мінерал групы палявых шпатаў падкласа каркасных сілікатаў (плагіяклазаў). Ізаморфная сумесь з 10—30% анартыту Ca[Al2Si2O8] і 70—90% альбіту Na[AlSi3O8]. Колер шэры ці з рознымі адценнямі. Бляск ад шклянога да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6. Шчыльн. 2,65 г/см³. Пародаўтваральны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Некаторыя выкарыстоўваюць як вырабныя камяні (месяцавы камень) і як ювелірны матэрыял (сонечны камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЕРЫ́Т (ад імя франц. геолага П.Л.А.Кардзье),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат магнію (Mg, Fe)2Al3[AlSi5O18]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя або масіўныя. Колер сінявата-шэры, фіялетавы, буры, часам бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Характэрны плеахраізм (дыхраіт). Паходжанне пераважна метамарфічнае, радзей магматычнае. На Беларусі трапляецца сярод гліназёмных гнейсаў жалезаруднай аколаўскай серыі ў асацыяцыі з сіліманітам, біятытам, кварцам, стаўралітам і плагіяклазам. Сыравіна для вырабу керамікі; празрыстыя сінія разнавіднасці — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (назва ад п-ва Лабрадор у Канадзе),
мінерал класа сілікатаў, падгрупы плагіяклазаў, алюмасілікат кальцыю і натрыю, (Ca, Na)[(Al, Si)AlSi2O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Зярністыя агрэгаты або правільныя пласціністыя крышталі, часта з падвоенымі зросткамі. Колер шэрых адценняў да чорнага, часам бясколерны. Характэрна ірызацыя ў ярка-блакітных, чырвона-карычневых, жоўтых, зялёных колерах. Бляск шкляны да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,7 г/см³. Паходжанне магматычнае. Пародаўтваральны мінерал, амаль поўнасцю складае лабрадарыт. На Беларусі трапляецца ў крышт. фундаменце ў складзе габра, дыябазаў, базальтаў валынскай серыі верхняга дакембрыю (Брэсцкая ўпадзіна). Выкарыстоўваецца як дэкар.-абліцовачны матэрыял, ірызуючыя «вочкі» — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІНЕ́ЛІ (італьян. spinella ад лац. spina шып, цярноўнік),
група мінералаў падкласа складаных аксідаў, для якіх характэрны шырокі ізамарфізм. Вылучаюць алюмашпінелі (уласна шпінель), ферышпінелі (магнетыт), хромшпінеліды, манганшпінелі (гаўсманіт), тытана- і ванадыяшпінелі. Утвараюць руды на жалеза, хром, марганец. Празрыстыя Ш. — ювелірныя камяні.
Шпінель.
Уласна шпінель (MgAl2O4) мае прымесі жалеза, цынку, марганцу, хрому, ванадыю і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае актаэдрычныя крышталі, сплошчаныя двайнікі зрастання (па т.зв. шпінелевым законе), радзей двайнікі прарастання. Паводле саставу і афарбоўкі вылучаюць высакародную шпінель (рубінавая, вогненна-чырвоная), сапфіравую (блакітная да сіняй), хлорашпінель (травяна- і аліўкава-зялёная); плеанаст, або цэйланіт (непразрыстая шэра-зялёная да чорнай) і інш. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 8. Шчыльн. 3,6—3,7 г/см³. Утвараецца пры метамарфізме, намнажаецца ў россыпах. Высакародная шпінель — ювелірны камень 3-га парадку, здабываецца з алювіяльных россыпаў М’янмы, в-ва Шры-Ланка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІГРА́НЬ (італьян. filigrana ад лац. filum нітка+granum зерне),
1) скань, від ювелірнай тэхнікі; ювелірны выраб з тонкага залатога, сярэбранага ці меднага дроту. Бывае ажурная і фонавая (напайная). Ажурная Ф. (плоская і аб’ёмная) складаецца са спаяных паміж сабой драцяных элементаў; фонавая бывае глухая (напайванне ўзору на ліставы метал) і прасечная (высячэнне ці выпілоўванне фону пасля прыпайвання ўзору). Часта спалучаецца з чаканкай, зярненнем, эмалямі. Вядома са старажытнасці ў краінах Усходу, Еўропы, Сярэдняй Азіі, у Расіі з 12 ст. На Беларусі тэхніка Ф. вядома з 11—13 ст. (выраб лунніц, колтаў, пярсцёнкаў, бранзалетаў, скроневых кольцаў і інш.). Пашырылася ў 16—18 ст. У 17 ст.бел. майстры працавалі ў Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, дзе ў тэхніцы Ф. выраблялі царк. начынне, посуд, ювелірныя ўпрыгожанні. У тэхніцы Ф. вядомы вырабы В.Калістратава, А.Карніенкі, Ю.Любімава, Р.Навіцкага, Г.Наркевіча і інш. майстроў ф-к маст. вырабаў.
2) Накладныя метал. аздобы пераплёту кнігі.
3) Тое, што вадзяныя знакі.
Я.М.Сахута.
Да арт.Філігрань. Залатое ўпрыгожанне адзення. Кветка лотаса. Сярэдняя Азія. 13—14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti), Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti),
дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.