помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1825 у в. Індура Гродзенскага р-на. У 1901—04 да паўн. і паўд. фасадаў прыбудаваны вежы, з усх. боку зроблена прыбудова, якая ўключае трансепт, апсіду і сакрысціі. Асн. аб’ём захаваў пластычнае афармленне пач. 19 ст. Касцёл складаецца з трохнефавага асн. аб’ёму, шырокага трансепта, маленькай паўцыркульнай апсіды з бакавымі прыбудовамі і 2 вежаў, завершаных фігурнымі шлемамі з шатровымі ліхтарамі. Гал. фасад вылучаны магутным 4-калонным порцікам з атыкам і вял. паўцыркульным праёмам. Сцены па ўсім перыметры апяразаны дарычным антаблементам і члянёны пілястрамі. У касцёле 3 алтары ў стылі позняга класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУР́А,
вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Ваўкавыск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і чыг. ст. Гродна. 1574 ж., 552 двары (1997).
У пач. 16 ст. двор маршалка ВКЛ Я.Я.Давойнавіча, які да 1525 заклаў тут мястэчка. З 2-й пал. 16 ст. ўласнасць Кішкаў, Радзівілаў, Пацаў, Валовічаў, Агінскіх, Салагубаў, Масальскіх і інш. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1897—2681 ж., 314 двароў, царква, касцёл, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, прыходскае вучылішча, фельч. пункт, бровар, 2 вінакурні, 16 майстэрняў, вапнавы з-д, 8 корчмаў У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1.5.1940 гар. пасёлак, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на, з 29.12.1949 вёска. У 1971—1549 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры Індурскі Троіцкі касцёл (1825). Царква. На ўскраіне вёскі археал помнік Індура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІ́ШЫ,
дзяржаўныя дзеячы герба «Лебедзь» у ВКЛ. Магчыма, іх род з’яўляецца адным са шматлікіх адгалінаванняў літоўскага баярскага роду, які прыняў герб «Лебедзь» у час заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Родапачынальнік Завіша ўпамінаецца ў 1443—86. Найб. вядомыя:
Мельхіёр (1525?—1592), маршалак гаспадарскі ў 1578—88, кашталян віцебскі з 1588. Ян (каля 1550—1626), падкаморы лідскі ў 1593—96, ваявода мсціслаўскі ў 1596—99, ваявода віцебскі і староста суражскі з 1599. Ян Мікалай (каля 1585—1647), кашталян віцебскі з 1626. Андрэй (каля 1557—1604), ваявода мінскі ў 1596—98, падскарбі земскі ВКЛ з 1598. Крыштоф (каля 1600—70), лоўчы ВКЛ у 1629—37, пісар вялікі ВКЛ у 1637—49, староста мінскі ў 1631—45 і браслаўскі з 1645, маршалак надворны ў 1649—54, маршалак вялікі ў 1654—69, кашталян віленскі з 1669. Крыштоф Станіслаў (20.4.1666—15.8.1721), староста чачэрскі з 1684, мінскі з 1685, ваявода мінскі з 1720. У мемуарах апісаў паліт. падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай. Ігнацы (каля 1690—16.8.1738), мечнік ВКЛ у 1730—34, падкаморы ВКЛ у 1734—36, маршалак надворны з 1736, староста мінскі, чачэрскі, хаславіцкі, сумілішскі і індурскі, ген.-маёр кавалерыі. Ян Казімір (1820—87), гл.Завіша Я.К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ РАЁН,
на ПнЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,7 тыс.км². Нас. 68,6 тыс.чал. (1996), гарадскога 19%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Гродна; г.Скідзель, г.п.Сапоцкін, 383 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Абухаўскі, Адэльскі, Азёрскі, Баранавіцкі, Верцялішкаўскі, Гожаўскі, Індурскі, Капцёўскі, Квасоўскі, Лойкаўскі, Парэцкі, Путрышкаўскі, Раціцкі, Скідзельскі.
Большая частка раёна занята Нёманскай нізінай, на З — Гродзенскае ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 100—170 м, найвыш. пункт 247 м (каля в. Капцёўка). Карысныя выкапні: торф, мел, цагельныя гліны, сілікатныя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапелі. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 545 мм за год. Вегет. перыяд 199 сут. Гал. рака Нёман з прытокамі Свіслач, Ласосна, Чорная Ганча, Котра. Аўгустоўскі канал злучае р. Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Кальніца, Вераўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 31,7% тэр. раёна (буйн. масіў Гродзенская пушча на ПнУ), пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя лясы. Пад балотамі 2,5% плошчы (балотныя масівы Святое, Масткі-Нівішча, Закрэўшчына і інш.). На тэр. раёна ландшафтны заказнік Азёры, біялагічныя — Гожаўскі і Сапоцкінскі. Помнікі прыроды: кангламерат пясчана-жвірова-галечны «Прынёманскі», геал. агаленні Калодзежны Роў і Равец.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 117 тыс.га, з іх асушаных 20,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, 4 с.-г. прадпрыемствы, 4 птушкафабрыкі. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, конегадоўля), буракаводства, бульбаводства, агародніцтва. Пасевы збожжавых культур і кармавых траў. Прадпрыемствы харч. (Скідзельскі цукровы камбінат, вытв-сць мясных і агароднінных кансерваў, масла, сыру, крухмалу), дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы, сталярныя вырабы), паліўнай (торфабрыкет) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (кафля, жалезабетонныя вырабы). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Вільня—Гродна—Беласток (Польшча), Гродна—Масты; аўтадарогі ад Гродна на Беласток (Польшча), Друскінінкай (Літва), Астрыну, Ліду, Вял. Бераставіцу—Ваўкавыск. У раёне 23 сярэднія, 20 базавых і 6 пач. школ. ПТВ № 199. 11 муз., дзіцяча-спарт., 2 санаторныя школы, дапаможная школа-інтэрнат. 26 дашкольных устаноў, 41 клуб, 49 б-к. 55 бальнічных устаноў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: касцёл Тэклі (1854) у в. Адамавічы; касцёл Ушэсця (1-я пал. 18 ст.) у в. Адэльск; царква Ушэсця (пач. 20 ст.) у в. Азёры; Крыжаўзвіжанская царква (1881) у в. Галавачы; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Галынка; касцёл (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.) у в. Гожа; Благавешчанская царква (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Жытомля; касцёл Марыі (пач. 20 ст.) у в. Зарачанка; Троіцкі касцёл (1825) у в. Індура; Праабражэнская царква (1844) у в. Коматава; Мікалаеўская царква (1822) у в. Лаша; касцёл (1806) у в. Парэчча; сядзібны дом (канец 19 ст.) у в. Свіслач; палацава-паркавы ансамбль (канец 18 ст. — пач. 19 ст.) у в. Свяцк; Праабражэнскі касцёл (1899) у в. Селіванаўцы. Помнік гідратэхн. буд-ва 19 ст. — Аўгустоўскі канал. У в. Верцялішкі мемарыяльны комплекс на брацкай магіле сав. воінаў. Вёска Квасоўка — стараж. цэнтр маст. рамяства (ручное ткацтва і апрацоўка дрэва). Выдаецца газ. «Сельская навіна».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гродзенскага р-на. Мн., 1993.