Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУ́МЕН (ад грэч. hēgumenos літар. вядучы),
настаяцель правасл. манастыра (у жаночых — ігумення). У старажытнасці — настаяцель кожнага манастыра; паводле палажэння 1764 у Рас. імперыі — толькі манастыра 3-га класа. І. буйнейшых манастыроў (пасля 1764 манастыроў 1-га і 2-га класаў) маюць тытул архімандрыт. Тытул 1. можа надавацца настаяцелю храма, калі ён манах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУ́МЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1923 у Мінскай губ. Цэнтр — г.Ігумен (сучасны Чэрвень). Пл. 9,4 тыс.км², нас. 234 792 чал. (1897). Падзелены на 22 воласці (1912); Амяльнянскую (з 13.12.1922 Кнорынская), Белічанскую, Брадзецкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Верхменскую, Грабёнскую, Даўжанскую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Быхаўскім пав.), Дудзіцкую, Дукорскую, Кліноцкую, Магільнянскую (з 29.7.1920 у Нясвіжскім пав.), Навасёлкаўскую, Пагарэльскую, Пагосцкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Пярэжырскую, Пухавіцкую, Слабада-Пырашаўскую, Смілавіцкую, Уздзенскую (з 1.8.1923 у Мінскім пав.), Хутарскую (б. Юравіцкая), Цітвянскую, Шацкую, Якшыцкую. З 18.9.1923 у сувязі з перайменаваннем г.Ігумен у Чэрвень наз.Чэрвеньскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (?—1088),
царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл.Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял.кн.Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ФЕАДО́СІЯ ПЯЧЭ́РСКАГА»,
адзін з самых ранніх помнікаў стараж.рус. агіяграфічнай л-ры. Напісана каля 1091 Нестарам, надрукавана ў 1635 у «Патэрыконе...» С.Косава. У творы ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра пісьменнік-палеміст Феадосій паказаны як актыўны праціўнік феад. міжусобіц, імкненняў Візантыі падпарадкаваць свайму ўплыву Кіеўскую Русь. Дзейнасць Феадосія, які выкрываў своекарыслівасць і прагнасць манахаў, патрабаваў ад іх аскетычнага і працоўнага жыцця, ладу, імпанавала аўтару. Мова твора эмац. насычаная, лаканічная, ёсць дакладнае апісанне значных гіст. падзей, названы імёны многіх рэальных асоб. Твор быў шырока вядомы на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫІ́Л (свецкае Васкрасенскі Васіль Мікалаевіч; 1795 — 10.5.1868),
багаслоў, гісторык рус. філасофіі. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1820). У 1821 прыняў манаства і пераведзены ў Пецярбургскую духоўную акадэмію. З 1825 рэктар Арлоўскай, Магілёўскай семінарый, ігумен казанскага Зілантава манастыра. У 1835—50 прафесар Казанскага ун-та. Аўтар «Гісторыі філасофіі» (ч. 1—6, 1839—40), у якой на аснове помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці спрабаваў даць сістэматычнае тлумачэнне гісторыі рус. філасофіі. Лічыў, што кожны народ мае свой асаблівы характар і сваю філасофію, «больш ці менш навукападобную ці рассеяную ў паданнях, аповесцях. Павучаннях, вершах і рэлігіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СТ (свецкае Костка Ануфрый Стафанавіч; ? — 1850 або 1854),
беларускі летапісец. З сям’і святара. З 1791 вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, у езуіцкіх навучальных установах. Валодаў грэчаскай, лацінскай, польскай, рускай, беларускай мовамі. У 1801—04 настаўнік Невельскай духоўнай гімназіі. У 1802 пастрыжаны ў манахі, з 1803 святар. Быў скарбнікам, аканомам магілёўскага архірэйскага дома. У 1812 разам з архіепіскапам Варлаамам Шышацкім прысягаў Напалеону. У 1820—24 выкладаў у Полацку. З 1827 ігумен Магілёўскага брацкага манастыра. Аўтар «Запісак ігумена Арэста», якія з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу.