«Праўда Яраслава» 9/189; 11/556
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ
(1155? — 7.3.1195),
князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).
А.В.Іоў.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ
(1112? — пасля 1127),
клечаскі (клецкі) князь. Сын Яраслава Святаполчыча. Клечаскі ўдзел атрымаў, верагодна, ад кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127 паводле загаду Мсціслава ў кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю ўдзельнічалі войскі Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародна, Вячаслава Яраславіча з Клечаска, якія былі накіраваны на Ізяслаўль (Заслаўе), горад быў імі захоплены і разрабаваны.
т. 4, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ Міхаіл Міхайлавіч
(15.9.1907, г. С.-Пецярбург — 21.7.1970),
савецкі антраполаг, археолаг і скульптар. Д-р гіст. н. (1956). У 1950—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Адкрыў і даследаваў верхнепалеалітычную стаянку Мальта (за 85 км ад Іркуцка, Расія). Распрацаваў метад узнаўлення твару чалавека па чэрапе і зрабіў рэканструкцыі прадстаўнікоў пітэкантрапаў, сінантрапаў, неандэртальцаў і інш. стараж. людзей, партрэты гіст. дзеячаў Яраслава Мудрага, Андрэя Багалюбскага, Івана Грознага, Цімура, Улугбека, Рудакі і інш. Метад Герасімава шырока выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Раскопки палеолитической стоянки в с. Мальте // Палеолит СССР. М.; Л., 1935;
Восстановление лица по черепу. М., 1955;
Люди каменного века. М., 1964.
т. 5, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БСКАЯ Надзея Аляксандраўна
(н. 3.2.1947, в. Стары Каўрай Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1975). У 1966—77 працавала на Украіне і ў Расіі. З 1977 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам вял. напаўнення, багатай і высакароднай тэмбравай афарбоўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслава («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня, Паміна («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Аіда, Леанора, Лізавета, Амелія («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска ў аднайм. операх Дж.Пучыні, Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1973).
А.А.Саламаха.
т. 5, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ
(? — 1044),
князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».
С.В.Тарасаў.
т. 3, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ Міхаіл Сяргеевіч
(29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),
дзеяч укр. нац.-вызв. руху, гісторык. Акад. АН Украіны (1924) і АН СССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ва ўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл. Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).
Тв.:
Очерк истории украинского народа. Киев, 1990.
С.Б.Каўн.
т. 5, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.
Л.У.Калядзінскі.
т. 4, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)