Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕяйца, сегментацыя яйца,
рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл.Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл.Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл.Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́СТУЛА (ад грэч. blastos зародак),
заключная стадыя драблення яйца, што завяршае цытатыпічны перыяд развіцця і прыводзіць да ўтварэння шматклетачнага аднаслойнага зародка. У сярэдзіне бластулы знаходзіцца бластацэль (поласць драблення, першасная поласць цела). Тып бластулы залежыць ад тыпу яйцаклеткі і спосабу драблення. Пры поўным раўнамерным драбленні яйца бластула мае форму пустога шара, абалонка якога складаецца з аднаго слоя клетак; пры частковым нераўнамерным драбленні ўтвараецца дыскабластула, пры спіральным бластула не мае поласці (стэрабластула). У млекакормячых і чалавека драбленне яйца завяршаецца ўзнікненнем бластацысты. Развіваючыся, бластула ператвараецца ў гаструлу.
Тыпы бластул: 1 — цэлабластула, 2 — стэра-бластула, 3 — дыскабластула; бл — бластамеры, ж — жаўток, б — бластацэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРО́ДАКу жывёл і чалавека, эмбрыён,
арганізм на першых стадыях развіцця (ад яйца да здольнасці самастойна жыць і перамяшчацца). Развіваецца з аплодненага яйца (зіготы) і жывіцца назапашанымі ў ім пажыўнымі рэчывамі (у птушак) ці за кошт матчынага арганізма (у млекакормячых жывёл і чалавека). У акушэрстве — арганізм чалавека на працягу першых 8 тыдняў ва ўлонні маці. У раслін — зачатак папарацепадобных і насенных раслін, пач. этап іх развіцця — антагенез. Гл. таксама Апладненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАЦЫ́СТА (ад бласта... + грэч. kystis пузыр),
бластадэрмічны пузырок, стадыя развіцця зародка млекакормячых жывёл і чалавека ў выніку драблення аплодненага яйца. Бластацыста — пузырок, запоўнены вадкасцю. Вонкава нагадвае бластулу млекакормячых, але адрозніваецца ад яе дыферэнцыроўкай груп клетак на трафабласт і эмбрыяпласт (зародкавы вузельчык). З зародкавага вузельчыка ўтвараюцца зародкавыя лісткі (эктадэрма, эндадэрма і мезадэрма), якія фарміруюць цела зародка. На стадыі бластацысты зародак перамяшчаецца па яйцаводзе ў поласць маткі, абалонка яйца разрываецца, што стварае ўмовы для імплантацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАМА́ТАЧНАЯ ЦЯЖА́РНАСЦЬ,
развіццё аплодненага яйца па-за маткай (у матачнай трубе, яечніку, брушной поласці). Прычыны: запаленчыя захворванні палавых органаў, пухліны, эндакрынныя захворванні, выкарыстанне гарманальных сродкаў, інфантылізм і інш. Часцей бывае трубная П.ц. (95—98%). Эктапічная цяжарнасць уключае ўсе віды П.ц. і матачную цяжарнасць з няправільнай лакалізацыяй плоднага яйца. Пры П.ц. звычайна (у 2—3 месяцы цяжарнасці) разрываецца ёмішча плода з вонкавым або небяспечным для жыцця ўнутр. крывацёкам (рэзкі боль жывата, зніжэнне артэрыяльнага ціску, непрытомнасць, шок). Асабліва небяспечны крывацёк развіваецца пры разрывах у шыйцы маткі, у рудыментарнай матцы. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАЦЫ́ДЫЙ (ад грэч. meirakidion хлопчык),
першая лічынкавая стадыя трэматодаў. Даўж. да 0,3 мм. Цела ўкрыта раснічкамі. Выходзіць з яйца ў вадзе, некат. час плавае, потым пранікае ў цела прамежкавага гаспадара (звычайна малюска) і ператвараецца ў спарацысту (першае паразітычнае партэнагенетычнае пакаленне). У монагенетычных смактуноў падобная лічынка — онкамірацыдый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАНАРАДЖЭ́ННЕ, вівіпарыя,
спосаб узнаўлення патомства, пры якім зародак развіваецца ў матчыным арганізме, атрымлівае непасрэдна ад яго пажыўныя рэчывы і нараджаецца ў выглядзе дзіцяняці або лічынкі, вызваленых ад абалонак яйца. Уласціва шэрагу беспазваночных (некат. кішачнаполасцевым, членістаногім, малюскам, чарвям), пазваночным (некат. рыбам, земнаводным, паўзунам, млекакормячым жывёлам) і чалавеку. Пра Ж. ў раслін гл.Жывародныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАВА́ТЫЯ (Squamata),
атрад паўзуноў. 3 падатр.: амфізбены, змеі і яшчаркі, больш за 6600 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў: вераценніца ломкая, вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка (занесена ў Чырв. кнігу Беларусі), яшчарка жывародная (Lacerta vivipara) і яшчарка порсткая (Lacerta agilis).
Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі і луской. Зубы прырослыя да сківічных касцей. Размнажаюцца яйца-жыванараджэннем або адкладваюць яйцы.