Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНЫ,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Бягомль — в. Зембін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на ПнЗ ад горада і 48 км ад чыг. ст. Барысаў, 114 км ад Мінска. 540 ж., 191 двор (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам і партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Мемарыяльны парк герояў, Іканскі музей народнай славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЫКІ́»,
валуны, помнік прыроды на Беларусі. 2 блокі чырвонага буйназярністага граніту за 4 км на Пн ад в.Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на З ад дарогі Зембін—Бягомль. Даўж.паўн. блока 3 м, шыр. 1,8 м, паўд. — адпаведна 2,5 м і 1,4 м, выш. да 2,1 м, агульны абвод 14,3 м. Аб’ём 17 м³, маса каля 50 т. Прынесены са Скандынавіі каля 200 тыс. гадоў назад. На паверхні «быкоў» расце 21 від лішайнікаў і 8 відаў імхоў, сярод якіх ёсць рэдкія. Назва «быкоў» звязана з легендай, паводле якой Бог ператварыў у камяні быкоў і аратага, што працаваў на Вялікдзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1964 у в.Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. як школьны, з 1977 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 536 м², больш за 7,6 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Асн. экспазіцыя прысвечана падзеям Вял.Айч. вайны на Барысаўшчыне: стварэнне і дзейнасць партыз. атрадаў, брыгад Барысаўска-Бягомльскай партыз. зоны, матэрыялы пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, карта спаленых імі вёсак; у зале «Памяць сэрца» запісаны прозвішчы 5 тыс загінуўшых жыхароў раёна. У этнагр зале экспануюцца нар. адзенне, драўляны і керамічны посуд, вырабы з лену і саломкі. У маст. галерэі дэманструюцца карціны самадзейных і прафесійных мастакоў, творы графікі і скульптуры. Вакол музея парк Герояў, у якім устаноўлены бюсты Герояў Сав. Саюза, абеліск з імёнамі землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, урны з зямлёй гарадоў-герояў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́ЛЬБЕРТ (Фёдар Фёдаравіч) (7.9.1917, г. Тарту, Эстонія — 19.2.1986),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў вучылішча прыгожых мастацтваў у г. Ліепая (1934), вучыўся на арх. ф-це Латвійскага ун-та (1936—39). На Беларусі з 1946. Адзін з арганізатараў эксперым. керамічнай лабараторыі ў Мінску (1959) і вытв-сці керамікі ў Барысаве (1963). Выкладаў у Бел.тэатр.маст. ін-це (1965—71). Сярод твораў: скульпт. кампазіцыі «Ураджай» (1947), «Гусляр», «Памром, але крэпасць не пакінем!» (абедзве 1956); партрэты Г.Цітовіча (1948), А.Міцкевіча (1955), барэльефы М.Сеўрука (1978), Я.Коласа (1981), «Сустрэча паэтаў Я.Райніса і Я.Купалы» (1982); падлогавыя вазы «Зубр» (1977), «Папараць» (1979); дэкар. пласты «Нацюрморт» (1977), «Макі» (1978), «Восень у садзе» (1979). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, з П.Дурчыным), дэкар. керамікі для інтэр’ера Музея нар. славы ў в.Іканы Барысаўскага р-на і інш.Іл.гл. таксама да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ТБУС»
(«Cottbus»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Праводзілася супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Бягомльскім, Плешчаніцкім, Халопеніцкім р-нах Мінскай і Лепельскім р-не Віцебскай абл. 20.5—21.6.1943 спец. карнымі часцямі СС, жандармерыяй, ахоўнымі войскамі, паліцыяй з падтрымкай рэгулярных войск з танкамі, артылерыяй і авіяцыяй (усяго больш за 80 тыс.чал.). Карнікі з мэтай знішчэння акружылі ў раёне Домжарыцкіх і Паліцкіх балот партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Жалязняк», імя Кірава, але ў ноч на 19 чэрв. партызаны выйшлі з блакады, і ням. камандаванне спыніла аперацыю. У ходзе аперацыі карнікі загубілі каля 10 тыс.мясц. жыхароў, спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Ганцавічы (загубілі.145 чал.), Іканы (550 чал.), Новае Сяло (148 чал.) Бягомльскага р-на, Засоўе (235 чал.), Літвічы (118 чал.) Плешчаніцкага р-на, у г.п. Бягомль забілі 300 чал.; вывезлі ў Германію 6053 чал., захапілі 6500 галоў жывёлы, 684 т збожжа, 24 т бульбы і інш.с.-г. прадуктаў.
Літ.:
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995. С. 369—370.