паветраныя масы, якія фарміруюцца над мацерыком пад уздзеяннем подсцільнай паверхні сушы. Характарызуюцца паніжанай вільготнасцю, пераважна слабымі вятрамі, ясным надвор’ем з нізкімі т-рамі зімою (да -35, -40 °C) і цёплымі летам (да 30, 35 °C). Летам яны цяплейшыя, зімою халаднейшыя за марскія. З аддаленасцю ад мора кантынентальнасць павялічваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́КА БУ́РЫ, вока тайфуну,
вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКЛІ́МАТ (ад мікра... + клімат),
клімат прыземнага слоя паветра на параўнальна невял. тэрыторыі (лясная паляна, бераг ракі, плошча горада і інш.). Уласцівасці М. (у большай ступені, чым мясцовага клімату) залежаць ад рэльефу, расліннасці, стану глебы, наяўнасці вадаёмаў, характару забудовы (у гарадах) і інш.; найб. яго асаблівасці выяўляюцца пры ясным ціхім надвор’і і згладжваюцца пры пахмурным і ветраным. М. наз. таксама штучна створаныя кліматычныя ўмовы ў закрытых памяшканнях (жылых і вытворчых) для аховы ад неспрыяльных знешніх уздзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́АРАНДЗІ ((Vaarandi) Дэбора) (н. 1.10.1916, г. Выру, Эстонія),
эстонская паэтэса. Нар. пісьменніца Эстоніі (1971). У 1936—40 вучылася ў Тартускім ун-це. Друкуецца з 1940. Першы зб. «Пад палаючым небам» (1945) пра падзеі Вял.Айч. вайны. У зб-ках паэзіі «Пад шум прыбою» (1948), «Ясным ранкам» (1950) гіст. мінулае і пасляваенны перыяд аднаўлення краіны. Актуальнасцю, шматграннасцю тэматыкі, высокім паэтычным майстэрствам адметныя зб-кі «Летуценнік ля вакна» (1959), «Хлеб прыбярэжных раўнін» (1965), «Пры святле ветру» (1977) і інш. Паэзіі Ваарандзі ўласцівы асацыятыўная вобразнасць, філасафічнасць, напружаная эмацыянальнасць. Выступае як публіцыст. Дзярж. прэміі Эстоніі 1950, 1965. Пераклала на эст. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову творы Ваарандзі перакладаў А.Вярцінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ ЗЯМЛІ́, уласнае выпрамяненне зямной паверхні, зямная радыяцыя,
электрамагнітнае выпрамяненне зямной паверхні, састаўная частка радыяцыйнага балансу паверхні Зямлі. Колькасная характарыстыка выпрамянення Зямлі залежыць ад абс. т-ры паверхні Зямлі, якая знаходзіцца прыблізна ў межах ад -83 °C да +77 °C. Пры гэтых т-рах выпрамяненне Зямлі ідзе практычна ў дыяпазоне даўжыні хваль 4—120 мкм (макс. пры 10—15 мкм), накіравана ўгару, і амаль цалкам паглынаецца атмасферай. Зямная паверхня выпраменьвае як шэрае цела з адносным каэф. выпрамянення 0,95. Пры т-ры 15 °C выпрамяненне Зямлі складае 0,38 кВт/м², што магло б прывесці да моцнага ахалоджвання Зямлі, чаго не адбываецца дзякуючы існаванню сустрэчнага атмасфернага выпрамянення, а ўдзень і сонечнай радыяцыі. Розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атм. выпрамяненнем наз.эфектыўным выпрамяненнем, яно і абумоўлівае радыяцыйнае ахалоджванне зямной паверхні ноччу, асабліва пры ясным небе, калі могуць узнікаць туман, раса або шэрань пры замаразках. У цёплую пару года ва ўмераных шыротах выпрамяненне Зямлі за суткі меншае, чым кампенсуючыя яго сустрэчныя патокі выпрамянення, і зямная паверхня награваецца, зімой — наадварот. На Беларусі сярэднямесячныя значэнні выпрамянення Зямлі складаюць (Мінск): студз. 730, люты 675, сак. 775, крас. 870, май 1020, чэрв. 1075, ліп. 1110, жн. 1080, вер. 960, кастр. 900, ліст. 800, снеж. 775 Мдж/м.
рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Нар.арт. Рэспублікі (1922). Вучань М.Рымскага-Корсакава (кампазіцыя). З 1888 выступаў як дырыжор у Расіі і за мяжой. З 1899 праф., у 1905—28 дырэктар Пецярбургскай кансерваторыі. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Рус.сімф.т-ва ў Вялікабрытаніі (1906), ганаровы д-р Кембрыджскага і Оксфардскага ун-таў (1907), ганаровы чл.Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1914), чл.Муз. акадэміі ў Стакгольме (1929). Найб. плённа працаваў у жанрах сімф. музыкі. Паслядоўнік традыцый «Магутнай кучкі» і П.Чайкоўскага, ён аб’яднаў у сваёй творчасці элементы лірыка-эпічнага і лірыка-драм. сімфанізму. Зрабіў істотны ўклад у сімфанізацыю балетнага жанру. Яго творы вылучаюцца рэльефнасцю тэм, поўным і ясным гучаннем аркестра, майстэрскім выкарыстаннем поліфанічнай тэхнікі (адначасовае гучанне розных тэм, спалучэнне імітацыйнага і варыяцыйнага развіцця). Сярод твораў: балеты «Раймонда» (паст. 1898), «Паненка-служанка, або Выпрабаванне Даміса» і «Поры года» (паст. 1900); кантаты; 8 сімфоній (1881—1906), у т. л. 1-я (у скерца выкарыстаны матыў бел.нар. танца «Мікіта»), найб. значныя 4-я, 1893; 5-я, 1895; 6-я, 1896; 7-я, 1902; 8-я, 1906; 7 сюіт, у т. л. «З сярэдніх вякоў» (1902); 5 уверцюр, у т. л. 2 на грэч. тэмы (1882, 1884); сімф. паэма «Сценька Разін» (1885), «Фінская фантазія» (1909); «Руская фантазія» для Велікарус. аркестра (1906); канцэрты з арк. — 2 для фп. (1910, 1917), для скрыпкі (1904), для віяланчэлі (1931), для саксафона (1931); 7 стр. квартэтаў; творы для фп., для аргана; хары а капэла; рамансы і песні; апрацоўкі рус., чэш., грэч. гімнаў і песень; музыка да драм. спектакляў. У 1885—1903 штогод адзначаўся Глінкаўскімі прэміямі.
Літ. тв.: Избранное: Письма, статьи, воспоминания. М., 1958.
Літ.:
Федорова Г.П. Глазунов. 2 изд. М., 1961;
Глазунов: Исследования. Материалы. Публикации. Письма. Т. 1—2. Л., 1959—60;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),
з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.
Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз.балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.
Літ.:
Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.