КАПІЕ́ВІЧ (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч

(1651, Міншчына — 23.9.1714),

бел. асветнік, перакладчык, кнігавыдавец. Вучыўся ў Слуцку. У дзевяцігадовым узросце вывезены з Беларусі ў Цвярскі край, адкуль уцёк у Маскву. Праз 6 гадоў вярнуўся на радзіму. Неўзабаве эмігрыраваў на Захад. З сярэдзіны 1660-х г. жыў у Галандыі. У 1697—98 пазнаёміўся там з рускім царом Пятром I, стаў прыхільнікам яго рэформ. Прапагандаваў свецкія навукі, садзейнічаў развіццю асветы і пашырэнню навук. ведаў у Расіі. У 1698—1706 пераклаў на рус. мову, склаў і выдаў каля 20 кніг: першыя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, арыфметыцы, вайск. і марской справах, лац. і рус. граматыцы, рус.-лац.-ням., рус.-лац.-галандскі і інш. слоўнікі, першую зорную карту (на рус. мове). Кнігі выдаваў у розных друкарнях, у т. л. ўласных (Амстэрдам і Капенгаген). У 1701 у Берліне, у 1704 у Капенгагене намагаўся наладзіць выпуск кніг для Расіі. Перапісваўся (перапіска зберагаецца ў АН Германіі) з Г.​Лейбніцам. Працаваў у 1707 у Маскве перакладчыкам у Пасольскім прыказе, з 1708 у Варшаве, потым зноў у Маскве.

Літ.:

Быкова Т.А. Книгоиздательская деятельность Ильи Копиевского и Яна Тесинга // Быкова Т.А., Гуревич М.М. Описание изданий, напечатанных кириллицей, 1689 — январь 1725 г. М.; Л., 1958.

Ю.​А.​Лабынцаў.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМАРДАШВІ́ЛІ (Мераб Канстанцінавіч) (15.9.1930, г. Горы, Грузія — 25.11.1990),

грузінскі і рас. філосаф. Д-р філас. н. (1970), праф. (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). У 1957—61, 1968—74 працаваў у час. «Вопросы философии», у 1961—66 у час. «Проблемы мира и социализма». З 1980 у Ін-це філасофіі АН Грузіі. У цэнтры яго філасофіі — ідэя свабоднай з’явы, або падзеі думкі, што можа адбывацца ў любой сферы чалавечай жыццядзейнасці, найперш у аспекце анталагічнай абароны трансцэндэнтальных асноў еўрап. культуры, выяўленых Р.Дэкартам і І.Кантам. Зыходзячы з апрыёрнасці ўмоў жыццёвага вопыту чалавека, падкрэсліваў немагчымасць адвольна і па жаданні назапашваць дадатковыя веды, паколькі жыццёвы час дыскрэтны. Сфармуляваў звязаны з самім фактам падзеі думкі апастэрыёрны падыход да аналізу падзеі ведаў або думкі. Паводле М., філосаф разважае не пра тое, што бачна, а пра тое, што бачна або пазнаецца ў той ступені, у якой маецца ўсведамленне бачнага або думка пра бачнае на ўзроўні рэфлексіі. Створаны фонд М., які выдае матэрыялы навук. чытанняў, прысвечаных М. («Конгеніяльнасць думкі», 1994; «Сустрэча з Дэкартам», 1996; «Зробленае і названае», 1998).

Тв.:

Классический и неклассический идеалы рациональности. Тбилиси, 1984;

Как я понимаю философию. 2 изд. М., 1992;

Картезианские размышления (январь 1981 г.). М., 1993;

Лекции о Прусте. М., 1995;

Стрела познания: Набросок естественноист. гносеологии. М., 1996;

Кантианские вариации. М., 1997;

Лекции по античной философии. М., 1997;

Эстетика Мышления. М., 1999;

Современная европейская философия, XX в. М., 1999.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)