ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.
Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Изборник Святослава 1073 г. М., 1983;
Изборник 1076 г. М., 1965.
Літ.:
Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст. М., 1977;
Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.
т. 7, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЙДО́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1.6.1792, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 1.5.1832),
рускі гісторык, археограф, філолаг, даследчык бел. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1825). Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). Працаваў выкладчыкам гімназіі, з 1817 у архіве Мін-ва замежных спраў. У 1813 на вайск. пасадзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт беларусаў. З 1815 прымаў удзел у Румянцаўскім гуртку, збіраў і даследаваў стараж. ўсх.-слав. помнікі. У 1817—18 разам з П.М.Строевым адшукаў «Ізборнік Святаслава 1070», выдаў творы К.Тураўскага ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.» (1821). Выявіў і апісаў старадрукі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Даследаваў «Слова аб палку Ігаравым» і адстойваў яго стараж. паходжанне. Склаў кароткі слоўнік бел. мовы і апублікаваў яго ў працы «Пра беларускую гаворку» (1822). Найб. вядомыя яго творы «Іаан Экзарх Балгарскі» (1824), «Дакладнае апісанне славяна-расійскіх рукапісаў, якія зберагаюцца... у б-цы... Ф.А.Талстога» (1825, з Строевым).
М.Б.Батвіннік.
т. 7, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
экспедыцыя, якая накіроўваецца для выяўлення і збору гіст. крыніц. Адну з першых экспедыцый у 1809 арганізавала Рас. АН у гарады паўн. Расіі і на Украіну. У час экспедыцый 1817—18 (М.П.Румянцаў) і 1820 (П.М.Строеў) абследаваны архівы Масквы, б-кі манастыроў Маскоўскай, Наўгародскай і Разанскай губ. (выяўлены Ізборнік Святаслава 1073, Судзебнік 1497 і інш.). У 1829—34 археаграфічная экспедыцыя на чале са Строевым даследавала каля 200 архіваў і б-к Паўн. Расіі, сабрала каля 3 тыс. актаў, летапісаў і інш. дакументаў 14—17 ст. (многія з іх выдала Археаграфічная камісія). Шэраг крыніц, у т. л. 14 ст., выявіла ў 1852—54 археаграфічная экспедыцыя М.В.Калачова, якая працавала ў Цэнтр. Расіі. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. экспедыцыі арганізоўвалі Віленскія археал. і археаграфічная камісіі, навуч. акруга. Іх праводзілі М.К.Баброўскі, І.І.Грыгаровіч, А.І.Мілавідаў і інш. Матэрыялы, сабраныя на Беларусі, захоўваюцца таксама ў рас. б-ках (АН, Маскоўскага ун-та і інш.). У 1970—80-я г. гіст. крыніцы збіралі Нац. б-ка Беларусі, Цэнтр. навук. б-ка імя Я.Коласа АН Беларусі, Рэсп. музей гісторыі рэлігіі, Веткаўскі музей нар. творчасці і інш.
т. 1, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)