернай музыкі для кларнета з твораў класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. бел., прысвечаных менавіта З. (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дамарацкага, К.Цесакова і інш.). Аўтар пералажэнняў для кларнета твораў Л.Бетховена, І.Брамса, К.Вебера, Р.Шумана, Ф.Шуберта і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў (1979, Мінск), міжнар. конкурсу «Пражская вясна» (1981). Сярод яго вучняў П.Навуменка, Г.Казадой, Я.Ягудзін.
т. 6, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́Р Дзмітрый Андрэевіч (8.11.1898, Мінск—8.6.1951),
бел. дырыжор, інструменталіст, рэжысёр, кампазітар. У 1920—24 рэжысёр і акцёр трупы пры Палітаддзеле Зах. фронту, сіламі якой (уключала хор, аркестр, танц. групу) паставіў шэраг муз. і муз.-драм. твораў, у т. л. оперу «Тапельніца» М Лысенкі, «Сватанне на Ганчароўцы» з муз. К.Стацэнкі. У 1928 стварыў першы ансамбль бел. нар. інструментаў (цяпер Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча), да 1935 яго маст. кіраўнік і дырыжор. Адначасова (1928—32) выкладаў у Бел. муз. тэхнікуме. Удзельнічаў у рэканструкцыі нац. муз. інструментаў (зрабіў гукарад ліры храматычным, па яго чарцяжах удасканалены цымбалы, створаны іх арк. разнавіднасці), фарміраванні рэпертуару для бел. нар. аркестра (аўтар апрацовак бел. нар. песень і танцаў, арыг. п’ес, аранжыровак твораў В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, Р.Шумана). У 1920—40-я г. выступаў у канцэртах як віртуоз-балалаечнік, іграў таксама на цымбалах, домры, гітары, дудцы, кларнеце.
Н.П.Яканюк.
т. 7, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)