ІГНАТО́ЎСКІ (Усевалад Макаравіч) (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),
бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл.ЦКБел. сацыяліст грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл.ВРКБССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел.АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф.БДУ. Чл.ЦВК і Прэзідыума ЦВКБССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВКСССР у 1924, чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦККП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел.АН, 16.1.1931 пастановай ЦККП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.
Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.
Тв.:
Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;
Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд.Мн., 1928;
Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991.
Літ.:
Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час.Мн., 1991;
У.М.Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.М.Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ігнатоўскі У. М. 1/106, 179; 2/507; 4/188, 196, 357; 5/44, 110; 7/241; 10/308, 318; 12/408, 421
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК НАРО́ДНОГО КОМИССАРИА́ТА ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,
часопіс, орган Наркамата асветы БССР. Выдаваўся з кастр. 1921 да ліст. 1922 у Мінску на рус. мове, меў асобны аддзел на бел. мове. Пісаў пра ліквідацыю непісьменнасці, правядзенне школьнай рэформы, развіццё асветы, вышэйшай школы. Змяшчаў навук. і крытычныя артыкулы па пытаннях бел. гісторыі, культуры, л-ры, мовы. У часопісе друкаваліся З.Бядуля, У.Ігнатоўскі, Я.Карскі, Я.Колас, У.Пічэта і інш. Выйшла 14 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ДАПАМО́ГІ КАМПА́РТЫІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ пры ЦККП(б)Б, называлася таксама «закардоннае бюро». Дзейнічала з ліп. 1924 да 21.2.1925 у Мінску. Створана пры садзейнічанні прадстаўніцтва ЦК КПРП пры Выканкоме Камінтэрна для арганізацыі дапамогі КПЗБ. У розны час у яго ўваходзілі Я.А.Адамовіч, А.М.Асаткін-Уладзімірскі, У.М.Ігнатоўскі, А.І.Крыніцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), А.С.Славінскі, А.Р.Чарвякоў. Вяло перапіску па пытаннях паліт. і арганізац. характару з ЦККПЗБ, які знаходзіўся ў падполлі, аказвала дапамогу ў выданні падп. л-ры, рабоце друкарняў, фінансавала яго культ.-асв. дзейнасць, рыхтавала кадры для падп. работы ў Зах. Беларусі і інш. Скасавана паводле рашэння Бюро ЦККП(б)Б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА МЕ́НШЧЫНЫ,
культурна-асветная ўстанова ў 1919—20. Засн. 30.8.1919 у Мінску на базе школьнай камісіі Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Дзейнічала ва ўмовах польск. акупацыі. У прэзідыум рады ўваходзілі С.Рак-Міхайлоўскі (старшыня), У.Ігнатоўскі (нам. старшыні), Я.Шнаркевіч (сакратар), А.Смоліч, А.Данілевіч, Ч.Родзевіч, П.Дземідовіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел.навуч. устаноў Мінскай губ., стварала бел. школы і культ.-асв. гурткі, павятовыя і валасныя бел. школьныя рады, арганізавала ў Мінску і Слуцку бел. настаўніцкія курсы, стварыла камісію, якая склала і выдала навуч. праграму для малодшых класаў бел. школ, выдавала бел. падручнікі і дапаможнікі для школ. Стала асновай для стварэння Цэнтральнай беларускай шкальнай рады. Спыніла дзейнасць у ліп. 1920 з прыходам Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
бел. грамадска-паліт.арг-цыя ў 1917—19. Створана ў маі 1917 пры Мінскім настаўніцкім інстытуце, пераведзеным у г. Яраслаўль, на базе вучнёўскай арг-цыі эсэраўскага кірунку «Наш край». У пачатку дзейнасці арыентавалася на праграму Беларускай сацыялістычнай грамады, з чэрв. 1919 кіраўнік «М.Б.» У.М.Ігнатоўскі завочна выбраны ў склад яе ЦК. У 1917—18 падтрымлівала сувязь з Яраслаўскай беларускай радай, праводзіла культ.-асв. работу сярод бел. бежанцаў. Пасля вяртання ін-та ў Мінск у ліст. 1918 увайшла ў склад партыі бел. эсэраў (БПС-Р). Восенню 1919 выступала за ўзбр. барацьбу супраць польскіх акупантаў у саюзе з бальшавікамі. У снеж. 1919 большасць радыкальна настроеных членаў «М.Б.» выйшла з БПС-Р і ў студз. 1920 стварыла Беларускую камуністычную арганізацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (Адбылася 7—12.1.1929 у Мінску. Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязн. арг-цый) (аб’ядноўвалі больш за 10 тыс.чл.),
прадстаўнікі краязн. т-ваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі У.Ігнатоўскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Ляўданскі, М.Каспяровіч, І.Сербаў і інш. Вырашыла арганізац. пытанні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навуч. ўстановамі, справаздача Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК) і акр. т-ваў, змены ў статуце і выбары ЦБК, зацвярджэнне новых чл.-кар. ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэнне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязн. музеі, выдадзены чарговыя зб-кі краязн. прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісанні Асіповіцкага і Горацкага р-наў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выдання апісанні шэрагу нас. пунктаў. Праца канферэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацнення таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязн. даследаванняў, узмоцненае вывучэнне рэв. руху, новых рыс у побыце працоўных мас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс.чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.Смоліч, С.Некрашэвіч, М.Гарэцкі, І.Пятровіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, М.Мароз, М.Мялешка, Я.Дыла, Я.Ракаў, Д.Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ВРКБССР),
надзвычайны вышэйшы орган сав. улады на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1920. Утвораны ў Мінску на базе Мінскага губ.ВРК у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР ад 31.7.1920. У яго ўвайшлі А.Р.Чарвякоў (старшыня), А.І.Вайнштэйн, У.М.Ігнатоўскі, В.Г.Кнорын, А.М.Крыніцкі, І.Т.Смілга. Падпарадкоўваўся Рэв.ваен. савету Зах. фронту. Друк. органы — газ.«Савецкая Беларусь», «Известия военно-революционного комитета ССРБ», «Звезда» і пав. газеты. Асн. задачы: арганізацыя сав. улады на месцах, дапамога Чырв. Арміі, падрыхтоўка склікання з’ездаў Саветаў і выбары пастаянных органаў улады. Меў камісарыяты: ваенны, унутр. спраў, земляробства, фінансаў, харчавання, працы, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, сувязі, рабоча-сял. інспекцыі, савет нар. гаспадаркі і інш. У жн. ўлада ВРКБССР распаўсюджвалася на 21 павет Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., у кастр. пасля заканчэння сав.-польскай вайны — толькі на 6 паветаў Мінскай губ.ВРКБССР перадаў свае паўнамоцтвы Другому Усебеларускаму з’езду Саветаў (13—17.12.1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ.ВРК з шэрагам паліт. партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.Г.Кнорын, А.Р.Чарвякоў і І.Т.Смілга [ад КП(б)Літбел], А.М.Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.М.Ігнатоўскі (Бел.камуніст.арг-цыя), А.І.Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.