РУДЭ́НКА (Бэла Андрэеўна) (н. 18.8.1933, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),
украінская і расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар.арт.СССР (1960). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1956). З 1956 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета, у 1973—88 — Вял.т-ра ў Маскве, адначасова з 1977 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Валодае выдатнай вак. школай, чыстым, прыгожага цёплага тэмбру голасам, артыстызмам. Сярод партый: Венера («Энеіда» М.Лысенкі), Іолан, Ярына («Мілана», «Арсенал» Г.Майбарады), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Людміла («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Наташа Растова («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў (1957, Францыя). Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНКО́ (Васіль Пятровіч) (14.1.1902, с. Мінкаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 30.1.1989),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це нар. адукацыі (1929—31). Дэбютаваў у 1924. Пісаў апавяданні, нарысы (зб-кі «Улада на месцах», 1928; «Поўная чаша», 1950), аповесці («Ярына Чаркас», 1936; «Над Харол-ракой», 1949) і інш. Актуальнасцю тэматыкі вызначаліся сатыр. камедыі «Не называючы прозвішчаў» (1953), «Маўчаць забаронена» (1955), «На хутары ля Дзіканькі» (1958), «Жаніх з Аргенціны» (1960), «Камедыя з двума інфарктамі» (1967), «Яго вялікасць — каравай» (1979) і інш. Аўтар драм, аўтабіягр. аповесці «Мая Мінкаўка» (ч. 1—2, 1962—70), мемуараў «З пяром, як з ружжом» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ШКА (Андрэй Самойлавіч) (15.11. 1912, г. Абухаў Кіеўскай вобл. — 17.2.1970),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. адукацыі (1932). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1936), «Лірыка» (1938), «Жаваранкі» (1940), «Да бою ўставайце!» (1941), «За сінім морам» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Далёкія арбіты» (1962, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964), «Дарога пад яварамі» (1964, Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1964, Дзярж. прэмія СССР 1969), «Жнівень маёй душы» (1970) і інш., адметных тэматычным багаццем, глыбокім лірызмам, эмацыянальнасцю, патрыятычным гучаннем і філас. насычанасцю. Гісторыі Украіны прысвяціў паэмы «Ярына» (1938), «Кармалюк» (1940), «Дума пра казака Данілу» (1941), «Праметэй» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Тарас Шаўчэнка» (1961). Выступаў як літ. крытык (кн. «Думкі пра паэзію», 1959; «Слова пра паэта», 1960). Прапагандаваў бел. л-ру і культуру. Пераклаў на ўкр. мову кн. выбраных твораў Я.Купалы (зб. «Лірыка», 1967), асобныя творы П.Броўкі, А.Вялюгіна, А.Куляшова, П.Панчанкі, А.Русака, М.Танка. На бел. мову яго творы пераклалі Куляшоў (зб. «Запаветная крыніца», 1962), А.Астрэйка, М.Аўрамчык, А.Бачыла, Г.Бураўкін, Вялюгін, А.Грачанікаў, Л.Дайнека, С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак, М.Калачынскі, М.Машара, Р.Няхай, П.Прыходзька, М.Хведаровіч і інш.