ІДЭА́ЛЬНАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

ідэалізаваная вадкасць, у якой у адрозненне ад рэальнай вадкасці адсутнічаюць вязкасць і цеплаправоднасць. І.в. неперарыўная, не мае структуры. Такая ідэалізацыя дапушчальная ў многіх выпадках у гідрааэрамеханіцы і добра апісвае рэальныя цячэнні вадкасцей (і газаў) на дастатковым аддаленні ад мяжы падзелу з нерухомым асяроддзем.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,

лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.​Арно і К.​Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл. Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл. Універсаліі лінгвістычныя). А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,

асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук. міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.

Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс. га, ідэальная — да 250 тыс. га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),

у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.​Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.​Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.​Л.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНО́ ЦЫКЛ,

абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.

Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).

А.​І.​Болсун.

Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБО́Ў,

інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.

У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.​Гельвецый, Ш.​Мантэск’ё, А.​Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.​Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.​Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.​Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац.-групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, С.​Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.​К.​Сарбеўскі, Ф.​Карпінскі, М.​Лавіцкі, М.​К.​Судзілоўскі, Я.​Чачот і інш.

У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм. Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап. феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;

Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Ивин А.А. Введение в философию истории. М., 1997;

Мэй Р. Любовь и Воля: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТР,

1) у вершаскладанні — абазначэнне меры верша — стапы з яе варыяцыямі, рытмавы ўзор; ідэальная схема чаргавання доўгіх і кароткіх складоў у антычным вершы (гл. Метрычнае вершаскладанне), націскных і ненаціскных у сілаба-танічным (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне). Адрозніваюць М. 2-складовыя (харэй, ямб) і 3-складовыя (дактыль, амфібрахій, анапест). Могуць быць адхіленні ад прынятай схемы: пропуск ненаціскных складоў (спандэй) або іх лішак (пірыхій), але метрычны закон у цэлым вытрымліваецца.

Тэрмінам М. абазначаюць і вершаваны памер — пэўную колькасць аднолькавых стоп у вершаваным радку і характар гэтых стоп (2-складовых і 3-складовых). Напр., верш Я.​Купалы «У вечным боры...» напісаны 4-стопным харэем (у кожным яго радку чатыры 2-складовыя стапы з націскам на 1-м складзе). У ант. вершы ў залежнасці ад колькасці паўтарэнняў пэўнага М. адрозніваюць манаметр (1 М.), дыяметр (2 М.), трыметр (3 М.), тэтраметр (4 М.), пентаметр (5 М.), гекзаметр (6 М.), гептаметр (7 М.) і актаметр (8 М.).

2) У музыцы — сістэма арганізацыі рытму, заснаваная на захаванні пэўнай меры ў адносінах велічыні рытмічных пабудоў. Гістарычна склаліся 2 асн. сістэмы М. — квантытатыўная (колькасная, складовалічыльная, часавымяральная), што будуецца на паўтарэнні пэўнай паслядоўнасці няроўных па часе долей (рытмаформулы), і акцэнтная (тактавая, якасная), заснаваная на заканамерным чаргаванні моцных і слабых (апорных і неапорных) аднолькавых па часавай працягласці долей.

Квантытатыўная сістэма характэрна для з’яў, дзе паэзія і музыка неаддзельныя; адзінка вымярэння тут — стапа. Акцэнтная вызначае распад пачатковага сінкрэтызму і ўсталяванне такта ў сучасным разуменні — як адзінкі ўласна музычнага М. Акцэнтны, або тактавы, М. бывае просты (2- і 3-дольны) і складаны (спалучэнне 2-, 3-дольных метрычных груп у 4-, 6-, 9-, 12-дольныя). Існуе і мяшаны М., створаны спалучэннем 2 і больш разнародных груп (5-, 7-дольны). Чаргаванне моцных і слабых долей фіксуецца тактавым памерам — фармальнай рытмічнай схемай, якая ў творы напаўняецца разнастайнымі рытмічнымі малюнкамі, індывідуалізуецца. Просты М. вызначаюць памеры 2/4, 3/4, 3/8, складаны — 4/4, 6/4, 6/8, 9/8, 12/8 і інш., мяшаны — 5/4, 7/4, 7/8 і інш. М. можа выяўляцца ў рэгулярнай і нерэгулярнай паслядоўнасці тактаў. Пры рэгулярным М. тактавая велічыня нязменна паўтараецца, што выяўлена ў пастаянным муз. памеры. Нерэгулярны М. бывае перыядычна-пераменны (з чаргаваннем тактаў 2/4, 3/4) і свабоднапераменны (без устаноўленага парадку). У бел. музыцы вуснай традыцыі квантытатыўная метрыка ў чыстым выглядзе ўласціва нар. песням найстараж. пласта, часткова карагодам і танцам, якія будуюцца на паўтарэнні розных для кожнага жанру пэўных рытмаформул. У фальклоры колькасная сістэма М. найб. устойлівая, звязана з асаблівасцямі нар. вершаскладання («Каля майго церама», «На нова лета», «Ці дома, дома сам пан гаспадар»), У познатрадыц. нар. творчасці квантытатыўны М. паступова ператварыўся ў акцэнтны, што абумоўлена зменай інтанацыйнага строю напеваў, у якіх павялічылася роля эмац. пачатку (выкрыкі, воклічы і інш.) і вырасла значэнне характэрных стылявых рыс канта. Адначасова колькасная сістэма М. часткова захоўвае сваё ўздзеянне. Невыпадкова ў сучасных запісах фальклору тактавая сістэма М. набывае характар т.зв. «народных тактаў» (тэрмін П.​Сакальскага), тактавыя рысы якіх паказваюць не месца акцэнту, а межы радкоў і такім чынам падпарадкоўваюцца законам нар.-песеннага вершаскладання. У выніку ўзнікае свабодна-пераменны М. На Беларусі фарміраванне акцэнтнай метрыкі адбывалася ў кантавай культуры (16—17 ст.). У прафес. музыцы нашага часу пад уплывам нар. творчасці розных гіст. пластоў на новым якасным узроўні адбываецца ўзаемапранікненне і ўзаемадзеянне абодвух тыпаў метрыкі. У вак. творах строгая метрычнасць часам парушаецца ў выніку гібкага руху за метрыкай паэт. тэксту. Падобныя з’явы пашыраны і ў інстр. музыцы, дзе свабодна-пераменны М. нярэдка выяўляе асаблівую маст. задуму. У сучаснай бел. музыцы рытм можа быць і свабодным ад М. (1-я ч. канцэрта для габоя і камернага арк. «Плач» Г.​Гарэлавай, і інш.).

Літ.:

Холопова В. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой пол. XX в. М., 1971;

Яе ж. Русская музыкальная ритмика. М., 1983;

Харлап М.Г. Ритм и метр в музыке устной традиции. М., 1986;

Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966.

Т.​Л.​Шчэрба, М.​В.​Шыманскі (музыка).

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)