Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБАЛО́ІД,
незамкнутая нецэнтральная паверхня другога парадку. Асн. віды — эліптычны і гіпербалічны П.
Лініі перасячэння гіпербалічнага П. з любымі магчымымі плоскасцямі — парабалы, гіпербалы і прамыя. Праз любы пункт такога П. праходзяць 2 прамалінейныя ўтваральныя (гл.Лінейчастая паверхня). Лініямі перасячэння эліптычнага П. з плоскасцямі з’яўляюцца эліпсы ці парабалы. Асобны выпадак такога П. — П. вярчэння, які можна атрымаць вярчэннем парабалы вакол яе восі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТу біялогіі,
адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін, займае бакавое становішча па восі парастка і выконвае функцыі фотасінтэзу, транспірацыі і газаабмену. Складаецца з ліставой пласцінкі і чаранка (калі яго няма, Л. наз. сядзячым). Зверху і знізу пакрыты эпідэрмай з кутыкулай, часам з разнастайнымі валаскамі. Пад эпідэрмай знаходзіцца некалькі слаёў зялёнай тканкі (хларэнхімы), дзе адбываюцца асн.фізіял. працэсы — фотасінтэз і дыханне раслін. Праводзячыя пучкі праходзяць па жылках Л.: па драўніне (ксілеме) ад каранёў паступае вада і раствораныя ў ёй пажыўныя рэчывы, па лубе (флаэме) у інш. органы адцякаюць прадукты фотасінтэзу. Памеры Л. пераважна 3—10 см, але бываюць да 20 м (некат. пальмы). Часам відазмяняюцца ў калючкі, вусікі, лускавінкі або рэдукуюцца. Адрозніваюць простыя (з адной пласцінкай) і складаныя (з некалькімі пласцінкамі, што размешчаны перыста ці пальчата на агульнай восі). Форма Л. — характэрная адзнака віду і адлюстроўвае прыстасаванасць да пэўных экалагічных умоў — вільготнасці, асвятлення і інш. Працяг жыцця — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (напр., у лаўра 3—4, у елкі Шрэнка да 30 гадоў). Лістапад бывае паступовым ці амаль адначасовым.