А́НДРЫЧ (Andrycz) Ніна

(н. 11.11.1915, Брэст),

польская актрыса. Скончыла Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1935). Працуе ў варшаўскім «Тэатры Польскім». Яркі тэмперамент актрысы найб. поўна раскрыўся ў ролях рамант. рэпертуару. Яе мастацтву ўласцівыя тонкасць псіхал. аналізу, трагічная глыбіня вобразаў; лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Жанна («Святая Іаанна» Б.Шоу), Хімена і Ізабэла Лэнцкая («Лялька» паводле Б.Пруса).

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГА́НСА (Berganza) Тэрэса

(н. 16.3.1935, Мадрыд),

іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.А.Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАДУ́ЛІНА Бэла

(Ізабэла) Ахатаўна (н. 10.4.1937, г. Масква),

руская паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.Горкага (выключана за подпіс ліста ў абарону Б.Пастарнака). Друкуецца з 1955. Аўтар зб. вершаў «Струна» (1962), «Урокі музыкі» (1969), «Свечка» (1977), «Сад» (1987; Дзярж. прэмія СССР 1989), «Таямніца» (1983), «Выбранае» (1988); паэм «Мая радаслоўная» (1964), нарысаў, кінасцэнарыяў. Перакладае з груз. і інш. моў: у 1959 выйшаў зб. вершаў груз. паэтэсы Г.Каландадзе «Ляціце, лісты», у 1977 — кн. арыгінальных перакладаў і вершаў «Сны пра Грузію».

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сын рэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першы гіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял. гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т.л. «3 Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1976—80.

Літ.:

Моруа А. Три Дюма: Пер. с фр. Мн., 1982.

І.С.Александровіч.

т. 6, с. 129

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)