ШПІНЕ́ЛІ (італьян. spinella ад лац. spina шып, цярноўнік),

група мінералаў падкласа складаных аксідаў, для якіх характэрны шырокі ізамарфізм. Вылучаюць алюмашпінелі (уласна шпінель), ферышпінелі (магнетыт), хромшпінеліды, манганшпінелі (гаўсманіт), тытана- і ванадыяшпінелі. Утвараюць руды на жалеза, хром, марганец. Празрыстыя Ш. — ювелірныя камяні.

Шпінель.

Уласна шпінель (MgAl2O4) мае прымесі жалеза, цынку, марганцу, хрому, ванадыю і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае актаэдрычныя крышталі, сплошчаныя двайнікі зрастання (па т.зв. шпінелевым законе), радзей двайнікі прарастання. Паводле саставу і афарбоўкі вылучаюць высакародную шпінель (рубінавая, вогненна-чырвоная), сапфіравую (блакітная да сіняй), хлорашпінель (травяна- і аліўкава-зялёная); плеанаст, або цэйланіт (непразрыстая шэра-зялёная да чорнай) і інш. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 8. Шчыльн. 3,6—3,7 г/см³. Утвараецца пры метамарфізме, намнажаецца ў россыпах. Высакародная шпінель — ювелірны камень 3-га парадку, здабываецца з алювіяльных россыпаў М’янмы, в-ва Шры-Ланка.

т. 17, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)