АБ’ЯДНА́НЫ ІНСТЫТУ́Т ЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫХ І Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ «СО́СНЫ» Нацыянальнай АН Беларусі.
Створаны ў 2002 у пас. Сосны пад Мінскам. Ў склад яго ўвайшлі Цэнтр ядзерных тэхналогій «Сосны», Інстытут праблем энергетыкі, Інстытут радыяцыйных фізіка-хімічных праблем, Інстытут радыеэкалагічных праблем, інж.-тэхн. прадпрыемства «ІТЦ—Сосны».
Асн. навук. кірункі: энергапланаванне, энергет. бяспека; выкарыстанне другасных энергарэсурсаў, тэхналогія і стратэгія выкарыстання нетрадыц. і аднаўляльных крыніц энергіі, у т. л. на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях; стварэнне тэорыі, метадаў і сродкаў забеспячэння радыяцыйна-экалагічнай бяспекі насельніцтва пры аварыях і тэхнагенных катастрофах; распрацоўка ядз. рэактараў з шаравымі мікрацвэламі, забеспячэнне надзейнасці АЭС новага пакалення; даследаванні па фізіцы і хіміі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, ядз. фізіцы і радыяцыйных тэхналогіях. У ін-це 23 лабараторыі, аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый. Вынікі даследаванняў: створаны доследны ўзор перасоўнай атамнай станцыі «Памір-630Д», спраектавана АЭС магутнасцю 300 МВт з рэактарам на хуткіх нейтронах, што ахаладжаюцца нітрынам (БРІГ-300); распрацавана фіз.-матэм. забеспячэнне праектавання рэактараў высокай і звышвысокай удзельнай магутнасці на аснове шаравых мікрацвэлаў; створаны Нац. эталон адзінак вымярэння колькасці цеплаты; аўтаматызаваныя сістэмы прамяністага забеспячэння тэмпературных умоў у лячэбных установах і цэхах прыладабуд. прадпрыемстваў; кампактныя катлы-утылізатары для выкарыстання скідавага цяпла прамысл. прадпрыемстваў. Распрацавана канцэпцыя энергет. бяспекі Рэспублікі Беларусь і навук. асновы нац. стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. У ін-це працавалі акад. Нац. АН Беларусі А.К.Красін (заснавальнік Ін-та ядз. энергетыкі), А.А.Міхалевіч, чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, Л.І.Калыхан, В.Б.Несцярэнка, І.І.Саламатаў.
В.П.Колас.
т. 18, кн. 1, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎРА (ад грэч. aura веянне, подых ветрыку),
1) стан, які папярэднічае прыступам эпілепсіі, істэрыі і да т.п.
2) Паводле акультных, парапсіхалагічных уяўленняў сукупнасць энергетычных выпрамяненняў, якія ўтвараюць біяполе чалавека. У пераносным сэнсе — настрой, клімат, атмасфера, што пануюць у якім-н. асяроддзі.
т. 2, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛПАВЫ ВЫ́КІД,
адначасовы канцэнтраваны выкід значнай колькасці забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе; аварыйны выкід. Выкарыстоўваўся прадпрыемствамі з устарэлымі сістэмамі ачышчальных збудаванняў наўмысна, напр., на буйных вадатоках у час паводкі (з мэтай хуткага разбаўлення сцёкаў). Прычыняе ўрон прыродзе, рэзка парушае колькасныя і якасныя суадносіны асн. матэрыяльна-энергетычных кампанентаў асяроддзя (вод, глеб, энергіі, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш.).
т. 6, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ І А́ТАМНЫЯ ПУЧКІ,
накіраваныя патокі малекул або атамаў у вакууме, якія рухаюцца амаль без сутыкненняў аднаго з адным. Адсутнасць міжмалекулярных узаемадзеянняў у пучках дазваляе назіраць звыштонкую структуру спектраў, абумоўленую ядз. магн. і эл. квадрупольным момантамі, радыяцыйнымі зрушэннямі энергетычных узроўняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў малекулярных генератарах, а таксама для даследаванняў структуры малекул і атамаў па спектрах выпрамянення ці паглынання ў аптычным і радыёдыяпазоне.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЕ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
сукупнасць устройстваў і механізмаў для атрымання вадзяной пары або гарачай вады за кошт цеплыні згарання паліва. Складаецца з котлаагрэгата і дапаможнага абсталявання (цягадуццёвыя прыстасаванні, газа- і паветраправоды, трубаправоды пары і вады з арматурай і інш.). У склад К.ў. малой магутнасці ўваходзяць сілкавальная помпа з арматурай і прыстасаванні водападрыхтоўкі.
К.ў. размяшчаюцца ў асобных будынках або памяшканнях — кацельнях (энергетычных на ЦЭС, вытворчых, вытворча-ацяпляльных і ацяпляльных).
т. 8, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́БІН Уладзімір Мартынавіч (н. 12.9.1940, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне цепла- і масаабмену. Д-р тэхн. н. (1991), дацэнт (1979). Скончыў Тульскі політэхн. ін-т (1965). З 1969 у Бел. тэхнал. ін-це, з 1988 у Медыка-біятэхнал. НДІ, з 1994 на выкладчыцкай рабоце. Навук. працы па гідрадынаміцы і цепламасаабмене ў адна- і двухфазных патоках вадкасцей пры даследаванні энергетычных, хіміка-тэхнал. і мікрабіялагічных працэсаў і іх матэм. апісанні пры дапамозе дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі.
Тв.:
Тепломассообмен в пленочных течениях при осложненных условиях: (Приближ. методы расчета). Мн., 1994.
т. 15, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРОНВО́ЛЬТ,
пазасістэмная адзінка энергіі. Выкарыстоўваецца ў атамнай і ядз. фізіцы для вызначэння энергіі элементарных часціц або энергетычных узроўняў у атамах і малекулах.
Э. роўны энергіі, якую набывае часціца з зарадам элементарным пры паскарэнні яе электрычным полем з рознасцю патэнцыялаў 1 В. Абазначаецца эВ. 1 эВ = 1,60219∙10−19 Дж. Кратныя адзінкі: кілаэлектронвольт (1 кэВ = 103 эВ), мегаэлектронвольт (1 МэВ = 106 эВ) і гігаэлектронвольт (1 ГэВ = 109 эВ). Э. выкарыстоўваецца і для вызначэння масы элементарных часціц (гл. Атамная адзінка энергіі).
т. 18, кн. 1, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДЗЕРНАЯ ФІЗІКА
Станаўленне ядзернай фізікі на Беларусі адбывалася ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. пад кіраўніцтвам акадэмікаў АН Беларусі М.А.Барысевіча, А.Н.Сеўчанкі і Ф.І.Фёдарава. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел. нац. тэхн. ун-це і інш. Асн. кірункі фундаментальных даследаванняў — ядзерная спектраскапія і мадэлі атамных ядзер, ядзерныя рэакцыі пры нізкіх, сярэдніх і высокіх энергіях, ядзерна-фізічныя канстанты, ядзерная оптыка і квантавая пазітроніка, нейтронная фізіка і фізіка ядзерных рэактараў; у галіне прыкладных даследаванняў — доследныя і канструктарскія работы па стварэнні ядзерна-энергетычных установак з унікальнымі характарыстыкамі, дазіметрыя змяшаных η-γ-палёў, спектраметрыя α-, β- і γ-выпрамяненняў, распрацоўка і стварэнне шматкрышталёвых спектрометраў γ-γ-супадзенняў з вялікім рабочым аб’ёмам, нейтронна-актывацыйны аналіз, радыяцыйная фізіка паўправаднікоў і p-n-пераходаў, вывучэнне структурна-фазавых змен у цвёрдых целах пры іонна-прамянёвым легіраванні і іоннай імплантацыі і інш. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС у 1986 стымулявала развіццё на Беларусі сучаснага ядзернага прыладабудавання, складанне карт радыяцыйнага забруджвання тэр. Беларусі 90Sr, 137Cr і ізатопамі трансуранавых элементаў, разлік радыяцыйных характарыстык паліва і аварыйных выкідаў ядзерна-энергетычных установак, развіццё радыеэкалогіі, радыяцыйнай медыцыны і радыебіялогіі.
Літ.:
Чернобыльская катастрофа: Причины и последствия. Т. 3. Мн., 1992;
Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995;
Наполеау П.А.М., Рудак Э.А. Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК // Атомная энергия 1998. Т. 85, вып. 3.
Э.А.Рудак.
т. 18, кн. 2, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАО́ПТЫКА,
раздзел фізікі, які вывучае змены аптычных уласцівасцей рэчыва пад уздзеяннем магн. поля. Метады М. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях квантавых станаў рэчыва, адказных за аптычныя пераходы, спектраў электроннага парамагн. рэзанансу, фіз.-хім. структуры рэчыва, фазавых пераходаў і інш.
Пад уздзеяннем магн. поля ў рэчыве адбываецца расшчапленне энергетычных узроўняў атамаў (зняцце выраджэння) і адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява), узнікае падвойнае праменепераламленне ў аптычна ізатропным рэчыве (гл. Катона—Мутона эфект), пры распаўсюджванні святла ўздоўж магн. поля адбываецца вярчэнне яго плоскасці палярызацыі (гл. Фарадэя эфект), па-рознаму паглынаюцца хвалі з паралельнай і перпендыкулярнай полю лінейнымі палярызацыямі і інш.
т. 9, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВІ́НСКІ Антон Фёдаравіч (н. 13.3.1952, в. Краглі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1997), праф. (1999). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1972). З 1977 у Брэсцкім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па квантавай тэорыі фазавых ператварэнняў у сістэмах паўправаднік — метал і праваднік — звышправаднік. Распрацаваў методыку разліку на ЭВМ электронных энергетычных спектраў, параметраў электрон-фаноннага ўзаемадзеяння, тэрмадынамічных функцый паўправаднікоў і звышправаднікоў.
Тв.:
О корреляции между температурными зависимостями ширины запрещенной зоны и энтальпии полупроводниковых кристаллов // Физика и техника полупроводников. 1998. Т. 32, №9;
Квантовая теория динамики кристаллической решетки. Брест, 1998.
т. 13, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)