Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЁДЗІСТЫ ВАДАРО́Д,
неарганічнае злучэнне ёду з вадародам, НІ. Бясколерны ўдушлівы газ, дыміць у паветры, tкіп -35,36 °C, шчыльн. вадкага 2860 кг/м³ (-50,8 °C). Добра раствараецца ў вадзе, водны раствор НІ — ёдзіставадародная кіслата. Моцны аднаўляльнік. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ёду і вадароду пры 500 °C у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе і для атрымання ёдыдаў.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕНАВАДАРО́ДЫ,
хімічныя злучэнні галагенаў з вадародам, HX (X-F, Cl, Br, I). У звычайных умовах газы (акрамя фторыстага вадароду HF — бясколерная вадкасць) з рэзкім пахам, добра растваральныя ў вадзе. Водныя растворы галагенавадародаў — моцныя к-ты, акрамя раствору HF (к-та сярэдняй сілы). Гл. таксама Бромісты вадарод, Ёдзісты вадарод, Хлорысты вадарод.
т. 4, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁД (лац. Iodum),
I, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 53, ат. м. 126,9045, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 127І. У зямной кары 4∙10−5% па масе, уласныя мінералы (напр., ёдаргірыт AgI) сустракаюцца рэдка. Прамысл. колькасць Ё. маюць падземныя воды нафтавых і газавых радовішчаў (0,01—0,1 кг/м³), салетравых адкладаў (да 1%). Мікраэлемент неабходны для жыццядзейнасці жывёл і чалавека. Адкрыты ў 1811 франц. хімікам-тэхнолагам Б.Куртуа.
Ё. — чорна-фіялетавыя крышталі з метал бляскам, tпл 113,5 °C, шчыльн. 4940 кг/м³ (20 °C). Лёгка ўтварае фіялетавую пару (адсюль назва — грэч. iōdēs фіялетавы), пры награванні сублімуе. Раствараецца ў бензоле, этаноле, эфіры, серавугляродзе, водных растворах ёдыдаў металаў; дрэнна — у вадзе. З кіслародам, серай, азотам непасрэдна не рэагуе. З фторам, хлорам, бромам утварае міжгалагенныя злучэнні (напр., Ё. пентафтарыд IF5, цяжкая вадкасць, шчыльн. 3210 кг/м³, Ё. трыхларыд ICl3, жоўтыя крышталі, раскладаюцца пры 64 °C), з водным растворам аміяку — выбуховы ёдзісты азот NI3. Вядомы шэраг кіслародзмяшчальных злучэнняў Ё. (напр., пентааксід дыёду I2O5, бясколерныя крышталі, раскладаюцца пры 300 °C; ёднаватая кіслата і інш.). Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам (гл. Ёдзісты вадарод) і многімі металамі. Атрымліваюць з буравых вод акісленнем ёдыдаў хлорам. Выкарыстоўваюць для ёдыднага рафінавання металаў (тытану, цырконію і інш.), як каталізатар у арган. сінтэзе, у медыцыне як антысептык і антытырэоідны сродак, радыеактыўныя ізатопы (125I, 131I, 132I) для дыягностыкі і лячэння захворванняў шчытападобнай залозы. Атрутны, пара раздражняе слізістыя абалонкі, ГДК у паветры 1 мг/м³.
І.В.Боднар.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕ-АДНАЎЛЕ́ННЕ, акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі,
хімічныя рэакцыі, пры якіх адбываецца пераход электронаў ад атамаў, малекул ці іонаў аднаго злучэння да атамаў, малекул і іонаў другога. Паводле электроннай тэорыі акісленне вызначаецца як страта (напр., Zn-2e = Zn2+), а аднаўленне як далучэнне (напр., Cl2 + 2e = 2Cl–) электронаў. Рэчыва, якое далучае электроны, наз. акісляльнікам, а якое іх страчвае — аднавіцелем. Акісленне-аднаўленне ўзаемазвязаныя працэсы, якія адбываюцца адначасова: Zn + Cl2 = Zn Cl2 (Zn аднавіцель, акісляецца да Zn2+, а Cl2 акісляльнік, аднаўляецца да 2Cl–). Важнейшыя акісляльнікі: кісларод, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій і інш. Аднаўляльнікі: вугаль, вадарод, ёдзісты калій, аксід вугляроду і інш. Пры складанні ўраўненняў акіслення-аднаўлення ўлічваецца электраадмоўнасць атамаў (здольнасць атама ў малекуле прыцягваць і ўтрымліваць электроны) і акіслення ступень. Перамяшчэнне электронаў у акісленні-аднаўленні адбываецца за кошт розніцы энергій сувязі, у аднаўляльніку электроны звязаны слабей. Рэакцыямі акіслення-аднаўлення карыстаюцца пры атрыманні металаў і неметалаў, розных хім. прадуктаў (аміяку, азотнай і сернай кіслот і інш.), яны ляжаць у аснове гарэння ўсіх відаў паліва, карозіі металаў, электролізу раствораў і расплаваў, дзеяння хім. крыніц току. Уласціва біял. сістэмам (гл. ў арт. Акісленне біялагічнае, Фотасінтэз).
т. 1, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)