НАВУМО́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 29.10.1943, в. Баўцічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Канд. філал. н. (1974), дац. (1981). Настаўнічаў, працаваў на камсамольскай рабоце. З 1973 у БДУ. Друкуецца з 1964. Аповесць «Узаранае поле» (1968) пра камсамольскіх работнікаў, кн. прозы «Такое бывае аднойчы» (1982) пра студэнцкае жыццё і каханне. Распрацоўвае маральна-этычныя праблемы бел. л-ры, этычна-канцэптуальныя асновы бел. прозы 1960—80-х г., дзейнасць «Маладняка» (манаграфія «Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка», 1984): Сааўтар падручніка «Беларусазнаўства» (1998). Склаў зб-кі «Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа і развіццё славянскіх моў і літаратур» (1982), «Творчая і метадычная спадчына Якуба Коласа» (1992), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура: Проза 20-х гг.» (1996).

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРО́ І ЗЛО,

нарматыўна-ацэначныя катэгорыі, якія ўвасабляюць адну з найб. фундаментальных праблем філасофіі, этыкі і рэлігіі — раздзяленне і супрацьпастаўленне маральна-пазітыўнага і этычна-адмоўнага ва ўчынках і матывах дзейнасці людзей, у з’явах сац. рэчаіснасці. Умоўна вылучаюць: канвенцыянальны тып дабра і зла, паводле якога прынцыпы добразычлівасці і ліхадзейства залежаць ад канкрэтнага жыццёвага, сац. і канфесійнага вопыту і ад умоў сац.-прыроднага асяроддзя, цывілізавана-культ. развіцця чалавека і грамадства; анталагічны, які зыходзіць з таго, што дабро і зло ўкаранёны ў самой структуры рэчаіснасці ці нараджаюцца абсалютным пачаткам сусвету; інтуітыўна-апрыёрны, паводле якога дабро і зло ёсць фундаментальныя інтуіцыі альбо прыроджаныя ідэі індывід. свядомасці і ў такой сваёй якасці не падлягаюць рацыянальнай рэфлексіі і канцэптуальна-тэарэт. абгрунтаванню.

Філас. асэнсаванне праблем дабра і зла пачалося ў стараж. Індыі, Кітаі, Грэцыі. Сакрат лічыў асн. сродкам супраць зла веды, Платон сцвярджаў, што дабро належыць да свету вечных ідэй, а зло — да ўсяго зменлівага, Арыстоцель надаваў дабру і злу статус найважнейшых этычных катэгорый. Гэтыя ідэі развіты ў творах Б.​Спінозы, Вальтэра, Д.​Дзідро, Г.​Гегеля, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ і інш. філосафаў 17—18 ст. Найб. значны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі зрабіў І.​Кант, які сцвярджаў магчымасць перамогі дабра над злом. Філас.-этычную праблематыку дабра і зла распрацоўвалі бел. мысліцелі М.​Гусоўскі, М.​Цішкевіч, Ф.​Скарына, А.​Волан, С.​Будны, С.​Лован, С.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.​Нарбут, Г.​Каніскі, К.​Каліноўскі, Я.​Лучына, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч і інш.

Рэліг. варыянт асэнсавання дабра і зла зыходзіць з першаснасці боскага дабра, з наперадустаноўленай гармоніі сусветных і чалавечых першаасноў, разбураных грэхападзеннем. У хрысціянстве чалавек традыцыйна прадстае як носьбіт двух першаасноў: плоць імкнецца да зла, дух — да дабра. Выбар у карысць дабра сведчыць аб адзінстве з хрысц. супольнасцю праведных і пачатак індывід. выратавання, што і ўвасабляе сабой кардынальны сэнсавы матыў гіст. працэсу развіцця асобы і грамадства.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)