Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЙЗІ ((Doisy) Эдуард Адэлберт) (13.11.1893, г. Хума, штат Ілінойс, ЗША — 23.10.1986),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1938). Скончыў Ілінойскі ун-т (1914). Д-р філасофіі (1920), праф. (1923). У 1914—17 працаваў у Гарвардскай мед. школе, з 1919 у Вашынгтонскім ун-це, у 1923—65 — у мед. школе пры Ун-це ў Сент-Луісе. Навук. працы па вывучэнні структуры вітамінаў і гармонаў. Вылучыў у крышталічнай форме жан. палавыя гармоны эстрон (1929) і эстрадыёл (1936). Адкрыў хім. структуру вітаміну K, ідэнтыфікаваў K1 і K2, сінтэзаваў вітамін K1 (1939). Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Г.Дамам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНА́ЛЬНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫ,
рэчывы, якія маюць у сабе гармоны або іх сінт. аналагі і ўжываюцца для гармонатэрапіі. Атрымліваюць іх з залоз унутр. сакрэцыі жывёл або сінтэтычна. Па хім. будове належаць да бялковых ці пептыдных рэчываў (прэпараты гармонаў гіпаталамуса, гіпофіза, парашчытападобнай і падстраўнікавай залоз), вытворных амінакіслот (прэпараты шчытападобнай залозы), стэроідных злучэнняў (прэпараты кары наднырачнікаў і палавых залоз).
Гарманальныя прэпараты гіпаталамуса і гіпофіза — кортыкатрапін, які стымулюе дзейнасць кары наднырачнікаў, самататрапін — рост арганізма, тыратрапін — сакрэцыю гармонаў шчытападобнай залозы, саматастацін прыгнечвае выпрацоўку гармону росту, лактын павялічвае выдзяленне малака малочнымі залозамі пасля родаў, ганадатрапін стымулюе функцыю палавых залоз, аксітацын, пітуітрын — мускулатуру маткі, вазапрэсін — гладкую мускулатуру. Гарманальныя прэпараты шчытападобнай і парашчытападобнай залозы (тырэаідзін, тыратаксін, паратырэаідзін) назначаюць пры недастатковай функцыі гэтых залоз; кальцытацын рэгулюе абмен кальцыю. Гарманальныя прэпараты падстраўнікавай залозы — інсулін ужываюць пры цукр. дыябеце. Гарманальныя прэпараты кары наднырачнікаў — глюкакартыкоіды (гідракартызон, прэднізалон, дэксаметазон) рэгулююць функцыі наднырачнікаў, маюць процізапаленчыя і проціалергічныя ўласцівасці, мінералакартыкоіды назначаюць пры Адысонавай хваробе. Гарманальныя прэпараты жаночых палавых залоз — эстрагены (эстрадыёл, сінестрол) ужываюць пры аменарэі, у клімактэрыяльны перыяд, гестагены (прагестэрон, прагнін) выкарыстоўваюць для прафілактыкі выкідышаў, пры парушэнні менструацыі. Гарманальныя прэпараты мужчынскіх палавых залоз (тэстастэрон) ужываюць пры функцыян. недастатковасці гэтых залоз. Гл. таксама Гармоны.