ДЫВЕРТЫ́КУЛ (ад лац. diverticulum дарога ў бок, адхіленне),

прыроджанае ці набытае выпучванне сценкі полага органа чалавека ў выглядзе мяшка. Найчасцей бывае Д. стрававода, мачавога пузыра, радзей — дванаццаціперснай кішкі, страўніка. Прыроджаны Д. звязаны з заганамі развіцця органа, набыты — з прычыны ціску з поласці органа на яго сценку. Можа развівацца пры хваробах суседніх органаў. Запаленне сценак Д. — дывертыкул і т (катаральны, язвавы, флегманозны; магчымы прабадзенні Д.). Лячэнне залежыць ад лакалізацыі і цячэння Д., іншы раз хірургічнае.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКТЫ́Т (ад грэч. prōktos задні праход, прамая кішка),

запаленне слізістай абалонкі прамой кішкі. Часцей бывае ў спалучэнні з запаленчымі зменамі інш. аддзелаў кішэчніка (напр., неспецыфічны язвавы каліт). Бывае П. банальнага характару (пастаяннае траўміраванне ў педэрастаў). Трэшчыны і кровазліцці ў слізістай абалонцы кішкі з’яўляюцца варотамі ВІЧ-інфекцыі і развіцця СНІДу. Прыкметы П.: адчуванне пякоты ў вобласці задняга праходу, частыя пазывы позывы* на стул, выдзяленні слізі, крыві. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Гл. таксама Практалогія.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНГІВІ́Т (ад лац. gingiva дзясна + ...іт),

запаленне дзясны. Бывае лакальны, генералізаваны, востры, хранічны або як вынік агульных захворванняў стрававальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Найчасцей сустракаецца гінгівіт катаральны (кроватачывасць дзясен пры ядзе і чыстцы зубоў). Гіпертрафічны гінгівіт праяўляецца як разрастанне дзясны вакол верхніх і ніжніх франтальных зубоў. Язвавы гінгівіт (дзясна ўкрываецца болькамі светла-шэрага ці жаўтаватага колеру) рэзка балючы. Пры генералізаваным гінгівіце пагаршаецца агульны стан хворага, павышаецца т-ра цела, узнікаюць галаўны боль, слабасць, бяссонніца, парушэнне апетыту, гніласны пах з рота і інш. Лячэнне накіравана на ліквідацыю асн. захворвання.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),

раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп. цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)