ФОТАЯ́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ, ядзерны фотаэфект,

пераўтварэнні атамных ядраў у выніку іх узаемадзеяння з гама-выпрамяненнем. Адбываюцца, калі энергія гама-квантаў перавышае энергію сувязі прадуктаў рэакцыі ў ядры (парогавыя рэакцыі).

Пры ўзаемадзеянні з ядром гама-квант рассейваецца (гл. Рассеянне мікрачасціц) або паглынаецца. Пры паглынанні гама-кванта дастаткова вялікай энергіі атамнае ядро вылучае 1 ці некалькі нуклонаў (найб. імаверна — нейтронаў) ці дзеліцца на асколкі (гл. Дзяленне ядраў). Даследуюць Ф.р. з дапамогай анігіляцыйнага (гл. Анігіляцыя) і тармазнога выпрамянення. Выкарыстоўваюць для даследаванняў структуры ядра, вывучэння элементнага саставу горных парод, сплаваў, сумесей і інш.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-ДЗІ́РАЧНАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

кандэнсаваны стан нераўнаважнай электронна-дзірачнай плазмы ў крышт. паўправадніках. Утвараецца, калі канцэнтрацыя электронаў у зоне праводнасці і дзірак у валентнай зоне і/ці эксітонаў перавышае некаторае крытычнае значэнне.

Пры крытычнай канцэнтрацыі электронна-дзірачных пар адбываецца звадкаванне эксітоннага газу, у выніку чаго ўзнікаюць кроплі Э.-дз.в., якія суіснуюць з газам эксітонаў, электронаў і дзірак. Кроплі Э.-дз.в. ўяўляюць сабой «згусткі» ўведзенага ў крышталь узбуджэння. Энергія ўзбуджэння вылучаецца ў працэсе рэкамбінацыі электронаў і дзірак. Утварэнне Э.-дз.в. больш імаверна ў непрамазонным паўправадніку, энергія электронаў (дзірак) якога мае некалькі мінімумаў (максімумаў) пры розных значэннях квазіімпульсу.

Літ.:

Электронно-дырочные капли в полупроводниках. М., 1988.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)