ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКІ РАЁН.
На ПдУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,2 тыс.км². Нас. 13,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 43,4%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Краснаполле. 102 сельскія нас. пункты. Краснапольскі пасялковы Савет і 6 сельсаветаў: Высакаборскі, Горскі, Мхініцкі, Сідараўскі, Тур’яўскі, Яноўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1986 у зоне радыяцыйнага кантролю, 10 вёсак пахаваны, 107 адселены.
Усх. ч. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны, астатняя — Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 90% тэрыторыі на выш. 160—190 м, найвыш. пункт 192 м (на Пд раёна каля в Стайкі). Карысныя выкапні: торф, мел, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -7,6 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. У раёне пачынаюцца і цякуць прытокі р. Сож — Галуба, Ельня, Жавуніца, Кляпінка, Покаць, Сянна (з Тур’яй), Якушоўка, прытокі р. Беседзь — Палуж (з прытокамі Куракоўка і Горанка), Каўпіта (з прытокамі Бярлянка і Казелька). На ПдУ — вадасх. Палужскае. Глебы дзярнова-падзолістыя (49,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,9%), дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,4%). Пад лесам 53,3% тэр. раёна. Лясы ў асноўным на Пн, пераважна хваёвыя і бярозавыя, 19,8% з іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 4,4% тэрыторыі. Помнікі прыроды мясц. значэння: «Ясянёвы гай» у в. Горы і дэндрасад «Іванаў хутар» каля в. Палуж.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 44,5 тыс.га, з іх асушаных 12 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 1 саўгас, 1 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (малочныя, хлебныя вырабы), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Райцэнтр аўтадарогамі звязаны з гарадамі Касцюковічы, Магілёў, Чэрыкаў, Чачэрск. У раёне 8 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 13 дашкольных устаноў, 10 дамоў культуры, 13 клубаў, 22 б-кі, бальніца, паліклініка, 7 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: царква Дзмітрыя Растоўскага ў в. Выдранка (канец 19 — пач. 20 ст.). Выдаецца газ. «Голас Краснапольшчыны».