ЖАМЖУ́РАЎ (Міхаіл Леанідавіч) (н. 21.11.1956, Мінск),

бел. вучоны ў галіне ядз. тэхнікі і тэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1995). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1980). З 1980 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па дыягностыцы і радыяцыйна-тэхнал. кантролі стану рэактарных установак, тэхналогіі работ з адходамі дэзактывацыі. Распрацаваў комплекс метадаў для радыяцыйна-тэхнал. кантролю і сістэм ранняга прагназавання аварыйных сітуацый у ядз. тэхніцы.

Тв.:

Разработка методов КГО ТВС с матричным топливом и их применение при перегрузке энергетического ядерного реактора (разам з В.​А.​Лявадным, В.​В.​Бурносам) // Атомная энергия 1992. Т. 72, вып. 3;

Дезактивационные работы // Последствия Чернобыльской катастрофы в Республике Беларусь. Мн., 1996.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.2.1903, г. Тарашча Кіеўскай вобл., Украіна — 4.2.1994),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Адзін з заснавальнікаў сав. атамнай энергетыкі. Герой Сац. Працы (1954, 1960, 1973). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1960 дырэктар Ін-та атамнай энергіі імя Курчатава, у 1975—86 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і палімераў, ядз. і атамнай фізіцы. Распрацоўваў (у сааўт.) стат. тэорыю трываласці цвёрдых целаў. З 1946 працаваў над стварэннем ядз. рэактараў, у т. л. для атамнай энергетыкі і флоту; пад яго кіраўніцтвам створаны першы доследны вода-вадзяны рэактар (1948—54). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Атомная энергия и научно-технический прогресс. М., 1978;

Наука — стране. М., 1983.

Анатоль Пятровіч Аляксандраў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДА́К (Эдуард Аркадзевіч) (н. 18.3.1936, г. Віцебск),

бел. фізік. Д-р. фіз.-матэм. н. (1986). Сын А.​Дз.​Рудака. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1972 заг. лабараторыі). Навук. працы па ядз. спектраскапіі, вывучэнні структуры атамных ядраў і ядз. рэакцый пры нізкіх і сярэдніх энергіях, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Прапанаваў квантавамех. трактоўку механізму працякання ядз. рэакцый з утварэннем састаўнога ядра.

Тв.:

Спектры γ-лучей из реакции (n,γ) на изотопах ​50Cr, ​52Cr и ​53Cr (разам з Я.​І.​Фірсавым) // Ядерная физика. 1965. Т. 1, вып. 2;

Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК (разам з П.А.​М.​Напалеау) // Атомная энергия. 1998. Т. 85, вып. 3.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЙПУ́НСКІ (Аляксандр Ільіч) (7.12. 1903, с. Драглі, цяпер Польшча — 14.8.1972),

украінскі і расійскі фізік, стваральнік навук. школы фізікаў-ядзершчыкаў. Акад. АН Украіны (1934). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1926). З 1929 у Фізіка-тэхн. ін-це ў Харкаве (у 1932—37 дырэктар), з 1941 у Ін-це фізікі АН Украіны (у 1944—49 дырэктар). З 1952 у Фіз.-энергет. ін-це (г. Обнінск, Расія), адначасова з 1946 у Маскоўскім інж.-фіз. ін-це. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, ядз. тэхніцы. Разам з інш. ўпершыню ў СССР здзейсніў расшчапленне атамнага ядра паскоранымі часціцамі (1932). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ядз. рэактары-размнажальнікі на хуткіх нейтронах і даказана магчымасць расшыранага ўзнаўлення ў іх ядз. гаручага. Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

К 75-летию А.​И.​Лейпунского // Атомная энергия. 1978. Т. 45, вып. 5.

А.І.Ляйпунскі.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛІО́-КЮРЫ́ ((Joliot-Curie) Фрэдэрык) (19.3.1900, Парыж — 14.8.1958),

французскі фізік і грамадскі дзеяч; заснавальнік сусв. Руху прыхільнікаў міру. Чл. Парыжскай АН (1943), замежны чл. АН СССР (1949). Скончыў Школу фізікі і дастасавальнай хіміі ў Парыжы (1923). Працаваў у Ін-це радыю (1925—30 і з 1956), у Нац. цэнтры навук. даследаванняў (у 1944—45 дырэктар), у Камісарыяце па атамнай энергіі (заснавальнік і кіраўнік у 1946—50), адначасова выкладаў у Сарбоне і Калежы дэ Франс. Навук. працы па ядз. фізіцы, радыяхіміі і ядз. тэхніцы. Разам з жонкай І.Жаліо-Кюры адкрыў штучную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правёў даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Прадказаў прынцыповую магчымасць ланцуговай ядз. рэакцыі (1939). Пад яго кіраўніцтвам пачаты (1839) і завершаны (1948) работы па стварэнні першага франц. атамнага рэактара. Першы старшыня Сусв. Савета Міру (з 1950), выступаў супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Яго імем названы Залаты медаль Міру (1959). Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з І.​Жаліо-Кюры), Міжнар. Ленінская прэмія 1951.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. — Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.

Літ.:

Бикар П. Фредерик Жолио-Кюри и атомная энергия: Пер. с фр. М., 1962.

Ф.Жаліо-Кюры.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,

галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).

Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст. н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл. вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).

На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд. ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах. ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.

Літ.:

Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ. М., 1982;

Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.

Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)