ШАМІ́СА (Chamisso) Адэльберт фон (30.1.1781, Шампань, Францыя — 21.8.1838),
нямецкі пісьменнік, вучоны-прыродазнавец. У 1812—15 вывучаў медыцыну, батаніку, заалогію ў Берлінскім ун-це. У 1815—18 як натураліст прыняў удзел у рас. кругасветнай экспедыцыі (кн. «Падарожжа вакол свету на караблі «Рурык», 1834—36). У фантаст. аповесці «Незвычайная гісторыя Петэра Шлеміля» (1814) рамант. пратэст супраць адчужанасці асобы ў несправядлівым грамадстве і згубнага ўплыву золата на чалавечы лёс. Паэзія Ш. вызначаецца дэмакр. накіраванасцю (вершы «Замак Банкур», «Інвалід у вар’яцкім доме»), простай і эмацыянальна выразнай формай, блізкай да традыцыі ням. нар. песні (лірычны цыкл «Песні і абразкі жыцця», 1830; цыкл балад «Нямецкія народныя паданні», 1838). Тэма вызв. барацьбы, вобразы грэч., ісп., рус., польскіх патрыётаў у цыклах «Вандраванні» (1830), «Выгнаннікі» (1831). Перакладаў з франц., ісп., дацкай, рус. моў. Яго лірычны цыкл «Каханне і жыццё жанчыны» (1830) паклаў на музыку Р.Шуман. На бел. мову асобныя творы Ш. пераклалі А.Зарыцкі, У.Папковіч.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;
Рус. пер. — Избранное. М., 1974.
С.Дз.Малюковіч.
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)