Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСПЕРМІ́Я (ад полі... + сперма),
у раслін — апладненне яйцаклеткі і другаснага ядра зародкавага мяшка некалькімі (звычайна двума) сперміямі; у жывёл — пранікненне ў яйцо пры апладненні да некалькіх дзесяткаў сперматазоідаў. Пры фізіялагічнай П. (вядома ў членістаногіх — насякомыя, павукападобныя, і хордавых — акулавыя рыбы, хвастатыя земнаводныя, паўзуны, птушкі) у цытаплазме яйца галоўкі сперматазоідаў ператвараюцца ў мужчынскія прануклеусы. Адзін з іх злучаецца з жаночым прануклеусам і ўтварае ядро зіготы, а астатнія дэгенерыруюць. Пры паталагічнай П. (у фізіялагічна манаспермных жывёл, у т. л. млекакормячых) механізмы, што абараняюць яйцо ад пранікнення звышколькасных сперматазоідаў, аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. У выніку парушэнняў апладнення зародак звычайна гіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСКРЫ́ЛАЯ ГАГА́РКА (Piguinus impennis),
нелятаючая птушка сям. чысцікавых. Жыла на ўзбярэжжах Атлантычнага ак. Еўропы і Паўн. Амерыкі. На Атл. узбярэжжы ЗША даходзіла да Фларыды, у Еўропе — да прыбярэжных раёнаў Францыі і Паўд. Іспаніі; у ледавіковы перыяд жыла і на Пд Італіі. Апошняя пара бяскрылай гагаркі і іх яйцо знішчаны ў 1844 на в-ве Элдзі-Року каля паўд. ўзбярэжжа Ісландыі. Захаваліся шкуркі, шкілеты, тушкі і яйцы.
Даўж. да 75 см, маса да 5 кг. Падобная да пінгвіна. Афарбоўка цела зверху чорная, знізу белая. Наперадзе вачэй 2 вял. белыя плямы. Крылы недаразвітыя, дзюба шчыльная, вострая. Кармілася рыбай, несла 1 яйцо. Мела першагатунковы тлушч пад скурай, таму знішчана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К (ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),
спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́НІК, овы (ад лац. ovum яйцо),
арнаментальны матыў на капітэлях і карнізах іанічнага і карынфскага арх.ордэраў. Складаецца з яйцападобных выпукласцей, якія зрэзаны зверху, абрамлены валікамі і чаргуюцца са стральчатымі лістамі, павернутымі вастрыём уніз. Паверхня элементаў І. гладкая або аздоблена разьбой.