Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,
растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЭМА́ЛІ, нітрафарбы,
эмалевыяфарбы на аснове нітралакаў. Утвараюць дэкар. пакрыцці (напр., «малатковыя», з люстраным бляскам). Наносяць на слой алкіднай ці фенола-алейнай грунтоўкі (гл.Лакафарбавыя пакрыцці), пры пнеўматычным распыленні высыхаюць за 15—30 мін (пры пакаёвай т-ры). Выкарыстоўваюць для афарбоўкі металу (аўтамабілі, прыборы, станкі), дрэва (кухонная і мед. мэбля), тканіны і скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКАЯ ФІНІ́ФЦЬ,
вырабы з металу, дэкарыраваныя эмалямі (фініфцю) і размаляваныя празрыстымі вогнетрывалымі фарбамі; рускі нар.маст. промысел. Існуе з 18 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. Эмаллю запаўняюць дробныя выемкі ці паглыбленні, створаныя тонкімі метал. перагародкамі, або наносяць, як і размалёўку, суцэльным слоем. У 18—19 ст. у тэхніцы Р.ф. выраблялі пераважна абразкі, партрэты і пейзажы. У канцы 19 ст. промысел заняпаў, адроджаны ў 1920-я г. Сучасныя майстры ф-кі «Растоўская фініфць». (В.Салдатава, І.Салдатаў, А.Кокін, В.Горскі, А.Ціхаў, А.Хауноў) вырабляюць пудраніцы, куфэркі, кулоны, завушніцы, брошкі і інш. Акаймаваныя ажурнай філігранню са светлага, цёмнага ці пазалочанага серабра, эмалевыя ўстаўкі аздабляюць акварэльна-празрыстай размалёўкай у выглядзе кветак, пейзажаў, мініяцюрных сюжэтных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ КА́ФЛЯ,
арх.-дэкар. кераміка 14—18 ст., выяўленая ў час археал. раскопак у Віцебску. Знойдзена больш за 3 тыс. фрагментаў. Адрозніваюць чырвона-гліняныя гаршковыя кафлі з крыжападобным (14—15 ст.) і з прамавугольным вусцем, арнаментаваным дном, пакрытым палівай (16 ст.); каробчатыя рэльефныя кафлі — тэракотавыя і мураўленыя (з зялёнай палівай, канец 16—17 ст.); каробчатыя эмалевыя размаляваныя кафлі (18 ст.).
На кафлях канца 16 — пач. 17 ст. пашыраны раслінны і геам. арнамент, геральдычныя матывы. Для віцебскай кафлі 2-й пал. 17 ст. характэрныя рамка па краі пласціны, запоўненая стылізаваным раслінным і геам. узорамі; «дывановы» від арнаменту (малюнак размяшчаўся на некалькіх пласцінах). У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся кафлі, пакрытыя пераважна сінімі і белымі эмалямі (зрэдку карычневымі) з геам. і раслінным арнаментам. У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся кафлі са шматколернай размалёўкай эмалямі на белым фоне. У канцы 18 ст. пераважалі гладкія белыя кафлі з вузкай рамкай па краі пласціны. Прыёмы вырабу віцебскай кафлі адпавядалі тагачаснаму еўрап. ўзроўню тэхналогіі. Некаторыя матывы арнаментацыі віцебскай кафлі сустракаюцца ў Літве, на Смаленшчыне і Пскоўшчыне. Калекцыі віцебскай кафлі знаходзяцца ў Віцебскім абл. краязнаўчым музеі і ў архіве Ін-та гісторыі АН Беларусі.
Літ.:
Левко О.Н. Витебские изразцы XIV—XVIII вв. Мн., 1981.
В.М.Ляўко.
Віцебская кафля: 1 — фрагмент паліванай кафлі з геральдычнай выявай; 2 — тэракотавая кафля з малюнкам дывановага тыпу; 3 — тэракотавая кафля (матыў букета); 4 — паліхромная кафля з малюнкам дывановага тыпу (усе 17 ст.); 5 — тэракотавая кафля з малюнкам дывановага тыпу (18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ,
унікальны твор старабел. эмальернага мастацтва, помнік пісьменства 12 ст.; рэліг. і духоўная святыня беларусаў. Зроблены ў 1161 полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай як каўчэг для захавання хрысц. рэліквій. Крыж 6-канцовы, выш. 51,8 см, даўж. верхняга перакрыжавання 14 см, ніжняга — 21 см, таўшчыня 2,5 см. Аснова з кіпарысавага дрэва, зверху і знізу пакрыта 21 залатой пласцінкай з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і 20 эмалевымі абразкамі, бакі абкладзены 20 сярэбранымі з пазалотай пласцінкамі, брыжы пярэдняга боку абведзены шнурком жэмчугу. Пласціны пярэдняга боку ўтвараюць іканапісную кампазіцыю — вял., або расшыраны, дэісус. На верхніх канцах крыжа паясныя выявы Хрыста, Маці Божай, Іаана Прадцечы. У цэнтры ніжняга перакрыжавання — 4 евангелісты, на канцах — архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе крыжа — патроны заказчыцы і яе бацькоў; св. Ефрасіння Александрыйская, Георгій і Софія. У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невял. 4-канцовы крыжык, у ніжнім — 6-канцовы. На адвароце выявы айцоў царквы Іаана Златавуста, Васіля Вялікага, Грыгора Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, св. Стафана, Дзмітрыя, Панцеляймона. З імі чаргуюцца эмалевыя арнаментальныя пласціны. Над кожным абразком часткова грэч., часткова слав. літарамі зроблены надпісы. У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі яго крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Маці Божай, часткі мошчаў св. Стафана і Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя. Унізе дробны надпіс з імем майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На баках крыжа па спіралі ў 2 рады зроблены вял. завяшчальны надпіс: «У лета 6669 кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да...40 грыўняў, і хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворную Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...» Захоўваўся (з перапынкамі) у Полацку. У 1921 крыж рэквізаваны. У 1929—41 зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1992 прынята рашэнне аб узнаўленні крыжа і створана навук.-кансультатыўная група, у склад якой уваходзілі бел. і рас. вучоныя. У 1997 брэсцкі мастак М.Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку.
Літ.:
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Крест — красота церкви: [История создания и воссоздания Креста преподобной Ефросинии Полоцкой]. Мн.. 1998.