Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НЕЦ,
пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в.Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАЛО́ЦКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (псеўд. Антон, Тарас, Янка; 1903, в.Яглевічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. —6.11.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1927). З 1923 сакратар Косаўскага райкома, чл. Баранавіцкага, сакратар Брэсцкага, Пінскага акр. к-таў КПЗБ. З 1928 член ЦККПЗБ. Неаднойчы быў арыштаваны. На «працэсе 75-і» (1929) выступіў з прамовай у абарону палітыкі і тактыкі КПЗБ, засуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у СССР. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў сувязі з «пасламі ад КПЗБ» у польскім сейме П.Валошыным, С.Рак-Міхайлоўскім, Б.Тарашкевічам і расстраляны. Рэабілітаваны ў канцы 1980-х г.